Дацэнт ГДУ імя Ф. Скарыны: «адлічваюць лепшых».
Паводле ГАРТ
Я працую ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце Ф. Скарыны. Выкладаю рэлігіязнаўства. Тое, я хачу выказаць зводзіцца да наступнага тэзісу: такія справы, як адлічэнне Зміцера Жалезнічэнкі, наносяць шкоду універсітэцкай адукаціі. Я лічу, што Зміцера адлічылі менавіта за яго грамадскую дзейнасць. Дарэчы, гэта не першае адлічэнне такога роду. Найбольш вядомыя папярэднія выпадкі — гэта адлічэнне студэнтаў, якія былі выдатнікамі. Сярэдні бал Зміцера Жалезнічэнкі – 9,3 – надзвычай высокі. Я не ведаю, ці ёсць у нас ва універсітэце яшчэ студэнты з такім балам.
Добрыя студэнты (не толькі выдатнікі) – гэта дапамога для выкладчыка. Калі ў аўдыторыі ёсць некалькі пар уважлівых вачэй, лягчэй чытаць лекцыю – да іх і звяртаешся. Бо вельмі часта такіх вачэй няма, і такое ўраджанне, што размаўляеш са сцяной з бетону.
Але калі адлічваюць добрых студэнтаў, застаюцца горшыя. Тым больш, што прадметы, якія называюцца “сацыяльна-гуманітарнымі”, і да якіх належыць маё рэлігіязнаўства, у апошнія часы стала няпроста выкладаць.
Як прыклад прывяду выпадак, пра які мне распавёў адзін з выкладчыкаў паліталогіі. Ён чытаў лекцыю пра сістэму выбараў, і, згодна з падручнікам распавядаў, што выбары павінны быць “свабоднымі, празрыстымі і г.д.”. А студэнты яму кажуць накшталт: “Да што Вы нам кажаце! Усё гэта няпраўда. На кожных выбарах нас прымушаюць ісці і галасаваць датэрмінова”. І што рабіць у такіх выпадках? Абыйсці пытанне? – Няёмка. Пачаць крытыкаваць нашыя выбары? – Могуць быць непрыемнасці. Пайсці дакласці на студэнтаў? – Скотства.
На заканчэнне адзначу наступнае. Сістэма вышэйшай адукацыі павінна рыхтаваць высокакваліфікаваных спецыялістаў з вызначанай маральнай матывацыяй, якая прадугледжвае любоў да радзімы і жаданне працаваць на яе карысць. Гэта тое, што называецца патрыятызмам. Калі ў вышэйшай школе будзе праводзіцца палітыка адлічэння грамадска актыўных студэнтаў, то створыцца сітуацыя накшталт той, калі нейкі вар’ят будзе знішчаць на сваім полі збожжа і расціць пустазелле. Але хто потым будзе гэтае пустазелле есці?
Віктар Адзіночанка, дацэнт кафедры філасофіі ГДУ імя Ф. Скарыны, намінант на прэмію імя Вацлава Ластоўскага 2007 г.