Школа ў вёсцы Сакольнічы, як знак адкрытасці для ўсіх людзей, не мае агароджы. Тут дзейнічае некалькі музеяў, вучні наладжваюць беларускія сялянскія святы. А яшчэ вяскоўцы прыносяць лішкі сваёй агародніны ў школу і там яе кансервуюць для бясплатнага дзіцячага харчавання.
Не праца, а жыццё
Ужо 25 гадоў Сакольніцкім вучэбна-педагагічным комплексам «Дзіцячы сад — сярэдняя школа» кіруе Лізавета Аляксандраўна Кісялёва — педагог, дэпутат, грамадская актывістка.
У крычаўскую глыбінку яна трапіла банальным чынам — па размеркаванні пасля заканчэння сталічнага інстытута. Калі Лізавета Аляксандраўна стала на чале Сялецкай школы, у старым будынку яшчэ тапілі печкі. Новую школу ў вёсцы пачалі будаваць за сродкі мясцовага калгаса «Запаветы Ільіча», вядомай перадавой гаспадаркі ў савецкі час.
Хацелі таксама пабудаваць побач і спартыўны комплекс — але тут грымнула перабудова і ўсе амбіцыйныя планы давялося хуценька згарнуць. Калгас, уся слава якога засталася ў мінулым, цяпер увайшоў у склад новай аб'яднанай гаспадаркі «Добрасць». Цэнтрам яе стаў аграгарадок, дзе адбыліся значныя пераўтварэнні. А жыхары Сялецкага крыўдзяцца, што ў іх вёсцы ўсё робіцца, лічы, толькі на энтузіязме. Не ў апошнюю чаргу — на энтузіязме Кісялёвай і школьнага калектыву.
— Я ўжо пенсіянерка, мне хутка будзе 60 гадоў, але мне ўсё цікава. Не магу сядзець дома проста так, склаўшы рукі, — тлумачыць жанчына.
Лізавета Аляксандраўна выйшла замуж у Крычаве, муж працуе на асноўным прадпрыемстве горада — на цэментным заводзе. Дзве дачкі атрымалі вышэйшую адукацыю. У Кісялёвай двое ўнукаў, і старэйшы з іх нязменна плача напрыканцы лета і просіць пакінуць яго вучыцца ў цікавай Сялецкай школе.
— Каб дзеці хадзілі ў школу з задавальненнем і хацелі вучыцца, трэба, каб педагогі «гарэлі", — Лізавета Кісялёва ведае гэта са свайго шматгадовага вопыту. — Каб у калектыве працавалі аднадумцы. Каб яны ішлі на працу, не як на працу, і здолелі зрабіць усё, каб дзіцяці было добра ў школе.
Школа без агароджы
Яна сапраўды нейкая абаяльная, гэтая школа. Невялікая, утульная, зялёная, поўная прыгожых дзетак. Сёлета ў Сялецкай школе вучыцца 101 вучань.
— У дзіцячым садку 13 дзяцей, у першым класе — 10, у выпускным — 8, — расказвае дырэктар. — Але праўда ў тым, што перспектывы ў нас практычна няма. Хоць у нашым раёне, я упэўнена, будуць рабіць усё магчымае, каб у будучым захаваць школу ў Сялецкім. Калі школы няма — няма і вёскі. А вёску трэба берагчы.
Школьная агароджа, калі шчыра, была ў праекце. З ёй катэгарычна не пагадзілася дырэктар:
— Школа — гэта адкрытае месца, сюды можа ўвайсці любы чалавек і ўсё ўбачыць.
Праўда, гэтую адкрытасць не ўсе і не адразу зразумелі. Кісялёвай спачатку даводзілася а 5-й гадзіне раніцы прыязджаць на працу, каб ганяць кароў ад школы, таму што было шкада высаджаных кветак. Яна дзень за днём пераконвала вяскоўцаў ствараць прыгажосць навокал, і ўрэшце яны зацікавіліся такой ідэяй.
— Я па адукацыі хімік-біёлаг, аднак нават не ў гэтым справа, — паказвае Кісялёва на школьны двор, восеньскі, але яркі ад раслінаў. — Маё хобі з малых гадоў — любоў да прыроды. І калі я недзе бачу прыгожыя расліны, то ўсе вязу ў школу.
