Выпускное свята ў этнашколе

«Сказ пра Багоў Крывіцкіх»
Святы календарнага цыкла беларусаў з матывамі язычніцкай міфалогіі.
(Паказ – расповяд)


Сцэнарый склалі настаўніцы фальклорнага тэатра Алена Сямінская і Алена Берташ.
Выканалі вучні 9 – тага класа (першы выпуск этнашколы) ў 2000 годзе.
Пастаноўка Алены Сямінскай. Захоўваецца відэазапіс.

Дзеючыя асобы:
Вядучы
Цар Ірад
Волхв
Велхва
Дзяўчаты
Хлопцы


Вядучы. Добры вечар паважанае спадарства!
Цар Ірад. (З’яўляецца ў батлейцы) Я Цар Ірад, я ў царскім пурпуры і ніхто не павінен пярэчыць маёй царскай натуры! Таму павеляваю : свята спыніць, усім разысціся, хто не падпарадкоўваецца – пакараць! Воіны мае вааружоныя хуценька выконвайце мой загад!
Вядучы. Госцейкі паважаныя, ці згодны вы з такой прапановай? (Чакае адказу глядачоў, да часу, калі ўсе кажуць «не..»), з усёй да цябе павагай, Цару, але прыдзецца табе пагадзіцца з нашым святам.
Цар Ірад. Пагадзіцца – гэта пярэчыць маёй царскай натуры!
Вядучы. Тады прапаную табе сесці на царскім месцы і дапамагчы нам...
Цар Ірад. Дайце на царскім месцы пасядзець! (Садзіцца на трон)
Вядучы.
На шчасце, настаўнікі нашых эксперыментальных класаў зусім не падобны да гэтага ўсім вядомага персанажа беларускай Батлейкі. Мы імкнуліся выхоўваць нашых дзяцей у дэмакратычных традыцыях, у цёплай, спрыяльнай для актыўнасці і імправізацыі абстаноўцы. Каб нашы вучні маглі не толькі азнаёміцца з багаццем традыцый фальклору, але і авалодаць імі, набыць практычныя навыкі выкарыстання фальклору ў штодзённым жыцці. Сёння вам прадстаўляецца магчымасць убачыць вынікі дзевяцігадовай працы настаўнікаў і вучняў, якія працавалі па праграме: « Эксперыментальная педагагічная пляцоўка «Этнашкола». А зараз дазвольце мне запрасіць на тэатральную пляцоўку 9 – ты эсперыментальны «А» клас з фальклорна- тэатральным ухілам.(Да лялькі) А ты, Цару, дапамажы мне.
Цар Ірад. А як?
Вядучы. Я табе падкажу.(Адыходзіць за батлейку)
Пад музыку, па- адным, выходзяць вучні; Цар Ірад называе кожнага, вучні становяцца ў кола, з’яўляюцца Волхв і Велхва.

