Наталлю Ільініч звольнілі з працы

25.01.2011

З настаўніцай гісторыі з вёскі Талька Пухавіцкага раёна, сябрам Партыі БНФ, не працягнулі працоўны кантракт. У мінулым годзе не без дапамогі незалежных СМІ Наталля змагла адстаяць сваё права на працу.

У гэтым, калі гэтая гісторыя крыху забылася, 49-гадовую настаўніцу папрасілі са школы…

Пра Наталлю Ільініч у мінулым навучальным годзе “Народная Воля” пісала не раз. Справа ў тым, што не па сваёй волі яна была ўцягнута ў дзікую гісторыю. Яе і яшчэ пяцярых настаўнікаў з розных школ Мінскай вобласці начальнік Мінскага абласнога ўпраўлення адукацыі Таіса Данілевіч паставіла перад ганебным выбарам: альбо праца ў школе, альбо членства ў апазіцыйных партыях, сябрамі якіх яны з’яўляюцца.

Скандал выйшаў за дзверы чыноўніцкага кабінета, пра яго напісала наша газета, тэму падхапілі іншыя СМІ. Рэзананс быў велізарны. На “размову” ў кабінеце Данілевіч вымушана была рэагаваць пракуратура, бо Наталля Ільініч напісала заяву на імя пракурора Мінскай вобласці з просьбай правесці пракурорскую праверку таго, што адбылося ў Мінаблвыканкаме.

Здавалася, што настаўнікі абаранілі свае правы. Па-першае, з працы іх ніхто не звольніў, хаця амаль усе яны засталіся сябрамі апазіцыйных партый.

Але, як высвятляецца зараз, гэта была часовая перамога справядлівасці.

-- Сёння мне далі загад за подпісам дырэктара аб маім звальненні, — патэлефанавала ўчора ў “Народную Волю” Наталля Ільініч. — 27 студзеня скончыўся мой працоўны кантракт, і мне паказалі на дзверы. Не далі дапрацаваць нават да пенсіі па выслузе гадоў. Настаўнікі, калі іх стаж складае 35 гадоў, могуць ісці на пенсію ў 50. А ў ліпені мне якраз і споўніцца 50. Я нават прасіла не звальняць, даць дапрацаваць. Але новы дырэктар (яго прызначылі 1 верасня) вырашыў інакш. Магчыма, на такое рашэнне паўплывала тое, што 5 студзеня ў маім доме адбыўся вобыск, як я думаю, у сувязі з падзеямі 19 снежня. Прыйшлі як быццам бы шукаць зброю і наркотыкі, а забралі камп’ютар. Пакуль не ведаю, што мне далей рабіць.

“Народная Воля” будзе сачыць за лёсам Наталлі Ільініч.

Вольга Грынявіцкая, Народная воля