Вінцук Вячорка: Належыць падзяка ўсім беларускім пэдагогам

03.09.2007

Вінцук Вячорка: Належыць падзяка ўсім беларускім пэдагогам, якія ў ненармальнай сытуацыі працуюць нармальна: шчыра й прафэсійна. Дзеці іх любяць.

Вінцук Вячорка разам зь віншавньнямі да Дня ведаў надрукаваў свае прынагодныя ўражаньні.
Паводле
http://pbnf.org/

З Днём ведаў усіх нас. Сьвята ўсіхнае: кожны вучыцца або вучыўся, аддаваў вучыцца дзяцей. Дзень ведаў – нагода задумацца пра нашую школу. Прынамсі паставіць пытаньне: ці нашая?

31 жніўня – Дзень ведаў для пачатковых клясаў, бо 1 верасьня прыпадае на суботу. Нам з малодшай дачкой ехаць на трамваі доўга: адзіная ў раёне беларуская школа месьціцца ў адным яго канцы, а мы жывем у другім. Ехаць даражэй на 100 рублёў акурат з 31 жніўня (так пачаўся нястрымны рост цэнаў на ўсё, і гэта не канец). Пасьля адагрэву дзіцёнка пад ненатуральна гарачым сёлета беларускім сонцам – наперад, пад халодны душ адукацыйнай, нацыянальна-культурнай і сацыяльна-эканамічнай рэальнасьці.

Паводле статыстыкі Таварыства беларускае школы, з 1993/94 па 2005/06 навучальны год першаклясьнікаў, якія вучацца па-беларуску, у краіне ў цэлым стала менш у 3,6 разу, а ў Менску іхны адсотак зьменшыўся з 58,6 да 2,4 – у 24 разы! Больш красамоўна ілюстраваць дзяржаўную палітыку гвалтоўнае русыфікацыі праз школу няма патрэбы. Зрэшты, з сайту nastaunik.eu ведаю, што ва ўсе восем фармальна беларускіх школаў Менску прынесьлі сёлета болей заяваў, чым летась. Аднак, прыкладам, у 23-й гімназіі мноству людзей адмовілі, і былі створаныя толькі 2 першыя клясы па 20 чалавек: роўна як летась. Ці не паводле невядомае нам, непасьвячоным, квоты на рэзэрвацыю?

Як вам такая цытата: “Беларуская мова – вялікая культурная спадчына славянскіх народаў і магутны фактар аб’яднаньня людзей”. Ці не адчуваецца крыху наіўнага перабольшаньня й самазамілаваньня? Насамрэч гэта цытата з Лукашэнкі, але з адным замененым словам. Ён тое сказаў пра расейскую ў прывітаньні ўдзельнікам сёлетняй Усерасейскай сустрэчы пісьменьнікаў, прысьвечанай Году расейскай мовы. Яшчэ сказаў: “Для грамадзян нашай краіны расейская мова зьяўляецца такой жа блізкай і роднай, як і беларуская”, а таксама выказаў упэўненасьць, што згаданы форум паслужыць адзінству беларусаў і расейцаў, якое ідзе з глыбіні стагодзьдзяў. Нельга ўявіць пры цяперашняй уладзе ані дзяржаўнага Году беларускае мовы, ані дзяржаўнага выказваньня пра яе накшталт сканструяванага мною напачатку абзацу. І дакуль расейская мова будзе інструмэнтам здушэньня мовы беларускае – пры самым чынным удзеле цяперашняй улады – датуль ня будзе нармальных дачыненьняў паміж гэтымі дзьвюма мовамі.

Даччына гімназія ў параўнаньні зь іншымі імкнецца да беларускамоўя. Тут нямала наштодзень беларускамоўных дзяцей. У калідорах у бацькоўскім тлуме бачу Лявона Баршчэўскага, Алену Макоўскую, Андрэя Дынька, Юрася Беленькага, Яўгена Шунейку, Віктара Асьлюка, Піта Паўлава... Дарэчы, гэта зьняпраўджвае кінутую нядаўна тэзу, нібыта ў браку беларускіх клясаў вінаватыя... грамадзкія й палітычныя актывісты. Падобным чынам нам з падачы ўладаў ізноў прапануюць заняцца правапіснаю вайною – зноў жа паміжсобку – стомленыя абыдзёншчынай публіцысты.

