Ліст мінскага настаўніка Генадзя Лойкі міністру культуры

13.11.2009

Міністру культуры РБ,


Паўлу Паўлавічу Латушку



Генадзь Станіслававіч Лойка,


што жыве па адрасе:


220017, вул. Калесьнікава, 6, 108



Паважаны спадар Міністар!


Прашу перавесьці справаводзтва, навучаньне і выхаваньне ў Менскай мастацкай вучэльні імя А. К. Глебава на беларускую мову. Будучыя беларускія мастакі, работнікі беларускае культуры, якія выпускаюцца з гэтай вучэльні, не валодаюць роднай беларускай мовай. Я працаваў там ад 3 верасьня 2008 г. да 2 верасьня 2009 г. і заўважыў, што вучні ў асноўным ня могуць зьвязаць і пару слоў па-беларуску, не кажучы ўжо пра выражэньне свае думкі. Колішні дырэктар, В. Ясюк, перавёў усё на другую дзяржаўную мову. Відаць, былі патрачаныя фінансавыя сродкі. Але гэтыя захады, як бачым, не паспрыялі ані глыбейшаму навучаньню, ані выхаваньню павагі да роднае мовы.


Другая мая просьба датычыць кадравай палітыкі дырэктара Аляксандра Валер’евіча Шантаровіча. Са мною не працягнуты працоўны кантракт. Паводле закону, дырэктар мае права нават не тлумачыць за што. Але для мяне прычына відавочная – мае выразныя, ні перад кім не хаваныя дзеяньні па абароне беларускай мовы. Такім чынам, дырэктар даў урок сваім падначаленым – калі хтосьці паспрабуе адстойваць беларускую мову як Лойка, дык таксама апынеца беспрацоўным.



Азіраючыся на мінулы год, я так бачу падзеі.



1) У першы ж дзень працы, паздароўкаўшыся і пазнаёміўшыся з вучнямі, я сказаў: “Дзеці! Вы ўжо заўважылі, што я размаўляю па-беларуску. Вы ж беларускаю моваю не карыстаецеся і ў сваім атачэньні зь ёю амаль не сутыкаецеся. Самі бачыце, што роднай мовы амаль няма, яна зьнікае. Асабіста мяне такі стан не задавальняе. Таму ад мяне вы не пачуеце аніводнага расейскага слова. Тым ня менш, я ўяўляю як вы навучаліся роднай мове і літаратуры ў школе, і, магчыма, каторае слова вам будзе незразумелым, дык спыняйце маю гаворку ў любым мейсцы і перапытвайце гэтае слова. На расейскую мову, як я вам толькі што казаў, перакладаць не буду, але нейкім чынам, агульнымі намаганьнямі мы дамо рады, растлумачым”. За год працы былі толькі пару слоў, даволі рэдкіх, якія давялося тлумачыць. Сваім прыкладам я давёў, што нашых дзяцей можна навучаць выключна на беларускай мове, яны ўсё разумеюць.



2) З настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Валянцінай Аляксандраўнай Кляўко я пазнаёміўся і паразмаўляў у канцы сэмэстру. Нагодаю быў абуральны факт: у беларускамоўных залікоўках ставіліся адзнакі за “белорусский язык и белорусскую литературу”! І невыпадкова. Найперш, што сказала спадарыня Валянціна пры сустрэчы, была просьба: “Можно я буду на русском? Мне так легче.” Я такога не дазволіў. Мы абмяняліся паглядамі на родную мову. Выходзіць, што яна ня толькі не ставіць сабе за мэту навучыць нашых дзяцей размаўляць па-беларуску, а наадварот,каб, барані Бог, не загаварылі на роднай мове, г.зн. не прымянілі на практыцы вывучаныя граматычныя правілы. Справа ў тым, што вучні Глебаўкі – мастакі, душы тонкія. Варта адной іскры... і яны пойдуць пратэставаць на плошчу Каліноўскага. А там жа ОМОН, дубінкі. А беларуская мова сама па сабе выдае пратэставую пазыцыю яе носьбіта. Таму яна, жанчына сэрдабольная, дбае пра цэлыя ныркі ды скабы вучняў. Я зь ёю згодны, і ўсё ж трымаюся дыямэтральна іншае пазыцыі: “Калі вы размаўляеце па-расейску, г.зн. не размаўляеце па-беларуску, г.зн. зьнішчаеце беларускую мову на вачах вучняў, дык вы ня маеце маральнага права навучаць іх беларускай мове і літаратуры”. Гэтыя словы абразілі яе прафэсійны гонар. А мяне абражае, што беларусаў навучаюць беларускай мове тыя, хто беларускаю моваю дэманстратыўна не карыстаюцца. Такое я назіраў і ў СШ 185, дзе я працаваў раней: зь пяці настаўніц беларускай мовы толькі адна валодала прадметам свайго выкладаньня. Што гэта за дзяржава, якая ня можа забясьпечыць навучаньне беларускай мове беларускамоўнымі настаўнікамі?!



