УЛАДЗІМІРУ КОЛАСУ – 60

Пра Уладзіміра Коласа, які ў гэтыя дні адзначае свой юбілей, можна сказаць адно: гэта прадстаўнік той не вельмі шматлікай часткі нашага сучаснага грамадства, якая па-старому называецца «інтэлігенцыя» і ў аснову ўсяго жыцця якой пакладзена паняцце каштоўнасцяў. Сярод такіх каштоўнасцяў я ў першую чаргу назваў бы любоў да свабоды, павагу да думак іншых людзей, непахісную веру ў выратавальную місію нацыянальнай культуры і мовы.

Уладзімір Колас прыйшоў на свет 22 верасня 1951 года ў Менску. Але калі б ён быў старэйшы на гадоў пяць, месцам яго нараджэння беларуская сталіца ніяк бы зрабіцца не змагла. Яго бацька, будучы вядомы тэатральны крытык і публіцыст Георгій Колас, яшчэ двухгадовым дзіцём, быў разам з бацькамі вывезены з роднай для яго Ігуменшчыны на спецпасяленне ў Комі-Пярмяцкую нацыянальную акругу, што на самым поўначы Расіі. З расповедаў сваіх дзеда і бабулі Уладзімір Колас запомніў жахлівую карціну: як шматдзетную сям’ю карнікі НКВД высадзілі з грузавіка проста ў тундры і далі загад… не паміраць адразу, а з наступнага дня выходзіць на працу. Старая сялянская загартоўка дапамагла ім не памерці. Але падзеі 30-х, першай паловы 40-х гадоў назаўсёды ўрэзаліся ў памяць Георгія Коласа. І абодва яго сыны – Уладзімір і Зміцер (сёння гэта вядомы беларускі выдавец, перакладчык, кавалер французскага ордэна «За заслугі перад культурай») – з самага дзяцінства выхоўваліся ў атмасферы, якую можна ахарактарызаваць як «пазбаўленне ад савецкіх ілюзій». Сям’я Георгія Коласа блізка сябравала з сем’ямі Валянціна Тараса, Навума Кісліка, іншых мінскіх інтэлігентаў, якія заўсёды захоўвалі крытычнае мысленне.

Закончыўшы звычайную менскую школу, Уладзімір Колас здолеў паступіць на вельмі прэстыжны ў свой час перакладчыцкі факультэт Менскага педынстытута замежных моў (аддзяленне французскай мовы). Размеркавання за мяжу – якое атрымлівалі іншыя аднакурснікі – не атрымаў: кантралёрам у цывільным падавалася занадта падазроным паходжанне новаспечанага перакладчыка з французскай і англійскай моў. Замест гэтага Уладзіміра Коласа чакала настаўніцкая праца ў маленькай вясковай школе на Талачыншчыне. Гэтая праца не была працяглай (Уладзімір Колас быў мабілізаваны на службу ў тагачасны т.зв. «Беларускі полк»), але першы каштоўны педагагічны досвед усё ж такі быў набыты. Пасля заканчэння вайсковай службы нерэалізаваныя датуль творчыя памкненні прывялі Уладзіміра Коласа на маскоўскія Вышэйшыя рэжысёрскія курсы, дзе ён займаўся ў класе вядомага расійскага рэжысёра Аляксандра Міты. Вярнуўшыся ў Менск, Уладзімір Колас атрымоўвае магчымасць працаваць на «Беларусьфільме». З’яўляюцца яго першыя фільмы, «Дрэвы на асфальце», «Хочаце – кахайце, хочаце – не» і інш. Запрашаючы здымацца ў сваіх фільмах вядомых расійскіх актораў (напрыклад, Аляксея Булдакова), Уладзімір Колас усё ж такі аддае прыярытэт беларускім. Запамінальныя вобразы ў яго фільмах ствараюць Галіна Макарава, Таццяна Мархель, Павел Кармунін; у фільмах пачынае гучаць беларуская мова (што, трэба пагадзіцца, і цяпер бывае нячаста).

