Беларуска-нямецкі слоўнік перажыў дзве рэформы

05.11.2010

Учора ў рамках беларуска-нямецкай сустрэчы «Менскі форум» быў прэзэнтаваны беларуска-нямецкі слоўнік. Ён падрыхтаваны Мікалаем Кур'янкам, Лявонам Баршчэўскім і Томасам Вайлерам і выйшаў у выдавецтве Зьмітра Коласа.

Спадар Кур'янка на прэзэнтацыі распавёў пра 18-гадовую гісторыю стварэньня слоўніка, які перажыў дзьве рэформы правапісу — нямецкай і беларускай моваў. Слоўнік такога памеру (70 тысяч словаў і выразаў) выйшаў упершыню.

Старшыня «Менскага форуму» Райнэр Лінднэр адзначыў, што ў гэтай кнізе ёсьць тэрміны, датычныя новых тэхналёгій — такія, як «ветрарухавік». Ён выказаў спадзяваньне, што слоўнік пройдзе дзяржаўную сэртыфікацыю і будзе выкарыстоўвацца ў дзяржаўных навучальных установах Беларусі.

Адзін з удзельнікаў прэзэнтацыі Мікалай Петрушэнка ў сваім выступе адзначыў:

«Ні міністэрствы культуры, адукацыі і замежных спраў, ні Менгарвыканкам, ніводзін дэпутат не прыйшоў і не сказаў словы падзякі нямецкаму боку і аўтарам за вялікую і патрэбную працу. такога цярпець нельга. А немцам вялікі дзякуй».

На прэзэнтацыі былі пасол Нямеччыны ў Беларусі Крыстаф Вайль, дыпляматы іншых краінаў, а таксама намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Валеры Варанецкі, які рыхтаваўся да выступу па тэме беларуска-эўрапейскай інтэграцыі. Свой выступ ён пачаў з таго, што назваў слоўнік «вельмі цікавым» і дадаў:

«Беларусь мае вельмі яркую, самабытную, даўнюю гісторыю і, напэўна, было б правільна з улікам яе ўплыву на разьвіцьцё эўрапейскай палітыкі прысьвяціць адно з пленарных пасяджэньняў наступнага форуму гісторыі Рэспублікі Беларусь і яе ўплыву на эўрапейскую палітыку. Для ўдзельнікаў гэтай дыскусіі адкрыецца многа цікавых фактаў, пра якія, на жаль, мы сёньня не гаворым з розных прычын, у тым ліку з-за дэфармацыі і скажэньня нашай гісторыі, якая адбылася не па віне беларусаў".

Алесь Дашчынскі, Радыё Свабода