3) Доўгі час, аж да Новага году, мая непахісная пазыцыя ў мове напружвала супрацоўнікаў бугалтэрыі. Бо я дабіваўся (і дабіўся) ад Беларусбанку дакумэнтаў на першай дзяржаўнай мове. Закон на маім баку. “Закон аб мовах” дазваляе мне, звычайнаму грамадзяніну краіны, ня ведаць другую дзяржаўную мову, а кіраўнікоў і супрацоўнікаў любых устаноў абавязвае валодаць дзьвюмя. У банку я скарыстаўся гэтым аргумэнтам. Але ў сваёй установе гэтак жа заявіць, што не разумею па-расейску – не маю права. Тым ня менш, я папрасіў адміністрацыю размаўляць па-беларуску. Намесьніца дырэктара па навучальнай частцы Людміла Мікалаеўна Мякота адказала мне:


— А я просто не хочу. Дома, может быть, я разговариваю на-белорусском, а с вами не хочу и имею такое же право, как и вы. Кстати, а почему вы не заявили об этом в первый день, при приёме на работу?


— А вы мяне прынялі б? — адказаў я пытаньнем на пытаньне.


— Нет.


— А павінны былі б не прымаць на працу тых, хто ў аддзеле кадраў у графе”Якімі мовамі валодаеце” не напісаў абедзьве дзяржаўныя мовы. Гэтага патрабуе Закон дзяржавы. А палітычныя ды ідэалягічныя погляды зусім не ўплываюць на працаўладкаваньне. Закон, наадварот, вітае свабоду сумленьня, перакананьняў і г.д.



4) Адміністрацыя спрабавала забараніць мне насіць бела-чырвоны значак з надпісам “Размаўляй са мной па-беларуску”. Людміла Мікалаеўна палічыла, што гэтая просьба прыцясьняе свабоду калегаў ды вучняў у выбары мовы. Я пераказаў гэта калегам. Мы дружна пасьмяяліся.



5) І нарэшце, я напісаў заяву на імя дырэктара і прапанаваў перавесьці ўсё справаводзтва ў мастацкай вучэльні імя А. К. Глебава на беларускую мову. Мне адмовілі.



Вось пяць крокаў у напрамку менавіта абароны роднае мовы, якія я пасьпеў зьдзейсьніць пад час працы ў мастацкай вучэльні імя А. К. Глебава. Зь імі я пазнаёміў маіх калег, вучняў. Цяпер яны ведаюць сапраўдную прычыну, паводле якой чыноўнікі нашай дзяржавы не працягваюць кантракт з педагогам вышэйшай катэгорыі, які мае 18-гадовы педагагічны стаж, з бацькам траіх дзяцей, які ня меў істотных заўвагаў па дысцыпліне ці методыцы выкладаньня скульптуры. Такая выразная тэндэнцыя у адносінах да беларускае мовы, на мой погляд, ганьбіць усю нашу дзяржаву. І ўсё ж, спадзяюся, што дзяржава ў асобе міністра культуры абароніць нашу родную мову.


Спадзяюся таксама, што я памыліўся, угледзеўшы памянёную тэндэнцыю ў працы адміністрацыі вучэльні. Буду вельмі рады пабачыць, як адміністрацыя беларусізуе вучэльню – пераводзіць справаводства, навучаньне і выхаваньне на беларускую мову. Тым больш, што ёсьць патэнцыял. Я там працаваў і ведаю некалькіх настаўнікаў і вучняў, якія не цураюцца роднай мовы. Намесьніца дырэктара па выхаваўчай працы Марына Віктараўна Яскевіч мае тоўстую тэчку мерапрыемстваў. Яна зь вялікім задавальненьнем пакажа некалькі штук, напісаных па-беларуску. Мне асабліва спадабалася, як адміністрацыя перахапіла маю ініцыятыву па правядзеньні Міжнароднага дня абароны роднае мовы 21 лютага. Я быў прапанаваў беларускамоўную дыскатэку, плякат, а зрабілі лепей – запрасілі тэатар аднаго актора “Зьніч” з цудоўным сьпектаклем паводле Уладзімера Караткевіча. Файна прайшоў таксама і першы дзень навучальнага году (для мяне гэта быў апошні дзень працы) – урачысты прыём першакурсьнікаў адбыўся цалкам на беларускай мове (калі ня ўлічваць выступленьне прадстаўніцы Міністэрства культуры і некаторых настаўнікаў).


Нешта ў мяне атрымаўся караценькі сьпіс станоўчага. Але адміністрацыя можа яго падоўжыць. І толькі такім чынам пазбавіць падставаў для крыўды нейкага там Лойкі, які паўсюль сьцьвярджае, што яго выгналі з працы за беларускую мову.


Такім чынам, другую сваю просьбу да Вас, Павел Паўлавіч, сфармулюю амаль гэтак жа, як і першую: Прашу дапамагчы адміністрацыі Менскай мастацкай вучэльні імя А. К. Глебава перавесьці справаводзтва, навучаньне і выхаваньне на беларускую мову.


Паводле http://nastaunik.livejournal.com