Каля 500 бацькоў, што выступаюць за права навучання дзяцей дома, звярнуліся да ўладаў

22.12.2010

Больш за 500 чалавек падпісалі зварот у абарону права на хатнюю адукацыю ў Беларусі. Лісты з подпісамі адрасаваныя ў Камісію па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе, у Міністэрства адукацыі і Адміністрацыю Прэзідэнта.

Бацькі асцерагаюцца, што палажэнні праекта Кодэкса аб адукацыі, які зараз знаходзіцца на разглядзе ў Палаце прадстаўнікоў, могуць адбіцца на тым, што бацькі, якія раней навучалі дзяцей дома па індывідуальным плане, могуць згубіць права на такую форму навучання. Прынамсі, у адпаведнасці з існуючым заканадаўствам, бацькі маюць права не выпраўляць сваіх дзяцей з заплечнікамі ў школу, а самі сачыць за тым, як займаецца дзіця. Паводле слоў юрыста Дзіны Шаўцовай, калі Кодэкс будзе прыняты ў цяперашнім выглядзе, гэта сур’ёзна пагоршыць магчымасці атрымання адукацыі дома (паводле індывідуальнага навучальнага плана).

У звароце бацькоў, у прыватнасці, адзначаецца: «Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, у тым ліку і тыя, хто навучае сваіх дзяцей дома, глыбока занепакоены запланаваным прыняццем Кодэкса аб адукацыі ў яго сённяшняй рэдакцыі. Калі Кодэкс будзе прыняты ў цяперашнім выглядзе, то магчымасць хатняга навучання (пад гэтым тэрмінам мы маем на ўвазе навучанне па індывідуальным плане) будзе сур’ёзна абмежаваная. Мы заклікаем прадстаўнікоў беларускай улады ўнесці праўкі ў праект Кодэкса і прыняць яго ў такім выглядзе, які не будзе абмяжоўваць права сямей на хатнюю адукацыю (навучанне па індывідуальным плане). Мы лічым, што па індывідуальным плане паводле пісьмовай заявы бацькоў маюць права навучацца не толькі хворыя дзеці, ці тыя дзеці, што маюць выбітныя здольнасці, але і кожнае дзіця».

ІМХО

У адным з выпускаў «Чырвонкі" мы расказвалі пра хатняе навучанне ў Беларусі. Тэкст быў перадрукаваны парталам «ТУТ. BY». Людзі, якія каментавалі яго, выказваліся як за навучанне па індывідуальным плане, так і супраць. Прынамсі, калі я пачытала гэтыя каментарыі, мне падалося, што ў нашай краіне мог бы прыжыцца і такі варыянт навучання, які я ўмоўна назвала «наведванне школы па індывідуальным графіку». Гэта маё ўласнае меркаванне. А можа, не толькі маё? Так, у адным з каментарыяў гаворыцца: «Як педагог ВНУ, я дапускаю, што некаторыя дзеці, паводле складу свайго характару і псіхічнай арганізацыі, стамляюцца не столькі ад школьнай нагрузкі (самі прадметы), колькі ад шуму ў класе, мітусні і ўсіх выгод «калектыўнага жыцця». Дарэчы, мой асабісты вопыт такі: падчас хвароб заўсёды дома вучылася лепей, а пасля ў школе проста пачынала стамляцца і «халявіць». У 10–11 класе мне бацькі (таксама выкладчыкі ВНУ) нават дазвалялі раз у тры тыдні зрабіць дзень адпачынку і прапусціць школу. Не скажу, што гэта адбілася катастрафічным чынам на маёй паспяховасці. Затое ўвечары папярэдняга і палову «вольнага» дня я займалася самаадукацыяй (чытала, «лазіла» па энцыклапедыях, задавальняючы ўласную цікаўнасць). Бацькі былі спакойныя, бо бачылі, што дзіця сядзіць дома і чытае кнігі, а не швэндаецца па вуліцы. Падчас вучобы ў ВНУ і ў маёй прафесійнай дзейнасці гэтыя, здабытыя самастойна веды вельмі спатрэбіліся. Калі ў мяне пытаюцца, адкуль я гэта ведаю, то часам жартую: «Ведаю таму, што часам прапускала школу».

Прынамсі, тое ж хатняе навучанне, якое зараз распаўсюджваецца ў Еўропе, Амерыцы, Канадзе, таксама спачатку не прымалася. Але невялікая група бацькоў змагла выстаяць і больш за тое натхніць сваімі ідэямі іншых. Напрыклад, у ЗША ў 1985 г. толькі 50 000 дзяцей навучаліся дома. У 1992 г. іх было ўжо 300 000. У 1999 г. — 850 000. Сёння на хатнім навучанні знаходзяцца ад 2,4 да 3,4 % усіх школьнікаў Амерыкі. Ці пойдзем мы па іх шляху?

Сам факт, што такая форма навучання па індывідуальным плане стала цікавай некаторым беларускім бацькам, — гэта проста яшчэ адзін з «намёкаў" на тое, што з сістэмай школьнай адукацыі ў нас не ўсё добра. Вы зазірніце на форумы: як актыўна абмяркоўваюцца тэмы, звязаныя са школай, з выпускнымі іспытамі. Калі немагчыма змяніць сістэму, зрабіць школу ідэальнай, чаму б не паспрабаваць нешта зрабіць самім? Напрыклад, прысвяціць сябе дзецям: пакуль яны знаходзяцца ва ўзросце малодшых класаў, сядзець і займацца з імі, альбо адстаяць права на самастойнае навучанне старэйшых сыноў і дачок, якія сапраўды здольныя самі спасцігаць навукі. Гэта як толькі адна з альтэрнатыў. Магчыма, хтосьці з нашых чытачоў таксама можа прапанаваць нейкія свае варыянты, пункты погляду на тое, што трэба рабіць са школай, каб наблізіць яе да ідэалу.

Алена Дзядзюля, Чырвоная змена