Добры дзень, паважаная рэдакцыя.
Апошнім часам я, мае знаёмыя і былыя калегі актыўна абмяркоўваем сітуацыю, у якую пастаўлены шэраг настаўнікаў Мінскай вобласці. З адной з іх, менавіта, з Наталляй Ільініч, мне даводзілася сустракацца, размаўляць.
Шкадую, што гэта было не вельмі доўгае і блізкае знаёмства. Шкадую, бо чалавек цікавы, прафесійны, вельмі заангажаваны ў сваю працу. Пачынаеш размову са спадарыняй Наталляй – і не трэба прабівацца праз адчужанасць, насцярожанасць, недавер. Цябе адразу прымаюць адкрыта і добразычліва (для мяне гэты прыкмета сапраўднай інтэлігентнасці), размова пачынаецца “аб галоўным”. Мы абедзве – настаўніцы, размова аб школе, адукацыі, вучнёўскіх і настаўніцкіх праблемах. І вось цяпер гэта вельмі мяккая, спакойная і разумная жанчына апынулася ў сітуацыі “кругавой абароны”. Яе сутыкнулі ілбом і з дырэктарам, і з калектывам, і, магчыма, з бацькамі яе вучняў. Хочацца верыць чамусьці, што вучні спадарыні Наталлі найменш зацугляныя з яе атачэння. А яна – жывы чалавек. Нам усім хочацца, каб нас ацэньвалі за нашы сапраўдныя якасці і за рэальныя ўчынкі, а не за прыдуманыя “вялікімі ідыёлагамі” грахі. Я хачу звярнуцца да тых, хто побач. Сёння сітуацыі, выкліканыя жаданнем адных маніпуляваць другімі, сустракацца на кожным кроку. Давайце ставіцца да іх так, як яны таго заслугоўваюць. Давайце забаронім сабе казаць “Чаго яна туды лезе? Чаго ёй не хапае? Ёй больш за іншых трэба?”. Мы ж, у рэшце рэшт, больш не патрабуем, каб вывозілі ў Сібір суседа, які моліцца Богу, альбо мае трох кароў. Так, некаму трэба больш. Больш сапраўднай творчай працы, больш свабоды дзеянняў, больш жыцця. Ці зразумеем мы калі-небудзь, што сёння, як ніколі, нам такіх найбольш і не хапае? Возьмем за аксіёму, што мы ўсё розныя. Давайце падыходзіць да любой сітуацыі прагматычна, як спажыўцы пэўных паслугаў.
Што маюць вучні школы, дзе працуе спадарыня Наталля? Добрую настаўніцу па гісторыі. Ім пашанцавала! Далёка не ўсе нават у гарадах могуць гэтым пахваліцца. Бацькі маюць чалавека, які са шчырай заклапочанасцю дапамагае ім узняць іх дзяцей. Настаўнікі маюць калегу, з якой, я ўпэўнена, можна заўсёды параіцца і якая, я думаю, не баіцца даць незапланаваны адкрыты ўрок, прыкрыўшы родны калектыў. Дырэктар мае ў калектыве прафесіянала, які спрыяе фармаванню аблічча школы, робіць яе больш канкурэнтаздольнай. Ну, дык на сёння гэта самы патрэбны нам УСІМ чалавек! І няпраўда, што прыкрасці ў працы вам стварае спадарыня Наталля. Прыкрасці ўзнікаюць у выніку парушэнняў нашых законаў адукацыйнымі кіраўнікамі і залежаць ад іх маральнага ўзроўню і духоўнага развіцця. Давайце так гэту сітуацыю і ацэньваць. А праверкі? Колькі іх было! Ну нешта ж вы ў сваёй прафесіі можаце? Дык ганарыцеся гэтым, прымайце праверкі са шчырай радасцю і ўсё будзе добра. Спадарыня Наталля, трымайцеся! Большасць людзей разумее ўсё, як трэба.
Валянціна Быстрык,
Ліст у рэдакцыю
14.04.2010