Што год наступны нам рыхтуе?
Да пачатку новага навучальнага года засталося 2 тыдні. Якія змены нас чакаюць? Што прынясе гэты год у школы? Nastaunik.info інфармуе, аналізуе і робіць свае прагнозы.
Скароціцца колькасць беларускіх школ, а папулярнасць беларускай мовы сярод вучняў будзе нарастаць
Па словах старшыні «Таварыства беларускай школы» Алеся Лозкі штогод мы губляем больш за 100 беларускамоўных школ па ўсёй рэспубліцы, асабліва спадае іх колькасць у вёсках. Вёска пачынае русіфікавацца, бо зачыняюцца малакамплектные беларускамоўныя школы і дзяцей пераводзяць у буйнейшыя, навучанне ў якіх вядзецца на рускай мове. Захаваецца тэндэнцыя росту папулярнасці беларускай мовы сярод моладзі. Апошнімі гадамі адбываецца так званы «неафіцыйны рэферэндум»: усё больш абітурыентаў выбірае беларускую мову на ЦТ. Сёлета іх было 87 тыс., пры тым, што толькі 20 тыс. сканчалі школы з беларускай мовай навучання. У 2006 годзе ЦТ па беларускай мове здалі 75 тыс. абітурыентаў ВНУ. Гаварыць па-беларуску лічыцца модным сярод адукаванай моладзі.
Кітайскаая мова будзе выкладацца ў школах усіх абласцей Беларусі
З 2007–2008 навучальнага года плануецца арганізаваць выкладанне кітайскай мовы яшчэ ў 12 навучальных установах Беларусі. Гэта – сталічныя гімназія № 11 і СШ № 195, а таксама дзве школы Брэсцкай вобласьці, адна школа Віцебскай, тры – Гомельскай. Таксама адкрыюцца класы ў Гродненскай вобласьці, ідзе падрыхтоўка ў Магілёўскай і Мінскай.
З'явяцца новыя падручнікі добрыя... і розныя
Да 1 верасня для беларускіх школьнікаў падрыхтаваныя новыя падручнікі і навучальныя дапаможнікі Да 2007–2008 навучальнага года ўпершыню выдаюцца навучальныя дапаможнікі па кітайскай мове для 2 класа і па курсе «Чалавек. Грамадства. Дзяржава» для 7 класа. Практычна ўвесь камплект падручнікаў для 3 класа будзе складацца з новых падручнікаў. Мінулыя падручнікі для 3 класа былі выдадзеныя ў 1999 годзе і можна палічыць, колькі разоў аплацілі іх кошт бацькі з сваіх кішэняў. Для навучэнцаў чацвёртых класаў выдадзеныя падручнікі па курсе «Мая Радзіма – Беларусь» і па замежных мовах. Выдадзеныя на базавым і падвышаным узроўнях навучальныя дапаможнікі для 10 класа па прадметах навучальнага плану «Беларуская мова», «Беларуская літаратура», «Руская мова», «Замежныя мовы», «Гісторыя», «Алгебра», «Геаметрыя», «Інфарматыка», «Геаграфія Беларусі», «Фізіка», «Біялогія», «Хімія», «Мая прафесійная будучыня», а таксама новыя навучальныя дапаможнікі для 11 класа трэцяй мадэлі навучання. Можна парадавацца за дзетак і іх бацькоў. Але, паважаныя калегі, настаўнікам рана радавацца: як зазначыў Генадзь Пальчык, навучальна-метадычная літаратура да новых навучальных дапаможнікаў знаходзіцца «у працэсе падрыхтоўкі да выдання».
Арыгінальны падручнік-трансформер распрацаваны па загадзе прэзідэнта
Падрыхтаваны арыгінальны навучальны дапаможнік для старшакласнікаў «Беларусь – краіна тваёй будучыні». У ім распавядаецца аб развіцці прамысловасці, эканомікі, сістэмы адукацыі, сельскай гаспадаркі, таксама аб сацыяльнай сферы, культуры, прыродзе Беларусі. Міністр адукацыі адзначыў, што кніга будзе цікавая не толькі суайчыннікам, але і замежным чытачам. 1 верасня выданне паступіць у навучальныя ўстановы рэспублікі і ў продаж. Новы навучальны год пакажа, чаму можна навучыцца, калі замест падручніка прапануюць рэкламны буклет для замежнікаў.
За ЦТ давядзецца плаціць
Мінадукацыі прапаноўвае ўвесці рэгістрацыйны ўнёсак за здачу ЦТ і скараціць тэрмін прыёму дакументаў. Па словах Аляксандра Радзькова, гэта падвысіць адказнасць абітурыентаў. Сёлета, напрыклад, на тэставанне не з'явіліся 10% тых, хто падаваў заяўку. Што тычыцца саміх тэставых заданняў, то будзе ўдасканальвацца іх якасць.
Узмоцніцца ідэалагічны ціск
Падчас даклада міністра адукацыі прэзідэнту закраналася пытанне пра ўзаемадзеянне Міністэрства адукацыі з грамадскімі арганізацыямі, у прыватнасці з БРСМ (Ну, зразумела, што не з «Таварыствам беларускай школы»!). Значыць, школу чакае ўзмацненне ідэалагічнай працы, прынамсі на паперы.
Будуць пашырацца альтэрнатыўныя крыніцы адукацыі
Рэпетытарства надалей застанецца крыніцай даходаў разумнага настаўніка. Пра рэформу адукацыі гаварыць скончылі, тым часам як прызначэнне адукацыі – рыхтаваць да зменлівага жыцця. Таму павялічыцца попыт на пазасістэмную адукацыю, якая больш адпавядае патрабаванню часу. У Беларусі ўжо ёсць досвед пазасістэмнага існавання цэлых школаў, як, напрыклад, Гуманітарны ліцэй імя Я. Коласа. Узрасце вага нефармальнй адукацыі, накіраванай на падрыхтоўку да ЦТ, вывучэнне замежных моваў, інфарматыкі ды простае «падвышэнне бала атэстата». Акрамя таго, еўрапейскія краіны, дзе адукацыя значна таннейшая за беларускую, адчынілі свае навучальныя ўстановы для беларусаў. У моладзі будзе больш магчымасці выбару, дзе і чаму вучыцца.
Беларускі настаўнік значна памаладзее
Прымусовае размеркаванне патрабуе месцаў. Болей за 500 маладых спецыялістаў пачнуць працу толькі ў мінскіх школах. Сярэдні ўзрост сталічнага настаўніка – 47 гадоў, але больш за дзве тысячы педагогаў ужо ў пенсійным узросце. Магчыма, для расчысткі тэрыторыі будзе выкарыстоўвацца і кантрактная сістэма. Усё часцей кантракт ужываецца як сродак пазбавіцца ад іншадумцаў. Пазбаўленне афіцыйнай працы ў школе турбуе прафесіяналаў ўсё меней і меней. Яны вызваляюцца ад руціннай пісаніны, сталовак, класнага кіраўніцтва ды ідэалагічных накачак і займаюцца... адукацыяй.