Школьны двор умяшчае больш за сотню відаў кветак і, нібыта батанічны сад, цвіце 4 разы за сезон.
— Мы палове Сялецкага раздаём кветкі, каб і людзі ўпрыгожылі свае палісаднікі і вуліцы, — гаворыць дырэктар. — Мы не шкадуем і грошы за гэта не бяром. І ў нас ніколі не скралі і не зрэзалі ніводнай кветкі. Таму што школа — гэта агульны здабытак Сялецкага.
Цяпер яркія фарбы перамясціліся ў школьнае фае, дзе праходзіць выстава агародніны і дзіцячых вырабаў з яе. Салатавыя кабачкі, аранжавыя гарбузы, чырвоныя яблыкі і нават карта Беларусі, выкананая з розных відаў збожжавых культур.
Распісныя парты
Праз вялікія вокны класы залівае сонечнае святло. На тварах вучняў ззяюць вяснушкі. Дзеці з усмешкамі цягнуць рукі, каб адказаць на пытанне настаўніцы.
У некаторых школьных класах — сучасная італьянская мэбля, падарунак замежных сяброў. Але ўвагу найбольш прыцягваюць распісныя парты. Каб надаць старым пашкрабаным школьным партам другое жыццё, іх распісалі яркімі фарбамі і пакрылі лакам. У кабінеце беларускай мовы і літаратуры — малюнкі ў нацыянальным стылі, у кабінеце ваеннай справы на сталах намаляваныя ў тэму самалёты і танкі. Яшчэ адзін доказ таго, што ў жыцці не заўсёды важныя грошы, а найбольшую каштоўнасць мае выдатная ідэя.
Фірменны знак Сялецкай школы — упрыгажэнні ў сялянскім стылі. Лялька-жанчына сядзіць на калёсах, са старых ботаў глядзяць кветкі, у плеценых кошыках дацвітаюць астры. Усё гэта робяць вучні разам з настаўнікам працы Аляксандрам Севасціцкім. Ён, дарэчы, як і палова школьных настаўнікаў, — выпускнік Сялецкай школы.
Тут ганарацца, што з 9 мінулагодніх выпускнікоў 7 паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.
— Добры настаўнік ведае, як перадаць дзецям свае веды, — лічыць Кісялёва. — Гэта ідзе знутры. Я з дзяцінства хацела стаць добрым настаўнікам, бо, прабачце, была нязгодная з працай свайго школьнага настаўніка. Я з юнацкім максімалізмам так яму і заявіла аднойчы: «Я буду настаўнікам, але не такім, як вы». Нельга быць абыякавым.
Школьны хлеб
У музеі хлеба, які стварылі ў Сялецкай школе, праходзіць шмат заняткаў, асабліва ў малодшых класах. Дзецям спачатку паказваюць гліняны хлеб — падобны на той, які знаходзілі на раскопках. Мяркуецца, што такую ахвяру ў старажытнасці рабілі багам, калі самім не было чаго есці. Потым расказваюць пра сціплы ваенны хлеб з канюшынай.
Дарэчы, Сялецкая школа носіць імя Мікалая Сірацініна. Гэта чалавек, які адзін спыніў калону нямецкіх танкаў, што рухалася на Маскву. Ён загінуў, але ёсць звесткі, што захопнікі з пашанай пахавалі гэтага смелага чалавека. Мікалаю Сірацініну прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза. У матэрыялах, сабраных пра яго ў школе, няма ніводнага фотаздымка — не захаваліся ў вайну. А сам Сірацінін, расказвалі старажылы, быў звычайным хлопцам, які прыходзіў у вёску па малако... А потым стаў героем.
Да школы цягнуцца людзі. Сюды прыязджаюць у госці ў Дзень пажылога чалавека ўсе ветэраны працы сельскагаспадарчага прадпрыемства «Добрасць».
Сялецкія вучні і настаўнікі нязменна становяцца лепшымі і здабываюць перамогі ў самых розных конкурсах і спаборніцтвах. Найперш спартыўных.
