Семестр у Нямеччыне: уражанні беларускай студэнткі

21.01.2011

Сваімі развагамі наконт беларусскай і нямецкай вышэйшай адукацыі дзеліцца студэнтка, якая навучаецца ў Германіі па студэнцкай праграме «Сopernicus».



Напэўна ні адна краіна ў сьвеце не прапаноўвае столькі магчымасьцей навучацца беларускім студэнтам, як Нямеччына. Існуе вельмі шмат праграмаў, па якіх штогод ездзяць беларускія студэнты вучыцца ў нямецких універсітэтах.



Як “у іх” і “ў нас”: знайдзі дзесяць адрозненняў



Самае першае, што кідаецца ў вочы ў нямецкіх універсітэтах, гэта стаўленьне да студэнтаў. Кожны выкладчык выслухоўвае, а галоўнае, паважае меркаваньне студэнта і адкажа на пытаньні, і ня будзе такога кшталту «Схадзіце ў бібліатэку, там усё знойдзецё». І прычым ніхто дакладна ня можа сказаць, ці ведае адказ на пытаньне сам выкладчык. Цяжка знайсьці выкладчыка, які да студэнтаў зьвяртаецца на «ты» і нават калі ў Нямеччыне часьцей у зносінах ужываецца форма «ты», дзе беларус скажа «Вы», усё роўна часьцей студэнтам кажуць «Вы».



Акрамя таго, студэнты маюць значна больш свабоды, нават калі ў Беларусі ўбраць БРСМ і розныя адпрацоўкі ў інтэрнатах, усё роўна нямецкія, ды і ўвогуле эўрапейскія студэнты больш вольныя. Існуе пэўная колькасьць абавязковых прадметаў, астатняе можна абіраць самім, прычым максімальная колькасьць такіх прадметаў часцяком не абмежавана. Але нямецкія студэнты ня надта карыстаюцца такой магчамасьцю, можа таму што іншай сістэмы адукацыі яны ня бачылі. Таму і спецыяльнасьці атрымліваюцца вельмі вузенькія і са сумежнымі навукамі выпускнікі амаль што зусім не знаёмыя.



Яшчэ адна асаблівасьць датычыцца саміх студэнтаў: яны ня звыклі самі вучыцца. Ды яно і непатрэбна, таму што на лекцыях ды семінарах абмяркоўваюць усё тое, што будзе на іспыце. А не так, як у нас часам адбываецца: лекцыі адны, на семінарах патрубуюць другое, а на іспыце будзе трэцяе. Урэшце рэшт вучымся ўначы перад іспытам.



Не існуе такіх лекцый «не аб чым», калі выкладчык на 30 хвілінаў спазняецца, яшчэ 30 хвілін шукае свае паперкі, а астатні час распавядае, аб тым, што жанчыны ня здольны нармальна кіраваць аўто і што за іх столькі небяпекі на дарогах, а потым яшчэ раней адпускае. Гэта можа зьвязана з нямецкімі якасьцямі характару, як раз з тымі, якіх нам на жаль не хапае: пунктуальнасьць і дысціплінаванасьць.



Пра вышэйшую адукацыю агулам



Уся вышэйая адукацыя арыентавана на практыку і таму тэорыя ня мае вялікага значэньня. На семінарах звычайна абмяркоўваюць нейкую праблему з рэальнага жыцьця і шляхі яе вырашэньня. Але ўсё базіруецца на тэорыі, таму ты проста вымушаны яе прачытаць, каб ведаць аб чым гаворка. Вельмі папулярна ў час лекцыяў такая з’ява як гасцевыя даклады. Прыходзіць прадстаўнік пэўнага прадпрыемства і распавядае, як яны скарыстоўвываюць пэўныя метады на практыцы. Пытаньні па такіх дакладах звычайна выносяцца на іспыт.



У нямецкіх універсітэтах вельмі шмат магчымасьцяў вывучаць замежныя мовы. Самі ж студэнты ўжо даволі добра ведаюць адну-дзьве замежныя мовы. Гэта тлумачыцца тым, што ў школе вывучаюцца дзьве замежныя мовы. Увогуле немцы – разнабаковы народ, які вельмі любіць вандроўкі, знаёміцца з новымі людзьмі і краінамі. Само стаўленьне да вучобы таксама вельмі адрозьневаецца: яно значна сур’ёзней.



І тым ня меньш, улічваючы шматлікія перавагі нямецкай адукацыйнай сістэмы, я бы не сьпяшалася ўводзіць такую сістэму ў Беларусі. Па-першае, стаўленьне асноўнай масы студэнтаў да вучобы зусім іншае: яны на жаль не прызвычаіліся вучыцца. Ім патрэбна кожны раз нагадваць, што трэба часам заходзіць на лекцыі. Па-другое, тэорыю ўсё ж такі неабходна вывучаць ў той ступені, у якой яе вывучаюць у нас. Тэорыя – гэта падмурак, базіс, без якога я не ўяўляю сабе добрага спецыяліста. Але на семестар ў Нямеччыну варта з’ездзіць усім, хто цікавіцца ўсім новым, хоча атрымаць карысныя веды і досьвед.



Якія праграмы працуюць з Беларуссю



Адна з такіх праграмаў, «Сopernicus», выдае кожны год стыпендыі на семестр вучобы ў Гамбургу, Берліне альбо Мюнхене для студэнтаў з Усходняй Эўропы. Атрымаць стыпендыю (агулам прыблізна 650 Эўра кожны месяц, з іх кішэнныя — 200 Эўра) можа любы беларускі студэнт, які валодае нямецкай мовай і грамадзка альбо палітычна актыўны ў сваёй краіне. Праграма прадуглежвае месяц вучобы ў нямецкім універсітэце, 6–8 тыдняў практыкі ў нямецкай фірме, а таксама жыцьцё ў нямецкай сямьі для больш дэталёвага знаёмства з краінай, яе звычаямі і асаблівасьцямі немецкага менталітэту.



Таксама ў Беларусі даволі вядомы фонд стыпендый DAAD, які выдае розныя стыпендыя (навуковыя, на пасьлядыпломнае навучаньне, летнія курсы і г.д.), але семестровыя стыпендыі выдае DAAD толькі для філогаў-германістаў. Звычайна, калі студэнт атрымлівае стыпендыю DAAD, то праблемаў з беларускімі ВНУ ў яго значна меньш (чым напрыклад стыпендыі Сopernicus альбо GFPS).



Фонд GFPS выдае стыпендыі для студэнтаў беларускіх ВНУ, а таксама студэнтаў ЕГУ. Праграма не прадуглежвае праходжаньне практыкі, затое універсітэт можна абіраць самім. Усе тры праграмы патрабуюць добрае валоданьне нямецкай мовы.



Анастасія Рэзнікава, Альтэрнатыўная моладзевая платформа