У другой палове 80-х гадоў Уладзімір Колас пачынае здымаць і дакументальныя стужкі, здабываючы ўзнагароды на конкурсах і фестывалях (адна з апошніх, прэстыжная галоўная ўзнагарода VIII Міжнароднага фестывалю дакументальных фільмаў у французскай Ля-Рашэлі, атрыманая ўжо ў 2008 годзе за стужку «Галерэя Ады»). У канцы 80-х гадоў, узначальваючы здымачную групу «Беларусьфільма», ён наведвае шэраг школ і ліцэяў Беласточчыны, у якіх выкладаецца беларуская мова. Гэтая паездка прымушае Уладзіміра Коласа задумацца над пытаннем: а чаму ж у беларускай сталіцы няма сярэдніх школ, дзе так нязмушана і натуральна гучыць родная мова? І калі на пасяджэнні рады Савецкага раёна незадоўга перад тым створанага Таварыства беларускай мовы тагачасны кіраўнік рады Алег Трусаў ставіць пытанне: хто можа заняцца стварэннем у Менску беларускага ліцэя, на гэта адгукаюцца не прысутныя на ім педагогі са стажам, а ён, Уладзімір Колас, які ўжо быццам бы памяняў ранейшую прафесію на «больш прэстыжную». Увесь 1990 год і пачатак 1991-га Уладзімір Колас ходзіць па чыноўніцкіх кабінетах не толькі ў Менску, але і ў Маскве… Урэшце, ён знаходзіць падтрымку ў асобах тагачаснага новага міністра адукацыі Беларусі Міхаіла Дземчука і начальніка аддзела перспектыўнага развіцця таго самага міністэрства Аляксандра Казуліна. Вырашальным аказваецца спрыянне шэрагу дэпутатаў новавыбранага Вярхоўнага Савета БССР, Ніла Гілевіча, Алега Трусава, Станіслава Шушкевіча і інш., а таксама камісіі па адукацыі Мінгарсавета на чале з Вольгай Кузьміч.

Міністэрства адукацыі даручае Уладзіміру Коласу стварэнне Беларускага гуманітарнага адукацыйна-культурнага цэнтра (лістапад 1990 г.) і ліцэя пры ім (верасень 1991 г.). Апошняя ўстанова робіцца першым у сусветнай гісторыі ліцэем, у якім усе дысцыпліны выкладаюцца па-беларуску. З кожным годам беларускі гуманітарны ліцэй набірае аўтарытэту: конкурс на паступленне часам перавышае дзесяць чалавек на месца! Гэта не ўсім падабаецца ва ўладах, асабліва пачынаючы з сярэдзіны 90-х гадоў. Адміністрацыя прэзідэнта спрабуе забраць у Беларускага гуманітарнага адукацыйна-культурнага цэнтра яго будынак, што па вуліцы Кірава ў Менску. Ліцэісты, настаўнікі, іх бацькі вядуць змаганне на працягу ўсяго лета 1997 года, і, урэшце, ліцэй застаецца ў будынку. Наступнае лета (1998 год) зноў праходзіць у змаганні, бо ліцэй БГАКЦ спрабуюць далучыць да ліцэя БДУ. Урэшце, адукацыйна-культурны цэнтр улады ліквідуюць, але на яго месцы ствараюць Нацыянальны дзяржаўны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа. Тагачасны віцэ-прэм’ер Уладзімір Замяталін зацвярджаць Уладзіміра Коласа дырэктарам гэтага ліцэя не хоча, але потым, пад ціскам грамадскасці і часткі чыноўнікаў, пагаджаецца зрабіць яго кіраўніком ліцэя, хоць фармальна пасада Уладзіміра Коласа з гэтага часу называецца «намеснік дырэктара».

