Меркаванне вучня

12.05.2008

Брудная вада, або першы экзамен у жыцці

У кожнага быў свой першы экзамен. Час да якога рыхтаваўся і хваляваўся. Многія пасля скажуць, што школьны экзамен найлягчэйшы з іспытаў. Магчыма яшчэ год таму яны былі правы. Сёння, на мой погляд, назіраецца іншая сітуацыя. Вядома, 10 год таму школы перайшлі на 12-ці гадовую адукацыю. Школьная праграма была распрацавана і разлічана на 12 год. Той матэрыял, які па старой праграме вывучаўся ў 8–9 класе (гаворка ідзе аб некаторых раздзелах фізікі) павінен вывучацца толькі у 11–12 па новым правілам. І гэта тычыцца не толькі фізікі.

Калі да экзамену застаецца трохі болей за месяц распрацоўваецца і паступае ў продаж новы зборнік па матэматыцы, які ўтрымлівае задачы па тэорыі імавернасці, якія ў школьным курсе не вывучаліся! Болей таго, як можна прарашаць усю кніжку за месяц! Вядома ж немагчыма. Тады разумныя дзеткі ідуць ды набываюць зборнік з рашэннямі. Але не ўсё так проста! Гатовенькія рашэнні абыдуцца вучню ў 2 разы даражэй, а калі ўлічыць, што такіх кніжачак дзве, то атрымліваецца, што ў 4! Такім чынам “поўны курс” матэматыкі каштуе 35 тыс. Згадзіцеся, не малыя грошы! А трэба ж набываць яшчэ дапаможнікі і па іншых прадметах!!

Але ўсё гэта неістотна ў параўнанні з тым, што робіцца з гісторыяй!! Я не буду казаць пра ўсе беларускія школы, распавяду асабіста пра сваю. У пачатку году ўсе дзесятыя класы набылі кніжачку А.М.Сасіма “Гісторыя Беларусі. Для падрыхтоўкі да экзаменаў. Па 12-гадоваму тэрміну навучання. 10 клас” Гэтая сціплая праца складаецца са 150-ці старонак і ўтрымлівае 21 білет. Адказы на пытанні пададзены даволі сцісла, але яны зразумелыя кожнаму вучню, нават самаму дрэннаму. Шмат, якія пытанні не разглядаюцца так падрабязна, як у тых старых білетах, што былі у 11-ці гадовай школе. Тады, дарэчы, дзеці здавалі 24 білеты. Няма ў новах кніжцы падрабязнага апісання аперацыі “Баграціён”, вайны 1812, Маскоўскай бітвы і г.д. Здавалася б – ну і добра! Палегчылі дзецям жыццё, мабыць у 12-ым класе будзем адказваць па большым аб’ёме матэрыялу. Лагічна паразважаўшы, так і павінна быць! Але ж ізноў жа такі! Не ўсё так проста!
Выходзіць да дошкі сярэдні вучань і пачынае адказваць білет. Адказвае добра, практычна слова ў слова! Па першаму пытанню білета адказаў усё! Задаволены! І тут чуе раззлаваны голас настаўніцы:

– Тебе за такой ответ на экзамене вышэй восьмі балаў не паставят! Понял ты мяне?”

– Дык я ж, здаецца, усё адказаў!

– Ну как же! А про значеніе бітвы за Москву ты нічога не сказал! Сядай 3 балы!

І паставіла! Прыкладна такая ж сітуацыя адбываецца ў нас на ўроках ужо колькі тыдняў!

Настаўніца ўжо прызвычаілася да выслухоўвання аднаго і таго ж адказу на пытанне на працягу столькіх гадоў працы ў школе і не можа пераасэнсаваць і зразумець тое, што змяніўся тэрмін навучання, а разам з ім і парадак здачы экзамену. І самае цікавае: не адзін з маіх аднакласнікаў пакуль што не сказаў ёй, што ў білетах пра гэта няма ні слова! Што тычыцца мяне, то я пакуль не чуў да сябе такіх пытанняў, а калі ж спытаюць, то ў мяне хопіць “нахабства” сказаць усё як ёсць, але не атрымаць 3!

У гэтым, на мой погляд і заключаюцца ўсе праблемы ў нашай краіне! Нават дзеці баяцца сказаць праўду і разам з гэтым выклікаць на сябе гнеў. Яны лепей атрымаюць 3, але застануцца ва ўліку свядомых вучняў!

І на заключэнне хочацца расказаць яшчэ пра адзін выпадак.

Сёння заходжу ў прыбіральню. За мной заходзіць прыгожаапрануты, дагледжаны хлопец з класа 5–6-га. Уключае ваду і пачынае піць. Я заўважаю, што з крана цячэ брудная жоўтая вада і кажу хлопцу: “Супыніся, паглядзі якую ваду ты п’еш!”. І чую спакойны, упэўнены адказ: “У меня была чистая”.
Як кажуць: думайце, што хочаце...