У новавыдадзеных праграмах па літаратуры няма вызначальных твораў Купалы, Быкава, Шамякіна. Затое ёсьць Чаргінец і Аўруцін.
Пачало здзяйсьняцца тое, пра што гаварылася ў незалежнай прэсе на пачатку году. У новавыдадзеных праграмах па беларускай і расійскай літаратуры для сярэдніх школаў (Мінск: Нацыянальны інстытут адукацыі, 2007) выразна праглядаюцца сляды ўсёмагутнае цэнзуры і «нястомнай дзейнасці» чаргінцоўскага Саюзу пісьменьнікаў. Першае, што кідаецца ў вочы пры пабежным праглядзе праграмаў па беларускай літаратуры, — гэта поўная адсутнасць якіх‑кольвечы згадак пра купалаўскіх «Тутэйшых» ва ўсіх раздзелах праграмаў. Вось жа, Купала і атрымаў падарунак на сваё 125‑годзьдзе ад сучасных «тутэйшых» ды іх памагатых!
У раздзелах пра літаратуру 1930—1950‑х гадоў няма ані паўслоўца пра зняволеньне ды фізічнае вынішчэнне бальшыні тагачасных беларускіх літаратараў — так што Леаніду Маракову няма чаго высільвацца, выдаючы чарговыя тамы з прозьвішчамі «ахвяраў і катаў»… Натуральна, што з праграмаў зніклі і быкаўская «Аблава», і нават «Ахвяры» Івана Шамякіна.
Што ж зявілася на месцы тых твораў, што вывучаліся раней у якасці абавязковых? Ну, вядома ж, гэта творы ўсюдыіснай Раісы Баравіковай (вершы, п’еса «Барбара Радзівіл») і «шэдэўры» Георгія Марчука («Давыд‑гарадоцкія каноны»). Вось жа, нічога новага пад Месяцам няма: вяртаньне «прыпасаднай класікі» ідзе поўным ходам.
Вельмі нялюбым для ананімных складальнікаў новых праграмаў зрабіўся Ўладзімер Арлоў: толькі дзве ці тры ягоныя кнігі згадваюцца ў спісах літаратуры «для пазакласнага чытаньня». Пра вывучэнне на занятках «Часу чумы» альбо «Еўфрасінні Полацкай» гаворкі не вядзецца.
Сярод «новых імёнаў» сучаснай беларускай літаратуры згадваюцца такія «геніяльныя» літаратары, як К.Жук, Т.Трафімава, З.Падліпская (ах, я зусім забыўся: яна ж цяпер працуе ў Міністэрстве адукацыі!), М.Шабовіч альбо В.(?) Шклярава, але прозвішчаў Уладзімера Някляева, Вінцэся Мудрова, Барыса Пятровіча, Валянціна Акудовіча, Лявона Вольскага альбо Андрэя Хадановіча вы там не сустрэнеце. Няважна, што менавіта гэтых аўтараў сёння выдаюць ва Украіне, Польшчы, Швецыі, Чэхіі, Польшчы ці Нямеччыне. Галоўнае ж — не пакрыўдзіць «сваіх» і, у першую чаргу, самых сябе.
У сваю чаргу, у праграмах па расійскай літаратуры (ХІ—ХІІ класы) змешчаныя цэлыя разьдзелы пад сумнеўнай з навуковага гледзішча назвай: «Русская литература Беларуси». Там ідзе згадка пра такіх «геніяў пяра», як М.Чаргінец, А.Скарынкін, А.Аўруцін, В.Паліканіна, С.Трахімёнак, але, вядома, «забытыя» Святлана Алексіевіч, Радзіслаў Лапушын ці Андрэй Курэйчык.
Пры чытанні праграмаў кідаецца ў вочы немалая колькасць недакладнасцяў, спасылак на няісныя альбо маральна састарэлыя выданьні.
Вядома, аўтар гэтых радкоў і не спадзяваўся, што ў праграмах могуць быць згаданыя напісаныя ім адмыслова для старшакласьнікаў і настаўнікаў кнігі «Літаратура ад старажытнасці да пачатку эпохі рамантызму» і (у суаўтарстве з П.Васючэнкам і М.Тычынам) «Беларуская літаратура і свет». Але што сапраўды ўразіла, дык гэта тое, што ў двух месцах (с.145—146 і с.210) артыкулы Л.Баршчэўскага «Старагрэцкі эпас: Гамер», «Старагрэцкая драма: тэатр», «Старагрэцкая проза» і «Літаратура Старажытнага Рыму», некалі апублікаваныя ў часопісе «Роднае слова», прыпісаныя аўтарству Тацяны Шамякінай.
Вядома, цешыць, што ў праграмах па беларускай літаратуры засталіся «Знак бяды» Быкава, «Чужая бацькаўшчына» Адамчыка, «Каласы пад сярпом тваім» Караткевіча, апавяданні Міхася Стральцова, паасобныя вершы Рыгора Барадуліна, Алеся Разанава, Генадзя Бураўкіна альбо Ніла Гілевіча. Але пры гэткім імпэце сённяшніх «рэфарматараў» ніхто не можа гарантаваць, што і яны адтуль не знікнуць і што ўжо наступнаму пакаленню дзетак не давядзецца вывучаць беларускую літаратуру па перакладзеных на беларускую мову тварэньнях Сяргея Трахімёнка, Анатоля Аўруціна, Андрэя Скарынкіна альбо Тамары Красновай‑Гусачэнкі…
Я далёкі ад таго, каб пераацэньваць у сённяшняй Беларусі — зь сённяшнімі настаўнікамі і з сённяшняй дзяржаўнай адукацыйнай палітыкай — ролі беларускай літаратуры як гуманітарнай дысцыпліны. Але, далібог, наша літаратура не заслугоўвае таго, каб ад і надалей ад яе імя імкнуліся прамаўляць графаманы і проста хворыя людзі.
Лявон Баршчэўскі 15:15, 30 жнiўня 2007
Паводле газеты «Наша Ніва»