Вінцук Вячорка: Кім засялілі падручнік беларускай мовы? Прафком, саўнарком і камротамі
Штовечар правяраю хатняе заданьне ў малодшай дачкі. Так праходжу гімназічную праграму – параграф за параграфам – і штовечар натхняюся (дакладней, набрыньваю гронкамі гневу).
Пра падручнікі для 5-й клясы, іхную мову, улік узроставай псыхалёгіі ды цывілізацыйную арыентацыю я сабе паабяцаў напісаць – і мусова напішу – эсэй. Калі закончыцца навучальны год. А пакуль – фрагмэнт будучых нататак фэноляга.
“Беларуская мова”. 2001 год. 2-е выданьне, не якое там 40-е стэрэатыпнае. Значыць, даволі сьвежа, як на падручнік, укладзенае. Імёнаў аўтараў падручніка не падаю: абодва яны харошыя ды нацыянальна сьведамыя людзі даволі шаноўнага ўзросту. У практыкаваньні 10-гадовыя дзеці мусяць прыпісаць правільныя канчаткі словам, дапасаваным да складанаскарочаных. Мэтадычная задача – замацаваць уменьне вызначаць род складанаскарочанага слова дый наагул яго граматычную форму. Усё звычайна. Вось сказы.
- Люба коратка ахарактарызавала кожнага студэнта, чые заявы разгляд… прафком. (А.Васілевіч)
- Забеліна, як і Васіліна цяпер, прыехала некалі, гады за чатыры да вайны, у Старыцк… МТС. (Т.Хадкевіч)
- РБУ дарожн… вядзе свой рамонт – адвечную работу. (С.Басуматрава)
- Саўнарком засяд… позна, гадзін да адзінаццаці. (Іван Шамякін)
- “Зямлянку” – зімнюю элегію – спяв… камроты Весялоў. (А.Пысін)
- Фінал розыгрышу кубка чэмпіёнаў па ручному мячу сярод клубных каманд Еўропы выйгр… спартсмены Мінск… СКА. (“Звязда”)
Што ж беларускае дзіцё пачатку XXI стагодзьдзя вычытала ў гэтых сказах і ў выніку напісала? ***
- … студэнта, чые заявы разглядаліся прафком (кім-кім? прафком, няўжо ня ясна? прафок іх разглядае! Тое, што ў слове зашыфраваны прафсаюзны кАмітэт, выклікала шчырае зьдзіўленьне: тады мусіць быць прафкАм! – вазглагалалі мне уста младзенца).
- … прыехала некалі, гады за чатыры да вайны, у Старыцкі МТС (натуральна, мужчынскага роду, бо МТС – мабільны апэратар, што ведае нават вожык!).
- Пра РБУ я быў спытаны, ці гэта Рэспубліканскі беларускі ўнівэрсытэт, ці які іншы.
- Саўнаркому пашанцавала больш. Ён засядаў, не саўнарком засядалі (хоць маглі, ну як вечарком).
- У перадапошнім сказе таксама напісалася правільна: …спяваЎ камроты Весялоў. Я пахваліў дачку. І тут яна мяне папытала: а ці прыметнік гэтае камроты? (пэўна, як пузаты, валасаты, вялікароты…) Я падумаў: добра яшчэ, што лёгіка моўнага дасьледаваньня не падвяла малую да яшчэ больш гарманічнага варыянту: сьпявалі хто? Нашыя камроты! Камроты адкуль? Ды зь Весялоў!
Скажу шчыра, спачатку я рагатаў, чым дзіцё пакрыўдзіў. Потым пэдагагічна сказаў ёй, што сьмяюся з падручніка, чым супакоіў. А потым зацяўся. Кім засялілі падручнік беларускай мовы? Прафком, саўнарком і камротамі (якія, праўда, выбіраюць не velcom, а МТС)!
Не ідэалізую ўласнае дзіцё, адразу пагаджуся, што і ў 10–11 гадоў можна начытацца савецкай мастацкай ды гістарычнай літаратуры ды ўсе гэтыя замшэлыя саветызмы лёгка разгрызаць. Праверыўшы пісаніну й насьмяяўшыся ўволю, я пастукаў кулаком па стале: чаму не зазірнула ў слоўнікі, якіх дома мора?! Але, зь іншага боку, у мяне звычайны дзіцёнак пачатку трэцяга тысячагодзьдзя (у сэнсе ня кніжны рабак, а нявольніца аўдыявізуалу), яна глядзіць Белсат, Jetix і чамусьці Smile of a Child, дзе ня вее саўнарком (чым-чым ня вее?).
Так у дзіцячай сьвядомасьці фармуецца погляд, што школьная беларуская мова слаба перасякаецца з жывою. А ў іншых сем’ях, дзе па-беларуску не гавораць, вырастаюць дзеці, падсьвядома індактрынаваныя перакананьнем, што беларуская мова наагул ня мае нічога супольнага з рэальнасьцю.
*** Магу на гэты эпізод паглядзець інакш. Як на лякальны мовазнаўчы экспэрымэнт.
Пацьвярджаецца ня мною сфармуляванае: складанаскарочаныя словы (як і абрэвіятуры наагул) беларускай мове не былі ўласьцівыя, прыйшлі ў яе або й ґвалтам былі накінутыя падчас саветызацыі. Ані ў літоўскай, ані ў польскай нічога падобнага да гаркамаў, завучаў, калдагавораў ці там спэцназаў няма (літоўцам хіба ўвапхнулі kolūkis ‘калхоз’, а з саўхозам непярэліўкі выйшлі: tarybinis ūkis). Не разглядаем тут trademarks кшталту Kautra (Kauno transportas) ці таго ж Белсату. У ангельскай апошніх дзесяцігодзьдзяў зьяўляюцца словы накшталт modem (modulator-demodulator), але гэта ўсё ж мова тыпалягічна й генэтычна значна далейшая ад нас.
Вось чаму на прамілы Бог прашу рэдактараў, якія ўважаюць сябе за моўных заканадаўцаў, спыніць далейшую рэсаветызацыю мовы й зарачыся ўжываньня пачварак белмова, белмоўны, белшкола і г.д.