Рэсурсная праграма навучальных гурткоў запрашае на цыкл сустрэч па культуры Беларусі “Тонкі сьвет” альбо “Гадавое абрадавае кола як праява нацыянальнай ментальнасці і экалагічнага мыслення беларусаў”.
Даволі значны досвед адраджэння народных свят, фэстаў, абрадавых элементаў сямейнага і аграрна-каляндарнага характару, здабыты цягам колькіх апошніх дзесяцігоддзяў, пацвердзіў і замацаваў меркаванне, што ўласцівасці этнічнага характару маюць актыўную форму праявы ва ўсялякіх умовах існавання. Нават у ліхія часы змагання за інтэрнацыянальную уніфікацыю. А з гэтага вынікае, што на паратунак саміх сябе як народу — цэльнага арганізму — магчыма выснаваць з народнай культуры найвышшы патэнцыял і ператварыць яго ў дзейсны механізм перамены жыцця да больш гарманічных і зладных форм.
Менавіта гэтым мы і маем намер займацца ў часе сустрэч, прысвечаных народнай абрадавасці, рухаючыся следам за святочным колам і адкрываючы таямніцы старадаўніх вераванняў чалавека, злітнага з прыродай і чуйнага да касмічных падзей, якія наўпрост уплываюць на ягоны лёс і ягоныя стасункі з наваколлем і соцыюмам. Бо нічога ў свеце нашых пачуванняў не зьмяняецца – ні праз мігатлівыя гады, ні праз эпохі і эры. Усё гэтак жа людзтва шукае папараць-кветку шчасця і багацця, гэтак жа маркоціцца па сваіх памерлых і гэтак жа чакае ўзыходу сонца, каб выбрацца з апанавалай цемры.
Cтруктура заняткаў, цалкам разлічаная, як гадавы цыкл, прадугледжвае не толькі лекцыйныя выступы, але і семінары, дыскусіі-абмеркаванні ды іншыя формы сумоўя. Якраз у часе спрэчак і практычнага ўвасаблення ўведанага (да прыкладу, удзел у калядаванні альбо ў этнаграфічнай экскурсіі-экспедыцыі), як паказвае досвед, і адбываецца рэальнае далучэнне сучасніка да спрадвечнай культуры сваёй зямлі.
Цыкл сустрэч «Тонкі свет»
09.02.2010