На выпускной паралелі дэлегата ІV Усебеларускага народнага сходу, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры ДУА «Сярэдняя агульнаадукацыйная школа № 43 г. Мінска» Алесі Зяневіч, большасць вучняў сёлета на цэнтралізаваным тэсціраванні будзе здаваць беларускую мову.
Алеся Мікалаеўна выкладае беларускую мову і літаратуру каля 12 гадоў у 7—11 класах. Яна скарыстоўвае розныя творчыя метады зацікаўлення вучняў беларускай культурай на сваіх уроках. У 2010 годзе яе абралі настаўнікам года горада Мінска. А на ІV Усебеларускім народным сходзе Алеся Зяневіч выступае ад усяго беларускага настаўніцтва.
— Якое стаўленне ў школьнікаў да беларускай мовы і літаратуры? Ці ёсць зацікаўленасць?
— Зацікаўленасць у многім залежыць ад бацькоў і настаўнікаў. Не многія бацькі прывіваюць цікавасць да беларускай мовы і літаратуры, вельмі не многія... А ўжо ў школе ці з’явіцца гэтая цікавасць, у многім залежыць ад таго, як гэта зробіць настаўнік. Спачатку трэба дзіця навучыць не саромецца і не баяцца нашай мовы, зразумець яе, адчуць яе як сваю мову. Наступныя крокі — да таго, каб палюбіць, зацікавіцца і вывучаць нашу мову і літаратуру мэтанакіравана. Калі паступова, граматна, акуратна падыходзіць, то зацікаўленасць вучняў беларускай мовай і літаратурай узнікае. У кагосьці хутчэй, у кагосьці марудней. Вялікую ролю не толькі ўрок адыгрывае, але і пазакласная дзейнасць: калі дзеці бачаць пісьменнікаў, калі з імі размаўляюць. Безумоўна, гэта спрыяе таму, што цікавасць і павага да беларускай мовы і літаратуры ў дзяцей павышаецца.
— Вы ладзіце сустрэчы з пісьменнікамі ў вашай школе?
— Абавязкова ладзім! Наогул, мы лічым за гонар, калі ў нашу школу завітае празаік альбо паэт. Мы арганізоўваем такія сустрэчы з рознымі катэгорыямі вучняў. Звычайна больш абапіраемся на старэйшых. Стараемся праводзіць не толькі пазакласныя мерапрыемствы з удзелам пісьменнікаў, але запрашаем іх проста на ўрок. Каб дзеці не думалі, што беларуская літаратура — гэта літаратура выключна з падручнікаў і ў ёй ёсць толькі «засушаныя» класікі. Каб дзеці ведалі, што літаратура сапраўды жыве, што пісьменнікі, якія пішуць сёння, жывуць сярод нас, з намі. І калі пісьменнік сам даносіць дзецям сваю канцэпцыю, чытае свае творы вучням, то тады гэта жывое, гэта больш плённа ўздзейнічае.
— Каго з пісьменнікаў вы запрашалі?
— Уладзіміра Ліпскага, Аляксея Дударава, Уладзіміра Карызну, Рагнеда Малахоўскага. Сёлета мы запрашалі навукоўца Аляксандра Лукашанца, ён даводзіў дзецям з першых вуснаў змены ў правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. Чакаем, што нас наведаюць паэты, якія супрацоўнічаюць з «Вясёлкай». З Георгіем Марчуком мы дамаўляліся пра тое, што па ягоных прыпавесцях, якія вывучаюцца ў старэйшых класах, правядзём адмысловы ўрок. Дарэчы, пасля сустрэчы з Ліпскім нашая школьная бібліятэка перажывала поўны аншлаг! Такую цікаўнасць у дзяцей выклікалі ягоныя творы, што дзеці ў чаргу ў бібліятэцы выстройваліся, каб кніжку ўзяць пачытаць.
— Як вы ставіцеся да новай рэдакцыі правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі?
— Як і ўсе настаўнікі, я знаёмілася са зменамі ў мінулым і пазамінулым гадах, рыхтавалася да таго, каб іх уводзіць. Не скажу, што вучні асабліва цяжка засвойваюць гэтыя змены. Яны нармальна іх успрымаюць. Пунктуацыя, наогул, не змянілася. Арфаграфія — асобныя пункты змяніліся, мы іх вывучаем. У большасці падручнікаў тэксты ўжо надрукаваныя згодна са зменамі. Так, ёсць яшчэ недакладнасці... Але паступова, спакойна працэс засваення змен ідзе.
— З новай рэдакцыяй беларускай арфаграфіі і пунктуацыі з’явілася пэўная блытаніна ў правапісе. Ці адштурхнулі вучняў старэйшых класаў гэтыя складанасці ад выбару беларускай мовы ў якасці прадмета для здачы цэнтралізаванага тэсціравання?
— Не магу адказваць за ўсіх вучняў, магу толькі за сваіх: нікога не адштурхнула, ніводнага! Перш за ўсё гэта залежала ад таго, як гэта было паднесена настаўнікам, наколькі гэта граматна было растлумачана. Таму што падчас падрыхтоўкі да тэсціравання вучні ўсё роўна паўтараюць абсалютна ўвесь матэрыял, у тым ліку і проста перавучваюць тыя пункты, у якіх з’явіліся змены. Тым больш што пераходны перыяд на засваенне змен — тры гады.
— З якімі думкамі вы ішлі на сход? Якія праблемы існуюць у сістэме школьнай адукацыі, у сістэме выкладання беларускай мовы і літаратуры, якія варта агучыць?
— Справа ў тым, што на сходзе я выступаю ад імя ўсіх настаўнікаў Беларусі. Таму магчымасці гаварыць толькі пра свой прадмет няма. Рэгламент — усяго сем хвілін. Пра беларускую мову і літаратуру я гавару вельмі часта на розных іншых мерапрыемствах, форумах. Таму маё выступленне на Усебеларускім сходзе — у асноўным пра якасць адукацыі, практычную арыентаванасць сённяшняй сярэдняй адукацыі, пра яе становішча. У маім выступленні гучыць думка пра тое, што мы сёння павінны па-новаму паглядзець на вызначэнне якасці адукацыі і на першы план паставіць менавіта сацыялізацыю асобы. Мы ведаем, што часта нават выдатнікі, якія атрымліваюць атэстаты з адзнакай, не заўжды могуць сябе рэалізаваць у жыцці. Таму самым значным на сёння з’яўляецца рэалізацыя кожнай асобы. Калі асоба рэалізавалася, няважна, быў гэты чалавек выдатнікам альбо ў яго не атрымлівалася добра вучыцца, але калі ён знайшоў сваё месца ў жыцці, калі ён сам стаў шчаслівым, то для грамадства гэта таксама вельмі карысна.
Вольга Чайкоўская, Звязда
Мінская Настаўніца года: Выдатнікі не заўжды могуць рэалізавацца ў жыцці
07.12.2010