З МАЛЕНСТВА Ў “БЛАЗНОТУ”
(Iнiцыяцыя ў школьнiкi. Вясёлае свята па фальклорных матывах)
Сцэнарый склалi настаўнiца тэатральнага фальклору Алена Яцкоўская i настаўнiца пачатковых класаў Вольга Пухальская
Выканалi вучнi падрыхтоўчага класа а у 2001 годзе.
Пастаноўка Алены Яцкоўскай.
Дзеючыя асобы:
-- Вядучая (першая настаўнiца)
-- “ Нячысцiкi”: лесавiк, кiкiмары, русалкi (старэйшыя вучнi)
-- Магiстр( старэйшы вучань)
-- Вучнi падрыхтоучага класа
Вядучая: Дзень добры, шаноўныя паночкi i панi! Шчыра запрашаем вас на спатканне з намi. Сёння свята ў нашай хаце, ды не абы якое: свята дзетак нашых – свята выпускное!
Вучнi падрыхтоўчага класа выходзяць на пляцоукў, танцуючы танец “верабейка”.Раптам чуюцца крыкi, свiст – гэта з лесу ўсякая “нечысць” прыбегла на свята – напэўна задумала нешта нядобрае.
“Нячысцiкi” (Кажуць па чарзе):
- чулi мы, што ў гэтай хаце ёсць дзецi, якiя хочуць вучыцца i збiраюцца перайсцi з дзiцячага садка ў школу?
- Ой, мае ж вы даражэнькiя, навошта ж вам гэта? Хiба не лепей бегаць па вулiцы, у жмуркi гуляць? Што добрага ў гэтай навуцы?
Вядучая:Цi праўду кажуць гэтыя нячысцiкi? Давайце дакажам, што гэта не так!
Дзецi (Кажуць па чарзе прыказкi пра розум):
- няма горшай рэчы, як розум авечы
- век жывi – век вучыся
- за багацце розуму не купiш
- розум не кулеш – у галаву не ульеш
- дурному хоць кол на галаве чашы, а ён усё сваё
- без мукi няма навукi
- няўмеламу рукi не баляць
- у дурной птушкi дурныя песнi
- у людзей пытай, ды свой розум май
- без розуму горш, чым без здароўя
- па адзежы сустракаюць, а па розуме праважаюць!
Кiкiмара: Добра, крыху пераканалi! Але ў школу бяруць вельмi разумных дзяцей, а вы ж пэўна нiчога не ведаеце. Напачатку адгадайце загадкi!
“Нячысцiкi” (Па чарзе загадваюць загадкi ):
- хто гаворыць на ўсiх мовах? (язык)
- хто ляцiць без крылаў? (вецер)
- бегла свiнка – залатая спiнка, iльняны хвосцiк (iголка з нiткай)
- не брэша, не кусае, а ў хату не пускае ( замок )
- прышла чорная карова – усiх людзей пабарола (ноч )
- ляцiць – вые, сядзе – зямлю рые (жук )
- жыве без цела, гаворыць без языка, нiхто яго не бачыць, а ўсякi чуе (рэха )
Кiкiмара: Ну разумныя ж дзецi, нiчога не скажаш!
Лесавiк: А каб вы песню нам яшчэ заспявалi, тады зусiм было б добра! Але ж, вiдаць, не умееце!
Дзецi ўсе разам спяваюць песню “Сядзiць камар на дубочку”
Русалка: І нiчога добрага я тут не ўбачыла! Танцуюць, спяваюць, загадкi адгадваюць – у школе вучыцца хочуць! Але ж працаваць вы ня умееце i ня ведаеце нават, што гэта такое. А можа хто i баiцца тае працы!
Кiкiмара: Так, так – хаваецца ад яе!
Лесавiк: Бацькi самi ўсё зробяць! Правiльна я кажу?
Вядучая: Што ж мы адкажам гэтым нячысцiкам, дзецi?
Дзецi ( Па чарзе кажуць прыказкi пра працу):
- працаваць не любiш – чалавекам не будзеш
- хочаш быць шчаслiвы – не будзь лянiвы
- рабi так, каб сабак не дражнiць i людзей не смяшыць
- за справу бярыся: не бойся i не хвалiся
- дзе праца, там i песня!
Вядучая: А яшчэ нашы дзецi ведаюць вершыкi пра птушак i жывёл, якiя дапамагаюць чалавеку.
Дзецi.( Чытаюць па чарзе вершыкi пра карысных жывёл):
ПЕЎНIК
Люлi, люлi, люлi – курачкi паснулi
Толькi пеўнiку не спiцца –
Ранак ён праспаць баiцца.