Нядаўна паміж вучнямі і настаўнікамі школы прайшоў традыцыйны матч па валейболе. Матч цалкам чэсны: настаўнікі ніколі не паддаюцца вучням, нават калі гуляюць самыя малыя. На гэты раз выйгралі настаўнікі, але так здараецца не заўсёды. Дзеці тут старанна займаюцца спортам.
— Куды дзіцяці пайсці ў вёсцы? — задае рытарычнае пытанне дырэктар і тут жа адказвае: — Толькі ў школу. Таму ў нас адчыненыя дзверы ад 8 раніцы да 8 вечара. Спартыўная і трэнажорная зала адкрыты для дзяцей і дарослых бясплатна. Настаўнік фізічнай культуры ўвечары праводзіць заняткі ў секцыях.
Мочаныя яблыкі
У Сялецкай школе для вучняў поўнасцю бясплатнае харчаванне. Тут выкарыстоўваюць грошы, якія выдаткоўвае Крычаўскі райвыканкам, і зарабляюць самі.
На доследна-эксперыментальным полі дзеці працуюць разам з настаўнікамі і вырошчваюць для патрэбаў сталоўкі моркву і буракі. Калі нечага не хапае, то сельская гаспадарка ў якасці падзякі за дапамогу на палетках набывае для школы, чаго не хапае. Напрыклад, сёлета набыла 3 тоны бульбы.
Кухар Наталля Дзянісава паказвае запасы на зіму: мочаныя яблыкі і агуркі, якія зрабілі з сялянскіх лішкаў.
— І людзі дапамагаюць, — расказала Лізавета Аляксандраўна. — У нас толькі дзве яблыні ў школе, але да нас свае лішкі прыносяць людзі. Абсалютна бясплатна. Таму сёлета мы замачылі дзве бочкі яблыкаў. Сялянскія агуркі трапілі ў 60 слоікаў, а цяпер іх з задавальненнем ядуць дзеці. Прама ў школе гатуем кампоты і варэнне.
Рэцэпт мочаных яблык ад школьных кухараў:
у трохлітровы слоік пакласці антонаўку, 2 сталовыя лыжкі цукру і духмяныя лісты парэчкі і вішні. Заліць вадой. І праз месяц ласунак (які, дарэчы, з'яўляецца абсалютна здаровай ежай) гатовы.
Гэтымі днямі на кухні работнікі сталоўкі і старшакласніцы гатавалі на зіму моркву: чысцілі, церлі і складвалі ў вялікія пакункі. Яны з гордасцю прадэманстравалі халадзільныя камеры, забітыя замарожанай гароднінай. На ўсю зіму хопіць вітаміннай прадукцыі!
Настаўнікі лічаць, што дзяцей трэба вучыць не толькі разумнаму, добраму і вечнаму, але і забяспечваць сябе, зарабляць грошы сваімі рукамі. Напрыклад, як у школьным лясніцтве: сёлета вучні з Сялецкага пасадзілі 40 гектараў лесу і атрымалі за сваю працу сапраўдныя заробкі — аж да 200 тысяч рублёў. За гэтыя грошы вясковыя дзеці часцей за ўсё набываюць адзенне, альбо аддаюць заробкі бацькам для падтрымкі сямейнага бюджэту.
Бульбяны банкет
Сялецкая школа спецыялізуецца на адраджэнні беларускай культуры. У музеі «Беларуская хата» захоўваецца шмат каштоўных рэчаў старадаўняй сялянскай культуры. Тут нават дзверы аўтэнтычныя: у вёсцы разбіралі стары будынак, і музей выменяў рэшткі на цукеркі.
Дубоваму ложку болей за сотню гадоў, ён зроблены без адзінага жалезнага цвіка. А вось спарыш: два гліняныя гаршчкі разам, у якіх на поле прыносілі абед з дзвюх страў — адразу кашу і боршч. Стары здымак у раме — ураджэнец вёскі Сакольнічы Адам Іванавіч Попель служыў на «Аўроры» і прынёс данясенне Леніну пра ўзяцце Зімняга палаца.
