Наталля Арцёменка
У канцы ліпеня Еўракамісія абвясціла вынікі чарговага конкурсу ў межах праграмы «Эразмус-Мундус». Гэтая праграма адмыслова створана ЕС для актывізацыі міжнароднай супрацы ўніверсітэтаў ЕС з ВНУ за яго межамі, а таксама для падвышэння мабільнасці студэнтаў, аспірантаў і выкладчыкаў.
Праграма «Эразмус-Мундус» вельмі падобная на еўрапейскую праграму «Эразмус». Праўда, апошняя мае нашмат большы бюджэт і фінансуе больш розных падпраграм.
У конкурсах праграмы «Эразмус-Мундус» могуць удзельнічаць як універсітэты, так і асобныя студэнты, аспіранты, выкладчыкі, а таксама адміністрацыйныя працаўнікі сферы адукацыі. Праграма складаецца з трох падпраграм (кампанентаў).
У межах першай падпраграмы кансорцыюмы з прынамсі трох еўрапейскіх універсітэтаў ствараюць сумесныя магістарскія альбо дактаранцкія (аспіранцкія) праграмы. Яны складзены такім чынам, каб студэнт вучыўся ва ўніверсітэтах прынамсі дзвюх розных краінаў і атрымліваў двайны дыплом.
Калі такая праграма выйграла конкурс «Эразмус-Мундус», ВНУ, якія ўваходзяць у кансорцыюм, атрымліваюць грошы на яе арганізацыю і правядзенне цягам пяці гадоў, а магістранты і дактаранты – стыпендыі на адукацыю. Цяпер фінансуюцца 124 магістарскія праграмы і 22 дактаранцкія.
Беларускія ВНУ ў першай падпраграме ўдзельнічаць не могуць – але могуць беларускія студэнты. Адбор на стыпендыі ажыццяўляе кансорцыюм, які арганізуе праграму.
Кожная праграма мае свае крытэрыі адбору. Звычайна гэта дыплом бакалаўра альбо роўны яму (у нашым выпадку гэта павінен быць дыплом аб вышэйшай адукацыі) з высокім сярэднім балам, а таксама высокі ўзровень валодання англійскай мовай, пацверджаны сертыфікатам IELTS.
Калі кандыдат з Беларусі будзе залічаны на магістарскую праграму як стыпендыят «Эразмус-Мундус», грант пакрые аплату за навучанне, транспартныя выдаткі і стыпендыю (каля 1.000 EUR у месяц).
Для дактарантаў стыпендыя будзе вышэй – каля 1.600–2.000 EUR у месяц.
Дакументы можна падаваць адначасова на тры розныя праграмы. Са спісам магістарскіх і дактаранцкіх праграм «Эразмус-Мундус», а таксама з уступнымі патрабаваннямі можна пазнаёміцца на сайце Еўракамісіі http://eacea.ec.europa.eu/erasmus_mundus/index_en.php
Другая падпраграма «Эразмус-Мундус» фінансуе кансорцыюмы еўрапейскіх ўніверсітэтаў з універсітэтамі, якія знаходзяцца за межамі ЕС. Гэтыя кансорцыюмы ладзяць абмен студэнтаў, дактарантаў і супрацоўнікаў ВНУ з краінаў сваёй групы. Беларусь уваходзіць у групу з Украінай і Малдовай. Два беларускія ўніверсітэты – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт ім. Пушкіна – з партнёрамі з гэтых краінаў і краінаў ЕС сёлета ўжо ў трэці раз выйгралі грант «Эразмус-Мундус».
Дзякуючы гэтаму гранту каля 65 беларусаў змогуць паўдзельнічаць у адукацыйных еўрапейскіх праграмах. На ўсіх узроўнях адукацыі ўдзельнічаць у абменах змогуць толькі студэнты, аспіранты і выкладчыкі дзвюх беларускіх ВНУ, якія ўваходзяць у кансорцыюм.
Студэнты і выпускнікі іншых ВНУ змогуць вучыцца толькі на магістарскіх, дактаранцкіх альбо постдактаранцкіх праграмах. Падчас абмену беларускія студэнты могуць вучыцца ў ЕС максімум 10 месяцаў са стыпендыяй 1.000 EUR у месяц, магістранты – 22 месяца з такой жа стыпендыяй, аспіранты – максімум 34 месяцы са стыпендыяй 1.500 EUR, удзельнікі доктарскіх праграм – да 10 месяцаў са стыпендыяй 1.800 EUR. Выкладчыкі могуць выехаць на абмен на тэрмін да 1 месяца са стыпендыяй 2.500 EUR.
У сувязі з тым, што кожны кансорцыюм прызначае свае правілы адбору ўдзельнікаў абмену, падрабязна з імі можна пазнаёміцца на сайце кансорцыюма http://www.relint.deusto.es/ECWLot6/index.htm.
Трэцяй падпраграмай «Эразмус-Мундус» фінансуюцца міжнародныя кансорцыюмы, якія займаюцца падвышэннем прывабнасці вышэйшай адукацыі і ўмацаваннем міжнароднай супрацы ў гэтай сферы. Напрыклад, папулярызацыяй вышэйшай адукацыі, спрашчэннем доступу да яе, забеспячэннем якасці, прызнаннем дыпломаў, распрацоўкай і ўдасканаленнем адукацыйных праграм, развіццём мабільнасці студэнтаў і выкладчыкаў.
Сярод 38 краінаў, праекты якіх былі адабраны ў 2010 годзе ў межах гэтай падпраграмы, Беларусі няма. Мабыць, пакуль мы не гатовыя сур'ёзна працаваць над збліжэннем нашай адукацыі з еўрапейскай.
Праграма «Эразмус-Мундус»: беларускія студэнты могуць вучыцца ў ЕС бясплатна і па стыпендыях
23.09.2010