Куды вядзе рэформа?
Ліпеньскага зацішша ў адукацыі сёлета нe выпала – прэзідэнт падпісаў дэкрэт № 15 і праз паўтара месяца школа павінна пачаць працу ў адрэфармаваным выглядзе.
Афіцыйныя крыніцы інфармацыі і сам прэзідэнт няспынна паведамляюць пра посьпехі, як быццам яны ўжо адбыліся. Дастаткова пачытаць загалоўкі афіцыйных СМІ : "А.Лукашенко: переход на 11-летнее обучение в школе пройдет безболезненно", "Сокращения учителей в Беларуси не будет", «Двойного конкурса в вузы в 2009 году не будет»
Праўда, калі уважліва прачытаць гэтыя артыкулы, заўважны мякка кажучы неадпаведнасці. З аднаго боку, «Аляксандр Лукашенка адзначыў, што 12-гадовае школьнае навучанне штогод патрабавала б дадатковыз Br150 млрд.," (гл. БЕЛТА ), з іншага боку, тамсама паведамляецца «Ніхто не забярэ сродкі ў Міністэрства адукацыі, наадварот тое, што прадугледжана на 12-й клас, будзе накіраванае на падвышэнне зарплат настаўнікаў", – паабяцаў першы намеснік аддзела адміністрацыі прэзідэнта". Спачатку сцвярджаецца пра "безболезненный переход" а потым, што падручнікі той жа самы прэзідэнт загадаў падрыхтаваць толькі праз год!
З іншага боку, незалежныя аналітыкі сцвярджаюць, што беларускую школу вяртаюць у Савецкі Саюз. Тут прыводзяцца аргументы больш лагічныя і грунтоўныя. Напрыкагцы артыкула робіцца выснова: дзяржава ідзе насуперак з дэклараваным прынцыпамі пабудовы высокаадукаванага, інтэлектуальнага грамадства, перабудовы эканамічнай мадэлі на дамінаванне разумовай працы над ручной. І ідзе насуперак відавочна наўмысна, выдатна ўсведамляючы, што кіраваць розумамі рабочых і сялян значна прасцей, чым будаваць шэрагі з вальнадумцаў. Сучасную Беларусь нездарма называюць запаведнікам сацыялізму. Тут захаваліся не толькі сапраўды добрыя рысы той сістэмы, але і з зайздроснай зацятасцю аднаўляюцца анахранізмы, незразумелыя і непрыдатныя для сучаснага светапогляду.
З пункту гледжання Настаўніка.інфо, школа не вяртаецца ў часы СССР, калі яе мэтай было абслугоўванне ВПК. (Ну няма ў нас ні моцнага ВПК, ні абяцанай «сіліконавай даліны»!). Таму рэформа не толькі руйнуе гуманітарную адукацыю, але і зніжае агульны ўзровень ведаў па ўсіх прадметах. Праблемы адукацыі (залішняя акадэмічнасць школьных ведаў і слабая арыентаванасць на практыку) трэба вырашаць іншымі метадамі. Сучасны рынак працы патрабуе вузкіх заглыбленых спецыялістаў. Таму выйсцем было б перавесці школу на мультыпрофільнае навучанне, каб кожны вучань з улікам здольнасцяў і рынку працы мог сам выбіраць які прадмет яі на якім узроўні яму вучыць. Ды і ровар тут вынаходзіць не трэба – так працуюць школы Еўропы і Амерыкі. Цяперашняя рэформа нагадвае барацьбу дрэннага з горшым: прадугледжвае паніжэнне узроўня акадэмічных ведаў, але не дае альтэрнатывы вузкапрофільнай перадпрафесійнай практыкаарыентаванай падрыхтоўкі.
Куды вядзе рэформа?
21.07.2008