ПЧОЛКА
Пчолка цэлы дзень улетку
З кветкi лётала на кветку
Для таго, каб цэлы год
Нашы дзецi елi мёд.
У куце сядзiць мядзведзь – хустку вышывае,
А лiсiчка-невялiчка хатку прабiрае.
А каток пячэ аладкi, маслам палiвае,
Мышанятка жвава-гладка катку памагае
А варона-сцеражона на скрыпачцы грае,
А ваучок-скрыпачок пяе-падпявае,
А сарока-белабока госцiкау склiкае!
(Дзецi выконваюць танец “Таўкачыкi” )
Вядучая: А зараз мы пакажам, як мы умеем дапамагаць бацькам на агародзе(Размiнка).
Ладачкi-ладкi! Мы палолi градкi!
Мы палолi самi – сваiмi рукамi.
Ад стараннай працы выраслi на градцы:
вось такiя буракi!
Вось такiя агуркi!
А капусты качаны – вось такой велiчыны!
Вядучая ( Расказвае пра абрад пасвячэння у пастухi):
У сялянскiх сем’ях пераход з маленства ў перыяд дзяцiнства суправаджаўся “пасвячэннем у пастухi”. Дзецi ўступалi ў падлеткавы перыяд, або, як гаварылi ў народзе – “у блазноцтва”. У гэты час, гадоў з сямi-васьмi, хлопчыка упершыню апраналi ў штаны, а дзяўчынку – у спаднiчку. Дзiця паступова пачынала выконваць усю прасцейшую хатнюю работу: нянчыла малодшых братоў i сёстраў, прабiрала ў хаце, даглядала жывёлу i пасвiла яе. Гэта сваеасаблiвая iнiцыяцыя азначала пераход да зусiм iншага ладу жыцця: праца давала пэўную свабоду, радасць сустрэч з равеснiкамi, але i прывучала да самастойнасцi.Зараз нашы дзяўчынкi пакажуць вам, цi гатовы яны самастойна дапамагаць бацькам.
(Дзяучынкi пад музыку iнсцэнiруюць выкананне хатняй працы:кормяць курэй, нянчаць дзяцей.)
А першая работа, якая даручалася хлопчыкам – гэта пасвiць жывёлу. Для гэтага трэба было абавязкова ўмець ездзiць конна. То давайце зараз паглядзiм: цi дастаюць нашы хлопчыкi-пастухi да страмён, цi умеюць яны ездзiць на конях? (Хлопчыкi пад музыку iмiтуюць язду конна. Пад урачыстыя гукi музыкi ўваходзiць Магiстр.)
Магiстр: Увага! Я магiстр тэатральнага фальклору пятай гiльдыi саветнiк настаўнiцкай калегii Сенiцкай школы! Пасланы сюды для таго, каб высветлiць: цi гатовыя вы перайсцi да сталага жыцця, гэта значыць з дзiцячага садка ў школу? Што на гэта скажуць шаноўныя госцi? А “нячысцiкi”?
(Госцi i “нячысцiкi”выражаюць згоду.)
Магiстр: Ну добра! У такiм разе цяпер вы павiнны прынесцi клятву. Паўтарайце, калi ласка, за мной па чарзе. Я ( iмя i прзвiшча) урачыста абяцаю: добра вучыцца, слухаць i паважаць бацькоў i настаўнiкаў. Берагчы культурныя традыцыi свайго народа. Ахоўваць прыроду Роднага Краю. Быць патрыётам сваёй Радзiмы. КЛЯНУСЯ!
А цяпер прашу зацвердзiць клятву адбiткам далонi вось на гэтым аркушы.
(Гучыць музыка, дзецi “ зацвярджаюць” сваю клятву.)
Магiстр (Разгортвае i чытае Указ):
“Указам дырэктара Сенiцкай школы iмя Янкi Купалы ад 22 мая 2001 года вучнi падрыхтоўчага “В” класа пераводзяцца ў першы клас! Вiншую!
Вядучая: Ну вось, так зараз у нашай хаце добра, а на душы як хораша! Аж спяваць хочацца!
(Усе разам спяваюць песню “Чаму ж мне ня пець” )
Дзецi (Развiтваючыся, кажуць па чарзе):
- каб вы былi багатыя, як зямля, каб былi здаровыя, як вада
- каб заўсёды мелi, уволю спажывалi i бедных надаралi
- каб дзяды не зналi бяды, а ўнукi не зведалi мукi
- няхай збудзецца, што жадаецца, што задумана – прыдбаецца!
Да пабачэння!(Разам)