«Беларускае пяціборства».
Алімпіядныя заданні
Міхась Булавацкі
Пяціборства арыентавана на вучняў, якія маюць здольнасці і схільнасці да матэматыкі і прыродазнаўчых навук, але, каб не забылі, у якой краіне жывуць, ім прапануюцца яшчэ пытанні па гісторыі Беларусі і беларускай літаратуры. Мова, на якой пададзена праца, ацэньваецца пятым балам. Па суме пяці балаў і вызначаюцца пераможцы. Некаторым таленавітым маладым людзям пяціборства дапамагло ўсвядоміць ненармальнасць іх аднабокай матэматычнай адукацыі і яны адмыслова прыкладалі намаганні для пашырэння сваіх ведаў.
Заданні “Беларускага пяціборства-IХ”:
Заданне 1 (матэматыка).
а) Кароль Міндоўг вырашыў абдарыць трох прыдворных астролагаў, якія прадракалі яму каралеўскую славу, дзесяццю магалейкамі з грашыма. Мудрацы селі падлічыць набытак і выявілі, што адна магалейка пустая, у другой ляжыць адзін залаты дукат, у трэцяй – два дукаты, у чацвёртай – тры, і гэтак далей да дзе¬сятай, у якой знайшлося дзевяць дукатаў. Жывень узяў сабе дзве магалейкі. Браты Небавіт і Земавіт падзялілі астатнія магалейкі так, што больш заслужаны і ўмудроны гадамі Небавіт атрымаў большую суму грошай. Па дарозе дадому на Земавіта напалі рабаўнікі і чатыры магалейкі адабралі, таму ад каралеўскага падарунка ў яго засталося толькі 10 дукатаў. Колькі дукатаў узяў сабе Жывень. (магалейка – кашалёк).
б) Знайсці значэнне ніжэйпададзенага дробу, улічваючы, што розным літарам адпавядаюць розныя лічбы, аднолькавым літарам – аднолькавыя лічбы:
М х А х Т х Э х М х А х Т х Ы х К х А_
І х Н х Ф х А х Р х М х А х Т х Ы х К х А
Заўвага: х – знак множання (Nastaunik.info)
Заданне 2 (гісторыя).
У расійскіх падручніках гісторыі вайна з Напалеонам падаецца пад назвай “Айчынная вайна 1812 года”. У падручніках па гісторыі Беларусі (прынамсі для 8 класа) яна завецца карацей – “вайна 1812 года”. Можна меркаваць, што нашымі продкамі гэтая вайна не ўспрымалася як вайна за Айчыну. Як розныя групы тагачаснага насельніцтва нашых земляў успрымалі нашэсце Напалеона? І чаму так?
Заданне 3 (літаратура).
Гісторыя роднай краіны нярэдка натхняе асобных пісьменнікаў на напі¬санне гістарычных твораў (аповес¬цяў, раманаў), якія ў сваю чаргу яднаюць народ, уздымаюць год¬насць, самаацэнку нацыі. Народы, якія помняць сваю гісторыю, ганарацца ёю, прытрымліваюцца старажытных звычаяў, цяжка перамагчы, зава¬яваць і знішчыць, бо ў такіх народаў добрыя карані і яны здольныя да сама¬адраджэння. Таму пісьменнікаў, якія працуюць на гістарычнай ніве, шануюць асабліва. У Англіі, напрыклад, такую ролю выканаў Вальтэр Скот, у Польшчы – Генрык Сянкевіч. Маецца такая постаць і ў беларускай літаратуры. а) Назавіце гэтага пісьменніка. Дзе знахо¬дзіцца яго адзіны музей? Назавіце яго буйныя творы. Па якіх творах зняты кінафільмы? Якую юбілейную дату гэтага пісьменніка адзначаюць у 2010 годзе? б) Пры заканчэнні Кіеўскага універсітэта гэты студэнт пачаў пісаць дысертацыю, прысвечаную адлюстраванню нейкага паўстання ў славянскіх літаратурах, абараніць якую не змог. Але тыя даследаванні сталі падмуркам напісання вялікага гістарычнага рамана. Як называецца раман і якому паўстанню прысвечаны?
Заданне 4 (прыродазнаўства).
У Беларусі не часта бываюць магутныя ўраганы, тайфуны, смерчы, якія раз-пораз праносяцца, напрыклад, над Амерыкай. Але й над Беларуссю, здараецца, буйствуюць моцныя ветры, пасля якіх лясы даводзіцца ачышчаць ад паваленых дрэў. а) Калі вятры аднолькавай хуткасці наносяць большую шкоду лесу – зімой ці летам? Чаму? б) Чаму вятры, якія ломяць дрэвы ў лесе, не могуць зламаць дрэва, якое стаіць на полі асобна?
Заданні “Беларускага пяціборства-VIII”:
Заданне 1 (матэматыка).
У трохвугольніку АВС вядомы стораны АВ = 15 см, ВС = 3 дм, АС = 15 см. З пункта М на адрэзку АВ пад вуглом 60о да яго выведзены прамень, які падзяляе адрэзак ВС пунктам Т у адносіне 1:2. Якая адлегласць паміж пунктамі В і М? (Задача пададзена крыху няпэўна, таму магчымыя розныя адказы. Паспрабуйце знайсці ўсе. Колькі іх? І колькі адказаў будзе ў задачы, калі адносіну 1:2 замяніць на 1:4?)
Заданне 2 (гісторыя).
Цара Івана ІV у Расіі называюць Іванам Грозным, а ў Беларусі Іванам Жахлівым. Тое ж і з Пятром І. У расійцаў ён – Пётр Вялікі, а ў нас – Пётр Крывапіўца. Патлумачце такую розніцу ў ацэнках гэтых асоб рознымі народамі.
Заданне 3 (літаратура).
Гэты верш славутага беларускага паэта Янкі Купалы, напісаны ў 1905–1907 гадах, Максім Горкі назваў гімнам беларускага народа. Пра які верш гаворка? Працытуйце яго – цалкам або частку. Паразважайце: якім чынам Максім Горкі мог даведацца пра гэты верш? Паразважайце: наколькі актуальны гэты твор сёння?
Заданне 4 (біялогія).
а) Лес летам: пасмакуем ягадкі. Летам лес адорвае сваіх гасцей сакавітымі ягадамі – суніцамі, чарніцамі, касцяніцамі, буякамі, малінай, ажынай. Ягадкі яркіх колераў – іх лёгка прыкмеціць, ягадкі пахучыя – іх лёгка знайсці па водары, ягадкі смачныя – імі хочацца ласавацца. Але ж! – калі ягадкі яркія, пахучыя і смачныя, значыць яны хочуць быць з’едзенымі. Навошта ім гэта трэба?
б) Лес зімой: паспачуваем зайцам. Сёлетняя зіма доўгі час была бясснежнай, снег выпаў толькі ў трэцяй дэкадзе снежня. У бясснежныя зімы значна скарачаецца папуляцыя зайцоў у лесе. Чаму гэта адбываецца?