Школа ў в. Заполле ў 1953 годзе
Аляксандр Зайка, Газета для Вас
Івацэвічы. Запалянская сярэдняя школа спраўляе юбілей — 125 год школьніцтву ў Заполлі. Дзякуй тым людзям, якія прычыніліся да гісторыі школы, якія пакінулі часцінку свайго сэрца ў яе сценах.
Поспехаў, здароўя і шчасця ўсім настаўнікам, якія сёння шчыруюць на ніве асветніцтва ў Заполлі. Віншую школьнікаў усіх пакаленняў, для якіх сцены Запалянскай школы застануцца назаўжды роднымі і дарагімі. Са святам, з юбілеем!
Так пачыналася...
Кароткая інфармацыя ў царкоўнай газеце “Літоўскія епархіяльныя ведамасці”, у нумары 42 ад 17 кастрычніка 1886 года. “27 кастрычніка 1885 года ў вёсцы Заполле Бялавіцкага прыхода была адчынена аднакласная царкоўнапрыходская школа з тэрмінам навучання 2 гады. За парты селі 28 хлопчыкаў і 8 дзяўчынак. Настаўнік — сын псаломшчыка Бялавіцкай царквы, Закону Божаму вучыць свяшчэннік Бялавіцкай Ільінскай царквы Канстанцін Каліскі. Заняткі вядуцца ў наёмным доме”.
У жнівеньскім нумары газеты змешчана інфармацыя пра працягласць вучобы ў такіх школах і плату настаўнікам.
“Працягласць вучобы ў царкоўнапрыходскіх школах складае 5–6 месяцаў. Аплата настаўнікам розная: ці толькі грашыма, ці з дабаўленнем так званай ссыпкі, гэта значыць пэўнай колькасці збожжа ці бульбы з кожнага вучня. Грашовая аплата ўносіцца бацькамі вучняў кожны месяц ці адразу за ўсю зіму. У школах граматнасці навучанне бясплатнае. Аплата настаўніку вагаецца ад 11 да 50 рублёў.”
Крыху пазней, прыкладна ў 1890 годзе, у Заполлі ўсёй вясковай грамадой была пабудавана школа. Усяго адну зіму правучыўся ў Запалянскай царкоўнапрыходскай школе мой бацька Тамаш Якаўлевіч Зайка, але пра той час успамінаў часта:
— Вучыліся мы напачатку пісаць розныя кружочкі, вілюшкі, палачкі, а пасля і літары на грыфельных дошках. Дошка была завадская, вельмі зручная. Напішаш грыфелем-алоўкам на ёй, убачыш памылку, нязграбнасць, ганучкай сцёр і зноў пішы сабе. Калі навучыўся добра пісаць літары, словы “мама”, “Айчына” на дошцы, вось тады дазвалялі пісаць у сшытак. Вучыліся па-руску. Вучыліся з кастрычніка да Ражства Хрыстова, а тады з Новага года і да чэрвеня. Урокі былі ад раніцы да абеду. У суботу прыходзіў свяшчэннік з Бялавіч і вучыў нас Закону Божаму, пацерам. І настаўнік, і поп строгія былі: не пакруцішся, не пасмяешся. Калі шкоду якую зрабіў ці заданне не выканаў, то лінейкай мог і па “лапе” атрымаць. Зімою ў школе было цёпла. Печка стаяла пасярод пакоя. А дроў хапала: гэта ўжо нашы бацькі стараліся. За той год я навучыўся пісаць, чытаць і лічыць да 100. На гэтым мая вучоба ў Заполлі скончылася. Пачалася вайна, і восенню 1915 года мы сталі бежанцамі. Прыехалі з Расіі ў 1921 годзе дадому. Палі параслі драбналессем, надворкі, агароды ў бур’яну. А мне ўжо 14 год. Стаў бацьку памагаць аднаўляць гаспадарку. Не да вучобы было.
Хто ты ёсць
Рыжскі трактат у сакавіку 1921 года падзяліў Беларусь на Усходнюю і Заходнюю. Заходняя Беларусь была далучана да Польшчы. Праводзілася маштабная паланізацыя. У школах выкладанне вялося выключна на польскай мове. Дзіцяці-беларусу была зачынена дарога ў сярэднюю навучальную ўстанову, тым болей у вышэйшую. Нават за навучанне ў сямігадовай школе трэба было плаціць.
Антон Данілавіч Гоган, жыхар в. Заполле, 1922 года нараджэння, у тыя часы вучань Запалянскай “публічнай школы паўшэхнай”, успамінаў:
— У Заполлі было 4 класы, але вучыліся ў іх 7 год. У першы і другі хадзілі па году, у трэці клас — тры гады (быў трэці клас “а”, “б” і “ц”) і два гады ў чацвёрты “а” і “б”. Адным словам, да 14 год абавязаны быў наведваць школу. Дзяцей было многа, памяшканняў не хапала, то вучыліся па хатах. Настаўнікамі былі Стражэцкі, яго швагер Давэльскі і яшчэ з Бялавіч прыязджаў вучыць Антон Мацвеевіч Звада. Памятаю, вучылі чытаць нас па “Буквары”, а тады па “Чытанцы”, была арыфметыка, маляванне, фізкультура, праца, Закон Божы. У старэйшых класах прадметаў прыбавілася — геаметрыя, прырода, геаграфія, гісторыя. Вучылі нас па-польску. Многія словы былі незразумелыя, вучоба была нялёгкай. Адзнак нам не ставілі, дзённікаў не было, ставілі толькі ў сшыткі ды ў канцы навучальнага года. Ацэньвалі веды вучняў такімі словамі:
недастаткова; дрэнна, значыць, на двойку; дастаткова; добра; вельмі добра. Дзяцей кармілі: на вялікім перапынку давалі кубачак кавы з булачкай. Кожны дзень было па 4–5 урокаў. Вучыліся з 20 жніўня па 20 чэрвеня наступнага года. Канікулы былі з 22 снежня па 15 студзеня. Калі дзіця не наведвала школу, бацьку за гэта штрафавалі.
