Багата ілюстраваная, на добрай паперы кніга «Калекцыйная спадчына Вялікага Княства» нарадзілася з ініцыятывы супольнасці карыстальнікаў парталу «Ізрой».
Мэта кнігі — паказаць сучаснікам спадчыну Вялікага Княства Літоўскага. Трое з цяперашніх аўтараў (Дз.Гулецкі, А.Грамыка, А.Крываручка) летась ужо выдалі кнігу «Манеты Беларусі да 1707 году».
Першы раздзел кнігі прысвечаны картам і гравюрам, што звязаныя з ВКЛ. Гэта першая спроба сістэматызаваць цікавую, але малавядомую для большасці галіну нашай спадчыны. Прадстаўленыя вядомыя і малавядомыя старажытныя карты ВКЛ і гравюры беларускіх гарадоў. Ёсць табліцы з аўкцыённымі коштамі некаторых выданняў.
Напрыканцы кнігі пададзеныя парады — «Карты ў інтэр’еры» — аб правільным развешваньні, даглядзе і захоўванні старажытных картаў і гравюраў.
Другі раздзел кнігі прысвечаны манэтам, што абарачаліся на землях Беларусі ад часоў Ягайлы да апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Панятоўскага. Змешчаны пашыраны каталог з прыблізнымі коштамі на беларускім рынку.
Прадстаўленыя даследаваньні беларускіх нумізматаў па літоўскіх манетах Аляксандра Казіміравіча і Жыгімонта Старога, полацкіх фальшыўках лівонскіх манет, літоўскіх барацінках 1660—1661 гг. і вытворчасці манет за часамі Панятоўскага. Чытача зацікавіць таксама невялікія зацемкі «Цікавыя факты», пададзеныя ці не на кожнай старонцы аб працы мынцаў (манетных двароў), каралеўскія прывілеі і іншыя падзеі, звязныя з вытворчасцю манет на землях ВКЛ.
Трэці раздзел прадстаўляе прыватныя пячаткі ВКЛ. Кніга прапануе шматлікія фота пячатак літоўскай шляхты, заможных месцічаў і габрэйскіх гандляроў, што захоўваюцца ў прыватных калекцыях і публікуюцца ў Беларусі ўпершыню.
Паводле Нашай Нівы
Ведай свае грошы!
24.10.2008