Беларускія бацькі супраць «абавязковай» падпіскі на перыёдыку ў школах

18.11.2010

Першаму класу мінскай гімназіі № 23 было загадана падпісацца на часопісы «Вясёлку», «Юный спасатель» і «Качели». Бацькоўскі сход вырашыў даслаць пісьмовы запыт у Мінадукацыі і рэдакцыі гэтых выданняў на прадмет навязання паслугаў.

Сябры супольнасці Нашыя дзеткі спрабуюць разабрацца: ці сапраўды існуе дакумент, які насамрэч абавязвае кожны клас выпісваць нейкія канкрэтныя перыядычныя выданні?

«Апытанне знаёмых з іншых класаў і школ пакуль дало наступную карціну: усе шкадуюць настаўніцу з-за нейкіх патэнцыйных міфічных вымоваў, выпісваюць макулатуру, якую нават не даносяць да класаў, а ў макулатуру і здаюць. Але ж гэта грошы, на якія дзецям можна было набыць шмат паветраных шарыкаў і мыльных бурбалак, ды зладзіць свята! А яшчэ гэта грошы з бюджэту на дармаедаў, якія сядзяць у рэдакцыіях і робяць поўную лухту з поўным гонарам. А яшчэ гэта дрэвы, якія высякаюць у нашых лясах. І проста гэта маразм. Мы хочам, каб дзеці кнігі паважалі і чыталі, а не знаходзілі выкінутымі на сметнік. Таму мы выпішам іншыя выданні. Частка бацькоў прагназуе пры гэтым, што настаўніца атрымае па галаве і сыдзе ад нас»,кажа спн. dalahlad

«Бацькі не абавязаны выпісваць газеты і часопісы, але, калі яны добра ставяцца да класнага кіраўніка, яны гэта робяць. Чаму? Бо ёй усё-роўна прыйдзецца гэта зрабіць. Тры гады таму, калі я працавала ў школе па размеркаванні, я адмовілася падпісваца на той часопіс, які на мяне размеркавалі. Спачатку мне прапаноўвалі «па-добраму», калі не падзейнічала, мяне падпісалі на школьныя грошы, але... прэмію, якую налічвае адміністрацыя школы, я ў тым месяцы не атрымала»,апавядае спн. Аксана

«Мы пішам афіцыйны запыт ва ўсе вышэйшыя інстанцыі. Так што афіцыйна за гэта прэміі не пазбавяць (надта будзе відавочна, калі што)»,  – тлумачыць бацькоўскія дзеянні спн. Kryscina.

«Няма й ня можа быць ніякіх абавязковых дакумэнтаў наконт прымусовае падпіскі. А вось парушэньне законаў тут можна ўгледзець. Па-першае, гэта тыповы пабор (наконт якіх у школе было тлумачэньне Ген. пракуратуры).  Па-другое, было б добра, каб хто з бацькоў-журналістаў правёў дасьледаваньне наконт Спасацеля. Гэта іншае ведамства – не Мін. адукацыі – і гэта велізарны наклад, дасягнуты адміністрацыйным прымусам. Хто мае профіт з гэтага накладу? Ці гэта ня прыклад карупцыі ў буйных маштабах з многімі саўдзельнікамі? І ці бацькоў не вымушаюць быць саўдзельнікамі карупцыйнага акту?"далучаецца сп. Вінцук Вячорка.

Такім чынам, неабыякавыя бацькі разлічваюць высветліць урэшце імя адказнага за парушэнні закону -  альбо атрымаць афіцыйныі і пісьмовы адказ, што «на тэрыторыі пэўнай гімназіі законы не парушаюцца, камерцыйныя паслугі не навязваюцца, рэклама паасобных выданняў не адбываецца, адміністрацыйны рэсурс дзеля штучнага нарошчвання накладу і выпрошвання пад гэта бюджэтных грошай на прэміі для гора-рэдакцыяў не выкарыстоўваецца».

Гл. таксама:
Тэкст запыту наконт «абавязковай» падпіскі на перыёдыку ў школах