Адбылася прэзентацыя дыска «Гадуем беларусаў

10.12.2009

У Мінску прайшла прэзентацыя мультымедыйнага дыска «Гадуем беларусаў».
Дыск стаў адказам на шматлікія запыты бацькоў і педагогаў, якім нестае якасных метадычных і дапаможных матэрыялаў па-беларуску, паведаміла рэдактарка парталу nastaunik.eu. і ўкладальніца дыска Тамара Мацкевіч. Паводле яе слоў, «Гадуем беларусаў» – першы крок у стварэнні сучаснай навучальнай прасторы для беларускіх дзетак, гэтым разам для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў.

Неўзабаве плануюцца яшчэ дзве часткі складанкі, адрасаваныя педагогам, бацькам ды вучням сярэдняй і старэйшай школы. Больш за сто аўтараў ахвяравалі свае напрацоўкі ў дыск. У ім можна знайсці канспекты школьных урокаў і пазакласных заняткаў, п’есы для школьнага тэатра і сцэнарыі святаў, тэксты чытанак і песень, ноты і караоке, фанаграмы, дыяфільмы, навучальныя кліпы, мультфільмы, гульні, размалёўкі і шмат чаго іншага.

Навуковы супрацоўнiк Нацыянальнага iнстытута адукацыi Алеся Чарняўская падкрэсліла, што сучасны стан адукацыі па-беларуску як для дашкольнікаў, так і малодшых школьнікаў, амаль цалкам рускамоўнае атачэнне патрабуюць ад бацькоў і педагогаў рашучых крокаў, каб дапамагчы дзеткам з маленства адчуць чароўнасць беларускай роднай мовы. “Таму дыск «Гадуем беларусаў» павінен стаць «настольнай кнігай» шматлікіх зацікаўленых выхава-



льнікаў, настаўнікаў і асабліва бацькоў, што імкнуцца выгадаваць чалавека, які з гонарам прамаўляе «Я – беларус»”.

“Па-добраму здзівіла разнастайнасць дыска з пункту гледжання як аўтараў, так і жанраў, – падзялілася ўражаннямі настаўніца пачатковых класаў з Гродна Ірына Сыско. Безумоўна, ён па-за канкурэнцыяй: падобнага збору матэрыялаў на сёння папросту няма”.



Апрача прафесійных педагогаў, ва ўкладанні дыска паўдзельнічалі бацькі маленькіх беларусаў. “Паколькі якасных навучальных матэрыялаў для дашкольнікаў бракуе, а знайсці нешта беларускамоўнае амаль немагчыма, некаторыя рэчы, як размалёўкі ці флэш-гульні, для сваіх дзяцей я раблю сама. І мне прыемна падзяліцца імі з іншымі бацькамі,” – распавяла стваральніца сайту dzietki.org Юлія Малахоўская.



“Нам шмат даводзіцца чытаць дзецям і адразу перакладаць, – патлумачылі сваю працу Андрусь і Галіна Падлескія з Нью-Ёрка, стваральнікі сеціўнай старонкі dziacinstva.net. – Але пераклад прыгажэйшы і лексічна багацейшы, калі папярэдне над ім падумаеш і папрацуеш са слоўнікамі. І мы пачалі пакрысе перакладаць дыяфільмы.” “Праз дыяфільмы, як праз сродак мастацкага ўвасаблення літаратурных твораў, мова ўспрымаецца вельмі добра, – падтрымала гутарку перакладніца Марына Боднар, – бо прагляд дыяфільма суправаджаецца эмацыйным стаўленнем да твора, узнікаюць сувязі з актуальнымі сітуацыямі і падзеямі, з якіх складаецца жыццёва-маўленчы досвед асобы; таксама фармуецца актуальны слоўнік і граматычныя мадэлі мовы”.

“Высока ацаніць працу ўкладальнікаў дыска і яго каштоўнасць мне дазваляе ўласны досвед, – пракаментаваў падзею ўкладальнік «Чытанкі для дзіцячага садка», бацька траіх дзяцей Вінцук Вячорка. – Мы з Пётрам Садоўскім у канцы 80-х укладалі беларускамоўныя праграму выхавання, чытанку і спеўнік для дашкольнікаў. І нам вельмі бракавала тады аўтарскіх тэкстаў, песенек, выяваў, іншай творчай прадукцыі для самых малых. А на гэтым дыску сабраныя не толькі літаратурныя ды музычныя творы, але таксама мноства мультымедыйных, адпаведных часу беларускамоўных «прадуктаў» (як прынята цяпер казаць). І не дзяржава гэта зрабіла – на жаль, а людзі, захопленыя беларускай справай. На шчасце”.