Ці адменяць прымусовае размеркаванне

15.11.2007

Праваабаронцы патрабуюць адмяніць абавязковае размеркаваньне, або прыбраць з Канстытуцыі права беларусаў на бясплатную адукацыю.
Сёлета супраць студэнтаў, якія не даехалі па размеркаванні, завялі 65 крымінальных спраў. Сумы не малыя — ад трох да пяці тысяч долараў. Юрысты з Беларускага хельсінскага камітэту звярнуліся ў Канстытуцыйны суд.
— Мы хочам ведаць, наколькі норма пра абавязковае размеркаванне адпавядае беларускай Канстытуцыі, — патлумачылі ў БХК.
Аргументы праваабаронцаў выглядаюць лагічнымі:
— У Канстытуцыі запісана, што ў Беларусі можна атрымліваць вышэйшую адукацыю бясплатна. Але калі ты мусіш выплаціць дзяржаве грошы, або адпрацаваць па размеркаванні, гэта ўжо не бясплатная адукацыя! Атрымліваецца, трэба або мяняць Канстытуцыю і прыбіраць гэтае права, або прыбіраць норму пра абвязковае размеркаванне.
Апроч таго, юрысты называюць беларускае размеркаванне формай прымусовай працы. А Беларусь жа падпісала Канвенцыю міжнароднай арганізацыі працы «Пра скасаванне прымусовай працы». Вынікае, што мы яе парушаем? Зварот падалі ў Канстытуцыйны суд 12 лістапада. Цягам месяца праваабаронцы чакаюць адказу.
Дзе яшчэ ёсць размеркаванне?
Па суседзтве краін з абавязковым размеркаваннем няма. У Польшчы, Літве, Латвіі такой практыкі не назіраецца. У Расіі, Украіне размяркоўваюць выпускнікоў спецыялізаваных універсітэтаў, якія падпарадкоўваюцца МУС, ФСБ, МНС… То бок тых ВНУ, дзе рыхтуюць спэцыялістаў на замову, і яны адразу ведаюць, на што і куды ідуць вучыцца.
Паводле «Комсомольская правда» в Белоруссии»