Адгадайце, якую яшчэ моўную версію, акрамя англійскай і кітайскай, мае сайт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
У Беларусі некалькі ўніверсітэтаў носяць імёны беларускіх пісьменнікаў і асветнікаў. Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П. Шамякіна, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка ў Мінску, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Класікі, чыімі імёнамі названыя ўніверсітэты, зрабілі неацэнны ўнёсак у развіццё беларускай мовы. Было б натуральным, каб родная мова заняла свой пачэсны пасад у жыцці ўніверсітэтаў, і не толькі тых, што носяць годныя імёны. У тым ліку і віртуальным жыцці — на афіцыйных сайтах ВНУ. Што ж мы маем у рэальнасці?
Сайт гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы мае тры моўныя версіі. Адгадайце, якую яшчэ, акрамя англійскай і кітайскай? Не, не беларускую. Расейскую.
Дзіўна такое чуць пра ўніверсітэт імя аўтара «Тутэйшых»? Ды не, улічваючы тое, што тут і не збіраліся ладзіць справаводства па-беларуску, бо «ў нас дзвюхмоўе».
Ідзем далей. Сайт педуніверсітэта імя Максіма Танка мае толькі расейскамоўную версію. Па-беларуску на галоўнай старонцы, нібы адчэпнае, толькі раздзел «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі».
Па-расейску і англійску абнаўляецца старонка гомельскага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. І толькі сайт педніверсітэта імя І.П. Шамякіна ў Мазыры мае беларускую версію. І тое, з’явілася яна зусім нядаўна — 23 жніўня 2010 года.
Дзеля параўнання зазірнем на сайты самых вядомых айчынных універсітэтаў. Знаёмства са старонкай галоўнага ўнівера краіны наводзіць на думку, што акурат на яго раўняліся гродзенцы і гамельчукі сайт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта не мае беларускамоўнай версіі. Затое яе мае сайт Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Арыгінальны падыход дэманструюць стваральнікі старонкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў: колькасць моўных версій не пазначаная, частка рубрык і раздзелаў падаецца па-беларуску, частка — па-расейску.
Шмат ужо гаварылася пра прычыны нежадання бацькоў аддаваць дзяцей у беларускамоўныя школы. Часцей за ўсё згадваецца адсутнасць беларускамоўных ВНУ. Практыка паказвае, што сітуацыя пакуль не скранаецца з мёртвай кропкі. І падыход у моўным афармленні афіцыйных старонак універсітэтаў у інтэрнэце дадаткова характарызуе стан мовы ў сферы вышэйшай адукацыі. Словы Янкі Купалы, напісаныя ў далёкім 1919 годзе, застаюцца актуальнымі і сёння:
«Хіба можа цёмны беларускі абывацель пажадаць беларускае школы, калі ён не ведае, ці прынясе яна яму карысць! Хіба можа ён адважыцца на беларускую школу, калі беларушчына цэлымі сотнямі год ганьбілася і выганялася адусюль, адкуль толькі можна было?»
Адзіная розніца палягае ў тым, што цяпер мова «выганяецца адусюль» нашымі ж рукамі.
Сямён Печанко, Наша Ніва
Сайты беларускіх універсітэтаў: Ці ведаў Купала кітайскую мову?
03.11.2010