З’явіліся першыя кніжкі серыі «Беларускія ЕўраГраматыкі» сталічнага выдавецтва «Радыёла-плюс», якія без усялякага перабольшаньня можна вызначыць як адметную падзею ў лінгвістыцы, культуры і адукацыі.
Мабыць, нездарма першымі выйшлі ў серыі два томікі кароткіх граматык латышскай і польскай моў. І палякі, і латышы адзначылі ў лістападзе 90-годдзі сваёй незалежнасці — менавіта восенню 1918 года на палітычнай мапе Еўропы з’явіліся дзве новыя дзяржавы, і, трэба думаць, новыя выданні ёсць своеасаблівым падарункам выдаўцоў і аўтараў, а таксама ўсіх беларусаў суседнім народам.
І калі ўжо гаворка зайшла пра аўтараў, дык на абедзьвюх вокладках і тытулах можна знайсьці прозьвішча знанага мовазнаўцы, педагога, перакладчыка-практыка Лявона Баршчэўскага (аднак, адзначым дзеля справядлівасьці, што над латышскай граматыкай шчыраваў ён разам з Андрэем Гуцавым). Думаецца, выданне гэтых граматык ёсць пэўным працягам і развіцьцём папярэдніх выданняў шаноўнага аўтара — «Беларуска-лацінска-еўрапейскага слоўніка» і «ЕўраСлоўніка».
Аб’ядноўвае гэтых першых ластавак новай серыі не толькі аўтарства, але і адметнае, пазнавальнае мастакоўскае афармленне. Колеравае спалучэнне на абедзвюх вытрыманае ў бел-чырвона-белых фарбах, хіба што на польскім томіку яны яркія, сакаўныя, а на латынскім — больш стрыманыя, адцення засохлай крыві. І гэта нездарма, бо выклікае згадкі пра семантыку абодвух нацыянальных сцягоў, якая практычна супадае і з тлумачэннем колеравай гамы спрадвечнага беларускага, а не штучна вынайдзенага за сталінскім часам штандарта.
Несумненна, што кнігі серыі зробяць адметны ўнёсак у разьвіццё айчыннага мовазнаўства. Прыемна ўсведамляць гэтаксама, што, акрамя культурніцкага і палітычнага аспектаў, маюць гэтыя кніжкі і непасрэдна ўжытковы — будуць запатрабаваныя яны і ў Латвіі, і ў Польшчы, дзе пражывае немалая беларуская дыяспара. Нездарма зьмешчаны ў кнігах і такія практычна запатрабаваныя раздзелы, як «Некаторыя ўстойлівыя выразы», дзе можна знайсці прымаўкі, выслоўі, фразеалагізмы, а таксама шыльды і надпісы.
І што вельмі істотна, выхад гэтых кніжак (а таксама, спадзяемся, дзясяткаў наступных) ліквідуе паранармальную з’яву — мовы суседніх краін, а ў тым ліку і такіх роднасных, як польская, альбо ўкраінская, альбо славацкая, беларусы найчасцей мусілі вывучаць праз рускую мову, праз мову-пасрэдніцу, што нярэдка заблытвала дый ўскладняла працэс навучання. Акрамя таго, спатрэбяцца гэтыя кніжкі студэнтам і навукоўцам — філолагам, этнографам, культуролагам, а таксама ўсім тым, хто цікавіцца мовамі суседніх народаў.
«Апошнім часам мы схіляемся да праектаў, якія запаўняюць пэўныя нішы, якія можна без усялякай нацяжкі назваць сацыяльна значнымі, якія станавіліся б як мінімум культурніцкай падзеяй, — гаворыць пісьменьнік, выдавец і куратар серыі граматык Уладзімір Сіўчыкаў. — Бо не сакрэт, бывае ў выдавецкай справе і такое, што новая кніжка не грэе анікога, акрамя яе аўтара».
А на працяг серыі, як своеасаблівы калядны падарунак, выдаўцы спадзяюцца пабачыць і «Кароткую граматыку лацінскай мовы» нашага знанага лацініста Алеся Жлуткі. Аздоблена яна будзе ў залатых танах, у афіцыйных колерах Папы Рымскага, — латынь сёньня ёсьць найперш дзяржаўнай мовай Ватыкану. Але не забываймася, што актыўна запатрабаваная яна не толькі Касцёлам, але і гісторыкамі, лінгвістамі, медыкамі, юрыстамі, усімі адукаванымі еўрапейцамі.
Паводле naviny.by
Кароткія замежныя граматыкі па-беларуску
04.12.2008