Раздалі падручнікі (за карыстаньне якімі трэба плаціць). Сярод іх – новы: “Мая Радзіма — Беларусь” пад рэдакцыяй Петрыкава. Я дык думаў, што той Петрыкаў, памятны яшчэ па дыскусіях 80-х гадоў, даўно адпачывае. Аж не: спатрэбіўся. На чырвона-зялёнай вокладцы – новазбудаваная менская бібліятэка. Пад вокладкай цімала добрага, асабліва ў аповедах пра сярэднявечча: даступныя абразкі, нарысы славутых постацяў. Але чым бліжэй да новага часу, тым больш відавочная фільтрацыя, тым болей пытаньняў мусіць узьнікаць у дапытлівых дзяцей ды пільных бацькоў. Чаму, хаця ёсьць Вітаўт, але няма Касьцюшкі й Каліноўскага? Чаму з падручніка цяжка зразумець, у якой краіне жылі нашыя продкі да канца 18 стагодзьдзя і ў якой пасьля? А якое дачыненьне да нас меў цар? Для чаго згадваць адным радком пра падзеі кастрычніка 1917 – каб забіць у дзіцячыя галовы тэрмін “рэвалюцыя”? Чаму байкі аб працоўных, якія ў вялікай дзяржаве СССР будавалі фабрыкі і электрастанцыі, не ўраўнаважваюцца праўдаю пра камуністычныя рэпрэсіі, якія закранулі кожную беларускую сям’ю, і дзеці ў сваіх дамох пра гэта чуюць?

Лягічныя пропускі сьвядома заблытваюць чытача: “У 1991 годзе была абвешчана незалежная і самастойная дзяржава – Рэспубліка Беларусь. СССР перастаў існаваць. 3 ліпеня ў нашай краіне адзначаецца як дзяржаўнае свята”. У разьдзеле “Сцяг беларускай дзяржавы” ані слова няма нават пра бытаваньне бел-чырвона-белага сьцягу як дзяржаўнага з 1991 па 1995 гады, ня кажучы ўжо пра яго больш старажытную гісторыю. Відаць за вярсту, як паводле прынцыпаў НЛП тлумяцца галовы малых ідэалягемнымі стэрэатыпамі. У невялікім разьдзеле пра Менск назвы перайменаваных праспэктаў згадваюцца ажно пяць разоў. Карацей, другая палова кніжкі – гібрыд “Гісторыі БССР” Абэцэдарскага і дазволенага патрыятызму ў стылі “лядовых палацаў”. Так малодшых школьнікаў рыхтуюць да новае канцэпцыі выкладаньня гуманістыкі ў наступных клясах – без Купалавых “Тутэйшых”, без Арлова й Бураўкіна, без Іпатавай і Сыса.

Настаўніца сарамліва просіць здаць па тысячы на “Чырвоны крыж”. Маладзейшыя бацькі просяць патлумачыць, што гэта за крыж, якой канфэсіі ды чаму чырвоны. Старэйшыя здаюць тую тысячу для дзяцей Афрыкі бязь лішніх пытаньняў, бо шкадуюць добрую настаўніцу, а таксама цешацца, што не зьбіраюць яшчэ на дасааф, асвод і працоўныя рэзэрвы.

Ангельскую мову нашыя дзеці вывучаюць паводле камплекту менскіх дапаможнікаў “Magic Box”. На тытульным аркушы пазначана: “Волшебная шкатулка.... Для учреждений (...) с русским и белорусским языками обучения”. Як зь іх вучыцца беларускамоўным дзецям – загадка, бо і слоўнікавыя пераклады, і граматычныя камэнтары зробленыя толькі па-расейску. Дачка ня раз мела цяжкасьці: ня ведала й ня мусіла ведаць расейскіх граматычных тэрмінаў і некаторых словаў-адпаведнікаў. Такім чынам, папраўдзе падручнікаў ангельскай (як і нямецкай, францускай, паліткарэктнай кітайскай) мовы для беларускіх школаў няма наагул. Гэта зноў жа паказвае, наколькі фармальна, абыякава, грэбліва ставяцца мэтадысты Міністэрства адукацыі нават да нешматлікіх рэальна беларускамоўных школаў ды іхных вучняў.

Належыць падзяка ўсім беларускім пэдагогам, якія ў ненармальнай сытуацыі працуюць нармальна: шчыра й прафэсійна. Дзеці іх любяць. Неспадзявана настаўніца нясе добрую навіну: “Нам засталася спадчына”, – кажа. Аказалася, нашыя “папярэднікі” – бацькі старэйшае “Б” клясы – самі пераклалі расейскія лексыка-граматычныя фрагмэнты на беларускую мову, дашыхтавалі да падручніка й нарабілі копіяў кожнаму вучню. Цяпер перадаюць гэтыя сшыткі нашым дзецям. Вось гэтак, безь ніякага міністэрства ды міністэрскага навукова-мэтадычнага цэнтру, пры нулявой зацікаўленасьці выдавецтва-манапаліста “Аверсэв” беларусы самі даюць сабе рады, каб вучыць сваіх дзяцей нармальна, ня горш за расейскамоўных.

У далёкую садаўскую пару маёй старэйшай дачкі мы, бацькі дашкольнікаў, рабілі тое самае: самі ўкладалі чытанкі й музычныя зборкі. Але цяпер, калі ёсьць кампутары й рызографы, такая пазадзяржаўная праца на парадак больш эфэктыўная. А значыць – – жыве Беларусь. З Днём ведаў! Школа будзе нашай.


Беларусь. З Днём ведаў! Школа будзе нашай. Вінцук Вячорка