Новы наступ уладаў на Ліцэй пачынаецца ўвесну 2003 года. Калектыў ліцэя выказвае поўны давер свайму кіраўніку (які, у міжчассе, на першым з’ездзе беларускай інтэлігенцыі быў выбраны старшынёй яе Рады).

Нягледзячы на гэта, 25 чэрвеня таго самага года, Савет міністраў прымае рашэнне аб юрыдычнай ліквідацыі ліцэя на чале з Коласам. Тым разам пратэсты бацькоў, настаўнікаў, вучняў нікім не пачутыя…

Уладзімір Колас мае магчымасць заняцца іншай працай, але бацькоўская рада і абсалютная большасць выкладчыкаў заклікаюць яго не кідаць справы адзінага ў свеце ліцэя з беларускай мовай навучання. Колас бярэ ініцыятыву зноў у свае рукі і, з дапамогай калег, арганізоўвае навучанне дзяцей у неафіцыйным статусе. У гэты час ён займае пасаду кіраўніка творчай лабараторыі Таварыства беларускай школы «Еўрапейская школа – ХХІ стагоддзе». На грамадскіх пачатках ён выконвае абавязкі старшыні Беларускага камітэта каледжаў міжнароднай супольнасці, уваходзіць у Рэспубліканскую Раду Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, Раду Таварыства беларускай школы. Пры яго зычлівым спрыянні найлепшыя вучні і выпускнікі Беларускага гуманітарнага ліцэя і сярэдніх школ з розных гарадоў Беларусі паступаюць у прэстыжныя сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы ў розных краінах свету…

І сёння Уладзімір Колас лічыць, што адпачываць на лаўрах яму зарана. Ён плённа працягвае сваю педагагічную і мастацкую працу. У гэтай працы добрым апірышчам для яго ўвесь час былі і ёсць жонка Таццяна, а тасама сын Мікіта і дачка Вольга, самі колішнія выпускнікі гуманітарнага ліцэя. Хочацца верыць, што наперадзе ў спадара Уладзіміра – новыя педагагічныя, творчыя ўдачы.

Думаю, што да віншаванняў з нагоды юбілею Уладзіміра Коласа сёння далучацца сотні выпускнікоў Беларускага гуманітарнага ліцэя, шматлікія педагогі, кінематаграфісты, мастакі, літаратары і проста сябры, якіх у яго ёсць нямала ў розных краінах свету. Ён гэтага, безумоўна, заслужыў: перадусім сваім цвёрдым чалавечым стрыжнем, а таксама сваім прафесіяналізмам і вельмі патрэбным у наш час аптымізмам.

Лявон Баршчэўскі, Наша Слова

Гл. таксама:

Франак Вячорка: На такіх людзях, як Уладзімір Колас, трымаецца беларуская адукацыя і культура. Лідэр беларускай творчай інтэлігенцыі, кінарэжысэр, пэдагог. Чалавек з багатай біяграфіяй, доўгім сьпісам заслугаў і зьдзяйсьненьняў. Але галоўная яго заслуга – сотні таленавітых выпускнікоў Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа...

Аляксандр Тамковіч: Неабходнасць паспрыяць падрыхтоўцы сваіх кадраў стала для Уладзіміра Коласа своеасаблівым штуршком для рашучых перамен ва ўласным лёсе. Паспрыялі таму і супраца з такімі кансультантамі ў яго карцінах, як археолаг Алег Трусаў, пісьменнік Эрнэст Ялугін — энтузіястамі нацыянальнага адраджэння. А таксама наведванне беларускіх школ і ліцэя на Беласточчыне, дзе Колас здымаў фільм пра праблемы беларускай мовы.
Непасрэдная ж прапанова стварыць беларускі ліцэй у Мінску паступіла ад Алега Трусава, якому Колас дапамагаў у яго выбарчай кампаніі ў Вярхоўны савет 12-га склікання. Ужо дэпутат Трусаў (і ён жа старшыня адной з раённых суполак Таварыства беларускай мовы) абяцаў яму поўную падтрымку.
Так узнік ліцэй...