Лявон Баршчэўскі. Год прайшоў: Адукацыя
Паводле Віцебскага кур'ера
Год прайшоў, а паводзіны ўлады ніяк не палепшыліся. Кіраўніца Менскага абласнога ўпраўленьня адукацыі Таіса Данілевіч загадала настаўнікам, якія працуюць у яе “парафіі” (г.зн., у Менскай вобласьці) і належаць да афіцыйна зарэгістраваных апазыцыйных партыяў, пакінуць шэрагі партыяў або... звольніцца на ўласнае жаданьне.
Такія прапановы – дакладней сказаць, ультыматумы – атрымалі настаўнік замежных моваў з Лагойшчыны Мікола Ляшчун, настаўніца гісторыі Талькаўскай сярэдняй школы Пухавіцкага раёну Натальля Ільлініч, настаўнік геаграфіі Ўладзімір Парэйка зь Нясьвіжу, настаўнікі фізкультуры Алесь Язьвінскі зь Нясьвіжу й Сяргей Клімёнак зь Вялейкі, школьны дэфэктоляг зь Любані Надзея Агафонава
.
Лішне казаць, што ініцыятыва адукацыйнай начальніцы Данілевіч ня толькі цынічна і беспардонна парушае дзейную Канстытуцыю краіны (арт. 36: “Кожны мае права на свабоду аб’яднаньня...”), Закон “Аб палітычных партыях” (арт. 3: “Прыналежнасьць або непрыналежнасьць грамадзяніна да палітычнай партыі ня могуць служыць падставай для абмежаваньня яго правоў і свабодаў...”), артыкул 14 Працоўнага кодэксу (“Дыскрымінацыя, г.зн. абмежаваньне ў працоўных правах... у залежнасьці ад палітычных поглядаў, удзелу або няўдзелу ў прафсаюзах ці іншых грамадзкіх аб’яднаньнях... забараняецца”). Згодна з артыкулам 194 Крымінальнага кодэксу, перашкода дзейнасьці грамадзкіх арганізацыяў прадугледжвае за такія ўчынкі крымінальную адказнасьць.
Ня думаю, што ў апараце (даволі, дарэчы, немалым) Менскага абласнога ўпраўленьня адукацыі не знайшлося юрысконсульта, які б мякка падказаў спадарыні Данілевіч, што яна займаецца напраўду антызаконнай дзейнасьцю. Мяркую, што яе раптоўная актывізацыя наўрад ці выявілася б, калі б нехта вельмі высокапастаўлены “наверсе” ня даў санкцыі на такія дзеяньні. Так бы мовіць, у выглядзе “пробнага шара”. Бо пакуль што ў іншых рэгіёнах Беларусі адукацыйныя чыноўнікі падобных “указівак”, відавочна, не атрымалі.
Як чалавек, усё сьвядомае жыцьцё зьвязаны з адукацыяй, я хацеў бы расказаць ня гэтулькі аб партыйнай, колькі аб прафэсійнай дзейнасьці дзьвюх асобаў зь ліку выкліканых “на дыван” да сп-ні Данілевіч. Бо так сталася, што я добра знаёмы з даробкам гэтых людзей.
Мікола Ляшчун (якому нядаўна споўнілася 55 гадоў) пасьля заканчэньня перакладчыцкага факультэту Менскага інстытуту замежных моваў меў усе магчымасьці назаўсёды застацца ў Менску: у рэспубліканскім друку ўжо зьявіліся былі ягоныя пераклады твораў нямецкіх, польскіх і ўкраінскіх пісьменьнікаў на беларускую. Але ён паехаў працаваць у вёску на Лагойшчыне (да 1983 году сумяшчаючы выкладаньне там з выкладаньнем у Вышэйшай школе МУС) і сьвядома выбраў кар’еру вясковага асьветніка-настаўніка. Гэтай сваёй працы Мікола Ляшчун не пакінуў да сёньня, хоць, да прыкладу, ягоны сусед па студэнцкай лаве Ўладзімір Макей даслужыўся сёньня аж да кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта. Што праўда, Мікола Ляшчун балятаваўся кандыдатам у “Палату прадстаўнікоў” на выбарах 2008 году як кандыдат ад Партыі БНФ па Лагойскай выбарчай акрузе, і выбарчая камісія “намалявала” яму больш за 13% галасоў.
Узгадваю ў гэтай сувязі досьвед назіраньня на менскім участку №13 падчас мінулых прэзыдэнцкіх выбараў. А.Мілінкевіч атрымаў там (я – сьведка!) больш за 30% у першым туры, а, як мы памятаем, камісія сп-ні Ярмошынай ацаніла яго вынік у 6 працэнтаў галасоў выбаршчыкаў. Калі пасьлядоўна трымацца лёгікі, афіцыйна абвешчаныя лічбы галясаваньня за апазыцыянэраў на выбарах у сёньняшняй Беларусі трэба множыць на пяць – каб атрымаць вынік праўдзівы. Выходзіць, што за Міколу Лешчуна маглі галасаваць 65 % выбаршчыкаў Лагойшчыны – і я ў гэта абсалютна веру, бо ягоная біяграфія і вынікі працы гавораць самі за сябе. Некалькі гадоў таму Ляшчун быў прыняты ў шэрагі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў (ён аўтар ня толькі вялікай колькасьці мастацкіх перакладаў, а і двух арыгінальных паэтычных зборнікаў “Палескія сны” і “Белая завея”, а таксама суаўтар калектыўнага зборніка “Прайсьці праз зону”).
