У сувязі з тым, што новая школьная рэформа выкінула з вучэбнай праграмы прадмет «Сусветная мастацкая культура», знаёміць вучняў з творамі беларускага і сусветнага мастацтва давядзецца цяпер нефармальным чынам. З гэтай нагоды прапануем вам інфармацыю пра дзве выставы, якія праходзяць гэтым часам у Мінску.
15 верасня ў галерэі «Падземка» адкрылася выстава работ фотакарэспандэнта газеты «Наша Ніва» Андрэя Лянкевіча «Паганства».
У экспазіцыі прадстаўленыя 10 здымкаў, якія адлюстроўваюць паганскія традыцыі, што дагэтуль існуюць у вераваннях і культах палешукоў.
На сваіх фотаздымках аўтар захаваў, як адзначаюцца старажытныя беларускія святы паганскага паходжання, у тым ліку Купалле і ваджэнне куста, як абагаўленне розных прыродных сіл і стыхій дагэтуль прысутнічае ў беларускім нацыянальным арнаменце, як да сённяшняга дня ў вясковага насельніцтва захоўваецца вера ў абрады лячэбнай магіі (знахарства), жывуць рэлігійныя паганскія забабоны (змовы, варажба, добразычлівыя і злаязычныя пажаданні), а сяляне, як у далёкай старажытнасці, ушаноўваюць асобным дрэвам, камяням і крыніцам. Працаваць выстава будзе да 30 верасня.
17 верасня ў галерэі «Мастацтва» (праспект Незалежнасці, 12) адчыняецца выстава жывапісу Алеся Марачкіна «Між Мнютай і Аутай», прысвечаная 120-годдзю са дня нараджэння класіка беларускага выяўленчага мастацтва Язэпа Драздовіча. У экспазіцыю ўвойдуць пейзажы, на якіх намаляваныя прыродныя і архітэктурныя адметнасці рэгіёна, у тым ліку Дабравешчанскі касцёл, збудаваны ў 1787 году ў стылі віленскага барока ў вёсцы Германавічы. Тут знаходзіцца культурна-асветніцкі цэнтр імя Я.Драздовіча, створаны Адай Райчонак, якая штогод арганізуе мастацкія пленэры памяці мастака.
Паводле сайта «Белорусские новости»
Выставы твораў Андрэя Лянкевіча і Алеся Марачкіна
20.09.2008