Працай па збіранні крычаўскага фальклору літаральна заразіла ўсю школу настаўніца беларускай мовы і літаратуры Святлана Сяргееўна Белавусава. Вучняў зацікавілі мясцовыя свячныя абрады.
— Вучні нават рабілі пастаноўку абраду Юраўскай свечкі, — расказвае настаўніца. — Мы зацікавіліся ім, калі жанчына расказала, як аднойчы ў ліпені была страшная засуха. Людзі былі бедныя, але скінуліся па 10 капеек, каб адзначыць свячное свята. І пайшоў дождж. Таму нездарма такую свечку лічылі вясковым абярэгам.
Сёлета каманда Сялецкай школы ездзіла ў «Зубраня» паказваць абрады гукання вясны і валачобнікаў і заняла трэцяе месца ў рэспубліцы. Цікава, што пуцёўкі ў лагер каштавалі нямала, і, каб вясковыя школьнікі з не самых заможных сем'яў здолелі паехаць у вядомы лагер і ўдзельнічаць у конкурсе, настаўнікі сабралі грошы і самі заплацілі за частку дзіцячых пуцёвак.
Цяпер школа рыхтуецца да свята беларускай бульбы. Вучні зробяць прадстаўленне, а ў актавай зале, дзе захавалася з даўніх часоў падараваная калгасам вялізная крышталёвая люстра, паставяць сталы і запросяць усю вёску ў госці. Кожны госць пры гэтым прыйдзе са сваёй фірмовай стравай з бульбы. І атрымаецца сапраўдны бульбяны банкет! Пасля абеду — беларускія песні і танцы. Прычым настрой задае сам дырэктар, якая з задавальненнем танцуе «Лявоніху».
Праўду ў вочы
Грамадскія нагрузкі Лізаветы Аляксандраўна пералічваць доўга: старшыня грамадскага аб'яднання «Дзецям Чарнобыля» Крычаўскага раёна, дэпутат, стараста Сялецкага.
— Мне людзі давяраюць, і я не магу адмовіцца, — тлумачыць Кісялёва. — Мяне ўжо шмат гадоў абіраюць дэпутатам, прычым толькі на альтэрнатыўнай аснове. І я гордая тым, што людзі мне давяраюць. Таму што да настаўнікаў у вёсцы не заўсёды адназначна добрае стаўленне.
Напрыклад, расказвае Лізавета Аляксандраўна, у калгасе (праўда, даўно гэта было) не падвозілі настаўнікаў на сваім транспарце: лічылі, што ім плацяць добрыя грошы, якіх павінна хапаць на асабістыя паездкі.
— Я пераканала людзей на калгасных сходах, — узгадвае дырэктар. — Няхай, казала я, мы — багатыя, а вы — бедныя. Але вы калі-небудзь бачылі, каб настаўнікі хадзілі п'янымі? А вы, бедныя, п'яце! Я кажу праўду ў вочы, але не ўсім, вядома, гэта падабаецца. І цяпер часта прыходжу на сходы і гавару нядбайным бацькам, што трэба сачыць за сваімі дзецьмі, каб яны былі чыстыя і сытыя.
Праблему п'янства Кісялёва лічыць самай хворай для сялянства і лічыць, што з ёй трэба змагацца ўсім мірам. Яна выбівае грошы на кадзіраванне п'яніц, прыцягвае міліцыю, а часам, на жаль, здараецца і дзяцей адпраўляць у прытулак. Настаўнікі штотыдзень наведваюць праблемныя сем'і і пільна сочаць, ці нарыхтаваныя дровы і ці ёсць чым харчавацца.
— Самае важнае — выхаваць у вучнях дабрыню і любоў да сваёй краіны, — лічыць Лізавета Аляксандраўна Кісялёва. — І гэта не проста высокія словы, паверце мне. Я ведаю: калі людзі будуць любіць сваю вёску, свой раён, сваю вобласць, сваю краіну, то яны ніколі не будуць абыякава да іх ставіцца, і ўсё ў нас будзе добра.
Ілона Іванова. Фота Ірыны Савосінай. Крычаўскі раён.
Звязда