Натальля Ільініч з сяла Талька, што на Пухавіччыне, даўно і бясспрэчна належыць да невялікай кагорты актыўных творчых настаўнікаў Менскай вобласьці, удзельнікаў і праможцаў розных настаўніцкіх конкурсаў. У вясковай школе яна – душа ўнікальнага школьнага музэю і фальклёрна-краязнаўчага гуртка. У 2002 годзе разам з вучнямі яна ўдзельнічала ў археалягічных раскопках, што праводзіла Акадэмія навук каля вёскі Арэшкавічы. Знойдзеныя экспанаты Акадэмія перадала ў школьны музэй, на іх аснове там створаны археалягічны разьдзел. Натальля распрацавала грунтоўны курс краязнаўства Талькі й ваколіцаў, пастаянна займаецца падрыхтоўкай вучняў-экскурсаводаў, штогод арганізуе творчыя конкурсы, канфэрэнцыі й вандроўкі вучняў у розных формах і па розных тэмах (“Славутыя людзі нашага краю”, “Паўстаньне 1863 году ў Ігуменскім павеце”, “Легенды нашага краю”, “Гісторыя нашых вёсак”, “Гісторыя школьніцтва”, “Вайна вачыма маіх аднавяскоўцаў” і г.д.). Яна актыўна наведвае Нацыянальны гістарычны архіў, распрацоўвае навуковыя тэмы “Талька і навакольлі”, “Паўстаньне 1863 г. у Ігуменскім павеце”. З 2001 г. разам з калегамі Натальля Ільініч праводзіць у мясцовым Доме культуры і на беразе рэчкі Талі ў першую нядзелю кастрычніка Талькаўскі фэстываль, на які запрашаюцца дзіцячыя фальклёрныя калектывы, вядомыя паэты, барды. Сярод школьнікаў яна арганізавала надзвычай цікавы конкурс “Складаем радавод маёй сям’і”... а наагул, пералічыць зробленае гэтай таленавітай настаўніцай, сапраўднай падзьвіжніцай творчага выхаваньня дзяцей амаль немагчыма.
Хачу яшчэ раз падкрэсьліць: Мікола Ляшчун і Натальля Ільініч – настаўнікі сельскіх школаў. У нармальнай сытуацыі адукацыйныя чыноўнікі цешыліся б, што ў іх працуюць такія людзі – ды проста маліліся б на іх! Але значнасьць іх асобаў ня ёсьць аргумэнтам для чыноўніцы Таісы Данілевіч, якую цікавяць не рэальныя вынікі пэдагагічнай і грамадзкай дзейнасьці настаўнікаў, а тое, да якой партыі тыя належаць. Паводле заканадаўства, аналіз партыйнай прыналежнасьці супрацоўнікаў не ўваходзіць у кампэтэнцыю кіраўнікоў любога рангу. Але ж... непасрэдным шэфам Таісы Данілевіч па прафэсійнай лініі ёсьць міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў. Усім добра вядома, што менавіта ён ужо некалькі гадоў узначальвае выразна палітызаванае грамадзкае аб’яднаньне “Белая Русь” (прашу ня блытаць з аднайменнай гарэлкай, ад якой галава не чысьцейшая, чым ад “ідэяў” гэтага аб’яднаньня). Вядома таксама (я нагадваў пра гэта ў папярэднім артыкуле), што шмат якіх беларускіх пэдагогаў, так бы мовіць, у “добраахвотным” парадку мабілізуюць у гэтую самую “Белую Русь”. І колькасьць гэтых “рэкрутаў” у навучальных установах Беларусі, напэўна, шматкроць перавышае колькасьць усіх разам узятых пэдагогаў-сябраў Партыі БНФ, Аб’яднанай грамадзянскай або сацыял-дэмакратычных партыяў.
Здавалася б, спадару Радзькову толькі б i цешыцца ды рапартаваць пра свае “аргпосьпехі” яшчэ вышэй. Дык жа ж не! Грамадзтву у адкрытую пасылаецца сыгнал: ты можаш быць выдатным спэцыялістам, але калі выбераш ня “Белую Русь”, а нешта іншае, звыкніся з думкай, што можаш паставіць сваю сям’ю перад пэрспэктывай жабрацтва! У цывілізаванай краіне, натуральна, ані спадар Радзькоў, ані спадарыня Данілевіч, учыніўшы нават дзясятую частку таго, што яны ўчынілі, ужо даўно б на сваіх пасадах не працавалі.
Але, як выказваўся некалі самы высокі беларускі кіраўнік, “я свою страну за цивилизованным миром не поведу”. І, трэба сказаць, гэтае сваё абяцаньне ён і ягоныя паплечнікі ажыцьцяўляюць напоўніцу. І будуць ажыцьцяўляць, пакуль нашыя пратэсты будуць абмяжоўвацца шэптамі на кухнях ці голасным абурэньнем падчас сямейных застольляў.
Пакуль мы ўсе не ўзгадаем неўміручае купалаўскае: “Людзьмі звацца!”
Лявон Баршчэўскі
(адмыслова для «Віцебскага кур'ера»)
29 студзеня 2010
|
Па гэтай тэме: * Год прайшоў: Адукацыя (артыкул аўтара ад 22 студзеня 2010 г.)
Лявон Баршчэўскі: Год прайшоў. Адукацыя
03.02.2010