«Песня пра зубра» у Гродне

29.11.2007

«Песня пра зубра» у Гродне

30‑га лістапада ў Гродне прэзентуюць унікальнае шматмоўнае выданне «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага.


Пад адной вокладкай сабраныя арыгінальны лацінскі тэкст паэмы, а таксама яе пераклады на беларускую, польскую, літоўскую, рускую і англійскую (фрагменты) мовы.


Аўтары праекту палічылі вартым не толькі перавыдаць паэму, створаную на мяжы 1521‑1522 гг., але і ўзбагаціць выданне літаратурнымі перакладамі твору на мовы народаў краінаў, на тэрыторыі якіх жылі зубры ў часы Міколы Гусоўскага. Фрагменты паэмы па‑англійску змешчаныя для папулярызацыі справы ў англамоўных краінах.


Высокі ўзровень паліграфіі, густоўныя ілюстрацыі, выдатная папера, CD‑версія, далучаная да кожнага асобніка кнігі, а таксама невялікі наклад новага выдання «Песні пра зубра», робяць яго не толькі каштоўным падарункам для аматараў гісторыі і літаратуры, але і аздабленнем любога кнігазбору.


Прэзентацыя адбудзецца а 16‑й па адрасе: вул. Будзённага 48а (пакой 44, ТБШ)

Запрашаюцца ўсе ахвотныя!


Паводле blog.grodno.net