Волхв. Зіма! (Гурт выконвае ўрывак каляднай песні)
Велхва.
Вясна! (Гурт выконвае ўрывак валачабнай песні)
Волхв.
Лета! (Гурт выконвае ўрывак купальскай песні)
Велхва. Восень! (Гурт выконвае ўрывак дажыначнай песні)
Волхв
. Гэта тарадыцйнае календарнае кола святаў беларусаў!
Велхва. Кожны народ на свеце мае сабе якую – небуць веру, так і нашы прадзеды мелі сваю веру, у якую верылі. У часы, калі беларусы былі язычнікамі, вера іх дужа была багатая, што да багоў.
Волхв. Сонца, месяц, зямля, агонь, вада, вецер і розныя іншыя праявы прыроды абагаўляліся. Кожны язычніцкі бог сыходзіў на зямлю ў час свайго панавання, а нашы продкі ўрачыста святкавлі яго надыход.
Усе дзяўчаты і хлопцы: (Кажуць па чарзе)
- Перад Богам усе святыя шыкуюцца,рахуюцца: катораму святу наперад пайсці?
- Святыя саракі наперад пайшлі.
- Святы Аляксей сохі чэша,
- Святое Благавешчанне заворваець,
- Святы Вербіч вярбу пасвянцае,
- Чысты чацвер ячмень засявае,
- Святое Вялічка з красным яечкам.
- Радаўніца статак запасываець,
- Святы Юры, Божы пасол – да Бога пайшоў.
- Ярыла ўзяў ключы залатыя, адамкнуў зямлю сырусеньку, пусціў расу цяплюсеньку на ўвесь белы свет.
- Святы Барыс бабы сее,
- Святы Мікола па межах ходзе, па межах ходзе, жыта родзе.
- Святы Ушэснік – жыта выплывае
- Святая Сёмуха навозы возіць і Бога просіць.
- Святы Дзевятнік жыта раўнуець,
- Святая Дзесятуха жыта красуець
- Святы Іван пчолы садзіць – пад пералазам шасцёра разам.
- Святы Пётра жыта спеліць,
- Святы Паўлюк граблі робіць,
- Святы Дзям’ян сена грабіць,
- Святы Кузьма сярпы робіць, залатыя, новыя і сталовыя.
- Святы Ілля – слаўная жняя.
- Святы Барыс снапы зносіць,
- Святыя Ганны дамоў возяць,
- Святы Спас жыта пасвянцае,
- Святая Прычыстая папары мяшае і жыта засявае, а другая ёй памагае.
- Святы Мікола з халодным ветрам,
- Святое Узвіжанне з поля збірае
- Святы Пакроў зямлю пакрыў, зямлю лістом, а воду лядом,
- Святы Юры грудай гвоздзіць,
- Святы Мікола снегам мосціць.
- Прыйшлі Калядкі – гаспадарам парадкі.
- Святое Васілля – дзяжу мясіла,
- Святое Вадохрышча воду пасвянцае, людзей пакрапляе.
- Святыя Грамніцы свечкі свенцяць.
- Прыйшлі Саракі да другіх Саракоў!
Волхв. Дазвольце нам расповед пачаць пра багоў крывіцкіх, кожнага бога ўшанаваць, ды пачастунак прынесці.

Сцэна «Вясна».
Велхва і Волхв падыходзяць да сонца, удараюць у яго тры разы
Велхва. Вясна! (Выходзяць дзяўчына і хлопец з талеркамі з ежай ў руках )
Дзяўчына. Хлеб для Дажбога. Дажбог – бог усялякага святла, які падае дабро, яго дзень – панядзелак.(Ставіць талерку каля сонца)
Волхв. (Тры разы б’е посахам ў падлогу) Вялікдзень! (Гучыць валачобная песня, уваходзіць гурт валачобнікаў) Выпускнікі паказваюць эпізод «Вялікдзень» Хлопец. Яешня для Ярылы – апладняльніка вяснавой зямлі.
Волхв. Юр’я! Эпізод «Юр’я» паказваюць вучні этнашколы.

Сцэна «Лета».

Велхва: Сонца – крыніца самых неабходных умоў побыту – цяпла і святла. Таму час яго найвывялікшага ўшанавання – Лета! (Выходзяць хлопец і дзяўчына з ежай для ахвярапрынашэння)
Дзяўчына. Кілбаса для Сімаргла. Сімаргл – Бог ў выглядзе крылатага сабакі. Сімаргл – ахоўнік семені і пасеваў, яго дзень – серада. Эпізод «Сёмуха» паказваюць вучні этнашколы.
Хлопец. Мак для Перуна – Бога агню і маланкі. Яго дзень – чацвер. Яго свята 20 ліпеня. Эпізод «Купалле» паказваюць выпускнікі.

Сцэна Восень.

