Пра мову і закон

29.08.2007

Пра мову і закон
Бланкі для цэнтралізаванага тэставання на беларускай мове прапануе выдаць Канстытуцыйны суд Беларусі. Такая прапанова была накіраваная ў Савет Міністраў. Праз год паглядзім, ці прытрымліваецца Савет Міністраў Канстытуцыі, або толькі розныя ўказы ды дырэктывы адсочвае. А раптам прыслухаецца да асноўнага закону краіны, і будзе ў нас як, напрыклад, у Бельгіі, дзе таксама дзвюхмоўе: на кожнай паперцы, указальніку, нават цукерачнай абгортцы ўсе надпісы дублююца па-французску ды па-фламандску. Я ўжо не кажу пра алімпіядныя заданні для вучняў, зборнікі задачаў ды сайт міністэрства адукацыі. Бо дзвюхмоўе паводле закону – гэта каб грамадзянін мог выбраць, як зручней, а не чыноўнік, які хавае сваю некампетэнтнасць і не толькі ў моўных пытаннях.

А вось глыбоцкім чыноўнікам ды “народным абранцам”  нават і ўказаў не трэба, каб законы парушаць. Сумнеўна, што ім зверху загад прыйшоў, каб яны ініцыявалі ліквідацыю апошняй гарадской беларускай школы на Віцебшчыне. Проста выслужыцца хочуць – раптам падаткі зменшаць, ці льготы пакінуць... Ну ёсць жа побач дзве рускамоўныя школы, аддавайце сваіх унукаў. Дык не – хочуць менавіта ў школе № 3 рускамоўныя класы – яна ж лепшая, і дзеці туды разумнейшыя ідуць, і настаўнікі. А што лепшая таму, што беларуская – не датумкалі. Людзі сюды збіраюцца з каштоўнасцямі, таму ім і дапамагаюць беларусы з усяго свету – то камп'ютэрны клас падораць, то абсталяванне, то кнігі.

Няхай бы спачатку да якога тамбоўскага ці разанскага губернатара звярнуліся, мо б ён таксама захацеў ахвяраваць на падтрымку «великого и могучего» у былой брацкай краіне, давесці рускія школы да ўзроўню беларускай. Але пакуль законы ў Беларусі можна парушаць, чаму б не забраць чужымі рукамі створанае. Гэта лягчэй, чым сваё будаваць.

А калі трэба якую справаздачу пра «працветаюшчую Беларусь» – няма праблемаў. Бо няма закону. Ну прыдумалі ж садок лічыць беларускім, калі ў ім ёсьць хаця б адна беларуская група. А група лічыцца беларускай, калі ў ёй хаця б адзін дзень размаўляюць па-беларуску і справаздачы з праграмамі пішуцца па-беларуску. І нават у такіх «беларускіх» установах зараз навучаецца толькі 20 працэнтаў дзетак.

І напрыканцы хочацца папярэдзіць глыбоцкіх русафілаў і ўсіх, хто жадае трымацца мэйнстрыму. Калі законы не працуюць, памыляцца небяспечна. Любоў да ўсяго рускага ўжо не ёсць паказальнікам адданасці і любові да ўлады. Вось ўжо і Масква пачала прымаць нашых рэпрэсаваных студэнтаў.  Глядзіце, дзядзечкі, каб вы не памыліліся.

Агляд навінаў зрабіў Марцін Кухта, настаўнік, які чытае інтэрнэт.