Зарплата ў польскага настаўніка была даволі высокая — 100 злотых. У тыя часы пуд жыта каштаваў два злотых, такі кошт мелі кілаграм сала, кілбасы, солі. За добрую карову давалі 60–70 злотых, а касец мог зарабіць за дзень пяць злотых. Быў пры школе “струж” – вартаўнік. У яго абавязкі ўваходзілі ўсе гаспадарчыя клопаты па забеспячэнні жыццядзейнасці школы: апал памяшканняў, уборка, рамонт і інш. Яшчэ ён вазіў у Косава і прывозіў адтуль розную школьную карэспандэнцыю.
І дасюль я памятаю вершык з “Буквара”. Па-нашаму ён гучыць так:
— Хто ты ёсць?
— Поляк малы.
— Які знак твой?
— Арол белы.
— Дзе ты жывеш?
— Паміж сваімі.
— У якім краі?
— У польскай зямлі.
—Што для цябе гэтая зямля?
— Мая Айчына.
— Чым здабыта?
— Крывёю і перамогамі.
Перад вайной, ужо пры Саветах, вучылі Іван Аляксеевіч Ціток, Аляксандр Лявонцьевіч Крышталь, Пётр Фёдаравіч Разумейчык з Аляксеек.
У вайну былі нешта наладзілі заняткі, але ненадоўга: не да вучобы было.
На шырокі прастор
11 ліпеня 1944 года в. Заполле была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І ўжо з 1 верасня 1944 года ў вёсцы пачала працаваць школа. Класы яе былі раскіданы па ўсім сяле, бо месціліся ў пяці мясцовых хатах. Тэрмінова пачалі рамантаваць будынак старой школы, якая была часткова разбурана ў час вайны. Неўзабаве ўсёй вясковай грамадой узяліся за будаўніцтва новай школы, якую цалкам узвялі недзе ў 1952 го-дзе. Пасадзілі сад, выкапалі басейн.
У 1945 годзе прыехала ў вёску працаваць група настаўніц з Усходняй Беларусі. Паціху школьны працэс наладжваўся.
Гартаю кнігу загадаў тых далёкіх гадоў. Не без хвалявання і лёгкай усмешкі чытаю такія радкі з загаду, падпісанага дырэктарам М. У. Случаноўскім 6 лістапада 1956 года: “За актыўны ўдзел у рабоце на прышкольным вопытным участку прэміраваць вучняў каштоўнымі падарункамі: Марыю Воўну (7”Б”кл.) — адрэзам на сукенку, Веру Зайка (7”Б”кл.) — грашыма ў суме 50 рублёў, Соф’ю Шыманчык — альбомам з наборам каляровых алоўкаў, Надзею Ціток (4 кл.) — чара-вікамі, Зайка Марыю (2 кл.) — стужкай. Усяго 44 вучні. А Васіля Трынду (7 кл.) і Івана Мігеля (6 кл.) прэміраваць шашкамі і даміно “за арганізацыю абсталявання школьнага вадаёма”.
А вось загад па школе ад 29 мая 1956 года: “Накіраваць тав. М. У. Случаноўскага ў міністэрства адукацыі БССР на атрыманне нарада на аўтамашыну”.
Альбо яшчэ. Загад №88 ад 16 лістапада 1957 года: “Каман-дзіраваць у г. Брэст настаўніцу фізкультуры Ю. П. Цімафееву для суправаджэння вучняў-піянераў, якія накіроўваюцца ў піянерскі лагер “Артэк”. Загад падпісаў дырэктар школы М. А. Гольц.
Настаўніцкі і вучнёўскі калектывы жылі цікавым, змястоўным, напружаным жыццём. Школа папаўнялася абсталяваннем, нагляднымі дапаможнікамі, кніжны фонд складаў некалькі тысяч.
У школе працавалі разнастайныя гурткі, спартыўныя секцыі, часта арганізоўваюцца працяглыя экскурсіі ў розныя гарады былога Савецкага Саюза, асаб-ліва ў 70–80-х гадах мінулага стагоддзя.
У 1992 годзе Запалянская школа стала сярэдняй. У 1993 годзе ў вёсцы быў узведзены новы будынак школы, а ў 1994 годзе адбыўся першы выпуск. Выпускніца Валянціна Крывецкая першай атрымала залаты медаль.
Выпуск 1989
Заняткі ў школе вядзе Марыя Сяргееўна Жылка
Запалянская школа сёння
Аляксандр Зайка,
выпускнік Запалянскай школы 1963 года,
а цяпер яе настаўнік.
Запалянскай школе — 125 гадоў
23.11.2010