Велхва.
Шчаслівы час для добрага гаспадара – восень! (Выходзяць дзяўчына і хлапец з ахвярнай ежай)
Дзяўчына. Для Макашы – варажбітная соль і вада, бо яна – багіня лёсу, варажбы і жаноцкай работы, а найбольш прадзення. Яе дзень – пятніца.
Эпізод «Багач» паказваюць вучні этнашколы.
Волхв. Вось і прыйшоў час вячэры ў гонар той Вялікай Таямніцы, дзякуючы якой жывёла разумее чалавечую мову, а жабрак без прытулку становіцца гаспадаром у чужым доме.
Хлопец. Для Велеса – аўсяны кісель. Велес – бог статку, ахоўнік жывёлы, гаспадар падземнага сусвету, апякун мастацтва, шляхоў і гандлю. Мае аблічча мядзведзя. Яго дзень аўторак. Эпізод «Дзяды» паказваюць выпускнікі.

Сцэна «Зіма».

Велхва.Мароз, мароз, хадзі куццю есці! Улетку не бывай, а ў зіму прабывай!
Волхв. Зімовае свята Каляд – адно з тых, якое ўвесь свет чакае з асаблівай радасцю і імкнецца сусрэць найбольш урачыста. (Выходзяць дзяўчына і хлопец з ахвярнай ежай)
Хлопец. Куцця для Рода. Род – галоўны бог, творца Сусвету. Ёе ўдзімае ў людзей жыццё. Яго дзень – нядзеля, а свята – 26 снежня, на другі дзень Каляд.
Эпізод «Калядны гурт» паказваюць вучні этнашколы.
Дзяўчына. Мёд для Стрыбога – бога вятроў. Велхва. Каляды святкуюцца беларусамі ў суправаджэнні разнастайных забаў і ўвесяленняў. У ліку гэтых забаў першае месца займае «Жаніцьба Цярэшкі».
Эпізод «Падбор пар на Цярэшцы»паказваюць выпускнікі.
Сцэна «Вясна».

Велхва. Вясна,вясна, вясняначка дзе дачка твая Мар’яначка? У садочку мые сарочку свайму сыначку Васілёчку. На даліне мые пярыны сваёй донечцы Кацярыне.
Волхв. Шуміць, гудзе, вясна ідзе! Шчасце і радасць людзям нясе. І неба, калі абудзіла, пралесачкі зацвіцелі і птушачкі прыляцелі! (Выходзяць хлапец і дзяўчына з ахвярнай ежай)
Дзяўчына. Арэхі для Сварога – апекуна сям’і і кавалёў.
Эпізод «Грамніцы» паказваюць вучні этнашколы.
Хлопец. Бліны для Хорса – бога сонца і кола. Яго ўшаноўваюць на масленіцу, а таксама кожную суботу. Эпізод «Масленіца» выконваюць вучні этнашколы.
Дзяўчына. Для Лады – сыр, сымбаль сям’і. Лада – багіня плёну, сям’і, удалага шлюбу, кахання, ладу ў жыцці.
Хлапец. Для дачкі яе Лялі – абрадавае печыва. Ляля – веснавая зелень, адраджэнне жыцця, абуджэнне прыроды, яе свята 22 красавіка. Эпізод «Ляльнік» паказваюць вучні этнашколы.
(На пляцоўку выходзяць усе удзельнікі свята)
Волхв. Вось і скончана кола гадавых святаў беларусаў!
Велхва. Нашы продкі заўсёды імкнуліся кожнага бога ўзгадаць і належным чынам ушанаваць!
Волхв. І горад і вёска, і стары і малы – усе рыхтаваліся сусрэць кожнае свята, як мага лепш!
Велхва. А нам дазвольце сказаць: «Чужому навучайся, але свайго не цурайся!»
Волхв. Трэба любіць сваё мінулае дзеля нашай будучыні! Усе ўдзельнікі на заканчэнне свята выконваюць гімн этнашколы «Не загаснуць зоркі ў небе» на сл. Я. Купалы муз. М. Янчука