Бацькі Янкі Лапіцкага дамагліся працягу навучання сына на роднай мове

07.11.2009

На колькі доўга і на якіх умовах гэта будзе адбывацца адказаць пакуль цяжка, бо пісьмовых адказаў на звароты бацькоў у Жодзінскі выканкам і Гімназію №1 – дагэтуль так і не паступала.


Аднак вучня, які па віне службоўцаў прапусціў цэлую навучальную чвэрць, нядаўна па тэлефоне запрасілі назад у Гімназію №1 для працягу беларускамоўнага навучання …


Нагадаем, што з-за неправамернага і дэструктыўнага бяздзеяння службоўцаў мясцовай і мінскай “выртыкалі” беларускамоўны вучань Янка Лапіцкі быў пазбаўлены права на адукацыю на роднай мове і не навучаўся ў Гімназіі №1 горада Жодзіна цэлую чвэрць.


Толькі пасля чарговага пісьмовага пратэсту бацькоў у бок Міністра Адукацыі Беларусі А.Радзькова і адказу на яго за подпісам намесніка міністра К.Фарыны, у якім урэшце з'явілася ўзгадка пра наяўную магчымасьць працягу беларускамоўнага навучаньня Янкі ў памяшканні Гімназыі №1 у Жодзіне – справа, здавалася, зрушыла з “мёртвае кропкі”.


Аднак, нават пасля гэтага бацькам не ўдавалася дабіцца хоць нейкага пісьмовага адказу на патрэбныя заявы, сваечасова пададзеныя ў адрас дырэкцыі мясцовай навучальнай установы (першая была пададзена аж 31.08.2009), у тым ліку на заяву, зробленую дадаткова пасля атрымання адказу з Мінадукацыі. Акрамя таго, апошні зварот у выканкам, зроблены на пачатку кастрычніку 2009, таксама заставаўся без адказу. У сувязі з гэтым, пацярпелым ад працягу пераследу і дыскрымінацыі па нацыянальнай ды моўнай прыкмеце жодзінцам прыйшлося тэрмінова, перад самым паседжаннем Камісіі па справах непаўнагадовых Жодзінскага выканкаму, 20.10.2009 падаць заяву ў Жодзінскую пракуратуру.


Пры гэтым факт застаецца фактам. Варта было аднаму з вышэйшых каардынуючых суб’ектаў сістэмы адукацыі (натуральна, пад націскам патрабаваньняў бацькоў) узяць на сябе “смеласьць” НЕ ПАРУШАЦЬ КАНСТЫТУЦЫЙНАЕ ПРАВА (і каго толькі пры гэтым прыходзілася баяцца высокім службоўцам !?) ды пісьмова ўзгадаць пра факт існуючай ад самага пачатку навучальнага году магчымасці для працягу беларускамоўнага навучання Янкі ў гімназічнай установе горада Жодзіна, як сістэма “цвердалобага” наменклатурна-каманднага ўціску тут – страціла кропку апоры і забуксавала.


У гэтых умовах паседжанне “Камісіі”, на якую былі выкліканы бацькі беларускамоўнага вучня для аказання на іх дадатковага адміністратыўнага ўціску, пераўтварылася ў лікбез для службоўцаў па асновам канстытуцыйнага і міжнароднага права ў галіне правоў чалавека.


Праваабаронца Аляксей Лапіцкі звярнуў увагу прысутных на тых поглядах і перакананнях, натуральных для грамадзянаў незалежнай еўрапескай Беларусі, якія парушаюцца ў спробах рэалізаці дыскрымінацыйнага і цалкам неправамернага Рашэння №928 Жодзінкага выканкаму аб фактычным пазбаўленні права на беларускамоўную адукацыю і прымусе да рускамоўнага навучання яго беларускамоўнага сына Янкі.


Ён папярэдзіў, што любы суб’ект права, тым больш той, які мае ўладныя паўнамоцтвы, адпаведныя абавязкі і адказнасць – павінен не парушаць асноўныя грамадзянскія і палітычныя правы, замацаваныя ў агульнапрызнаных стандартах і канстытуцыйных нормах права, у палажэннях дзейснага нацыянальнага заканадаўства, а безумоўна і гарантавана іх выконваць.


У “Камісію” былі перададзены копіі актуальных дакумэнтаў перапіскі, зробленых заяваў, на якія адсутнічаюць адказы з Гімназыі №1, копія апошняга адказу з Мінадукацыі, а таксама – апошняга звароту ад 20.10.2009 бацькоў у Жодзінскую пракуратуру па фактах дыскрымінацыі, неправамернага дзеяння-бяздзеяння службоўцаў “вертыкалі ўлады” і сістэмы адукацыі, а таксама парушэння Закона Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзянаў”.


Вынікам падобнай упэўненай, ясна прадстаўленай прававой і грамадзянскай пазыцыі, падмацаванай дакументаваным сведчаньнем неправамерных і дэструктыўных паводзінаў службоўцаў – сталася станоўчая пастанова, для якой падрыхтаваны загадзя тэкст прэамбулы давялося карэктаваць па сутнасці. У пастанове адзначаецца, што Жодзінскаму ГАА прадстаўляецца 5-ці дзённы тэрмін для вырашэння пытання далейшага навучання непаўнагадовага Янкі Лапіцкага.


Пасьля гэтага да бацькоў Янкі тэлефанавалі з гімназыі і запрашалі назад у школу. Па звестках настаўнікаў, памяшканне, з якога па загадзе дырэктара была ў тэрміновым парадку вынесена парта і дошка, і дзе ўжо была размешчана тэхнічная служба школы, давялося зноў рыхтаваць да працягу навучання.


Такім чынам, да атрымання хоць нейкай зразумелай канкрэтыкі, зафіксаванай дакументальна ў пісьмовых адказах альбо новых рашэннях па адзначаемым пытанні, можна канстатаваць толькі тое, што на цяперашнім этапе беларускамоўны гімназіст атрымаў магчымасць вярнуцца ва ўласную Гімназію №1 і мае намер працягваць навучанне па ранейшай спэцыялізавана-гімназычнай праграме на роднай мове.


Паводле prava-by.info