Хібы ў нямецкай адукацыі: каментары прафесіяналаў

01.02.2011

Даследаванні якасці сярэдняй адукацыі выклікалі ў кожнай краіне з ліку ўдзельнікаў хвалю абмеркаванняў, прысвечаных шляхам паляпшэння ўласных вынікаў у міжнародным рэйтынгу. Цяпер Нямеччына знаходзіцца сярод лідэраў у школьнай адукацыі, але так было не заўсёды. Напрыклад, у 2000 г. нямецкія школьнікі паказалі нечакана нізкія веды і гэта было ўспрынята як нацыянальная катастрофа. Як палепшыць адукацыю абмяркоўвалі на ўсіх узроўнях, былі праведзеныя дадатковыя даследаванні, якія засведчылі: незалежна ад здольнасцяў вучняў, найгоршыя вынікі паказалі дзеці эмігрантаў, а таксама дзеці з сем’яў з нізкім даходам і сацыяльным статусам. Немцы здзейснілі неадкладныя захады. І калі ў 2000 г. сярэдні бал нямецкіх школьнікаў быў 484 з 1000, то ў 2009 г. ён дасягнуў 510, а ў прыродазнаўчых навуках – 520 балаў. Такі значны скачок атрымаўся найперш за кошт скарачэння разрыву паміж добра і слаба падрыхтаванымі дзецьмі.


Як бачым, міжнародны рэйтынг PISA краіны выкарыстоўваюць як інструмент, з дапамогай якога можна меркаваць пра якасць працы Міністэрства адукацыі. Гэткі незалежны знешні аўдыт, які падказвае, ці не дарма міністэрства есць народны хлеб…

Часопіс FOCUS змяшчае меркаванні нямецкіх адмыслоўцаў пра тое, якія хібы яны бачаць у сённяшняй адукацыйнай сістэме Нямеччыны.

Уся праблема ў федэральнай сістэме
Клаўс Кінкель, былы Міністр замежных спраў, Свабодная дэмакратычная партыя:

- Федэральная сістэма адукацыі ў цяперашнім выглядзе ёсць сапраўдным тормазам у барацьбе за больш эфектыўную школу. Асабліва забарона на супрацоўніцтва паміж федэральным цэнтрам і асобнымі землямі замінае канструктыўнаму партнёрству ў галіне адукацыі. Трэба скасаваць гэты парадак, каб адукацыйная палітыка магла рухацца наперад. Пытанні адукацыі павінны па-ранейшаму вырашацца на лакальным узроўні, але федэральны ўрад павінен мець магчымасць дапамагаць там, дзе землі не могуць рэалізаваць нейкія праекты нават з-за недахопу фінансавых сродкаў.

Трэба разумна размяркоўваць рэсурсы
Бэціна Вюрт, кіраўніца савета групы “Вюрт”:

- Выкладанне ў той форме, у якой яно цяпер найчасцей існуе, непазбежна прыводзіць да праблемаў: усе дзеці аднаго ўзросту мусяць у адной настаўніцы на адным і тым жа матэрыяле ў аднолькавым тэмпе адначасова дасягнуць аднолькавай мэты. Той, хто выпадае з гэтай сістэмы, зведвае санкцыі: вымушаны альбо паўтарыць навучальны год, альбо – калі вядзецца пра таленавітае дзіцё – чакаць, пакуль астатнія вучні яго дагоняць. Я лічу, што кожны вучань павінен пакідаць школу пераможцам! Вучыцца – значыць атрымліваць адказы на пытанні. Педагагічны падыход Свабоднай школы Anne-Sophie, якую я заснавала, такі: у цэнтры ўсяго навучання – цікаўнасць вучня. Варта разумна размяркоўваць рэсурсы, а не дыскутаваць пасля кожнага даследавання PISA. Трэба нешта сапраўды рабіць!

Летнія вакацыі надта доўгія
Марыён Шык, Міністр культуры зямлі Бадэн-Вюртэмберг, Хрысціянска-дэмакратычны саюз:

- Каб яшчэ лепей падтрымліваць дзяцей з малаадукаваных сем’яў, мы павінны звярнуцца і да нетрадыцыйных метадаў. Прыкладам, можна было б выкарыстоўваць шэсць тыдняў летніх вакацыяў на дадатковыя адукацыйныя праекты, каб дзеці не “адвучыліся вучыцца”. Нашы летнія школкі лічу шматабяцальным праектам, які абавязкова буду падтрымліваць і ў будучыні.

Надта амбітныя бацькі толькі дзейнічаюць на нервы
Ёзаф Краўс, прэзідэнт Нямецкага саюза настаўнікаў:

- Большасьць бацькоў – разумныя людзі, якія рэальна ацэньваюць сітуацыю і супрацоўнічаюць з настаўнікамі. Але 10% нерватрапальнікаў крадуць у нас 80% энергіі. Усё больш дарослых не цікавяцца пытаннямі адукацыі, ім усё роўна. Яны знялі з сябе адказнасць за якасць адукацыі, бо так зручней, ніякіх табе клопатаў, альбо махнулі на ўсё рукой. Да іншай катэгорыі адносяцца бацькі, якія ўсё ведаюць лепей. Яны занадта актыўныя і зашмат крытыкуюць. Яны пераацэньваюць таленты сваіх дзяцей, бягуць скардзіцца адміністрацыі, калі аднойчы “выпадае” урок па матэматыцы, не кажу ўжо пра сітуацыі, калі на вучня разок насварыліся. Яны пішуць лісты ў канцылярскім стылі, калі за апытанне экспромтам іх дзіцё атрымлівае “задавальняльна”. Такіх бацькоў-завучак прасцей за ўсё знайсці сярод інтэлігенцыі ў буйных гарадах. Крытыкуючы настаўніка англійскай за вячэрай, яны падрываюць аўтарытэт маіх калегаў.

Адна рэформа за другой без усялякай навуковай базы
Манфрад Шпіцар, даследнік галаўнога мозгу:

- Здароўе і адукацыя – на першы погляд, дзве вельмі падобныя галіны. Абедзве сістэмы каштуюць мільярды, заўсёды перажываюць крызіс, і заўсёды вядзецца гаворка пра рэформы. Але калі прыгледзецца, тут ёсць значныя адрозненні: медычныя рэформы праходзяць рэгулярна, грунтуюцца на навуковых доследах, і нікому і ў галаву не зойдзе ісці з-за іх пратэставаць. Як вучыцца дзіця – не ёсць пытаннем палітычным, не істотна, хто кіруе, зялёна-чырвоныя альбо жоўта-чорныя. Тут важна, наколькі ўсё навукова абгрунтавана. Вывучэнне галаўнога мозгу дае такую інфармацыю (як біяхімія ў медыцыне), але гэтыя звесткі трэба правяраць эмпірычна. Вось ёсць жа ў медыцыне клінічныя даследаванні, а ў галіне адукацыі такога практычна арыентаванага падыходу амаль што няма.

Усе праблемы пачынаюцца яшчэ ў садку
Васіліас Фтанакіс, псіхолаг і педагог:

- У дашкольных установах асабліва не хапае высокаадукаваных спецыялістаў. У нас самы ніжэйшы ў Еўропе узровень прафесійнай падрыхтоўкі выхавацеляў. Нашым садкам і яслям катастрафічна не хапае сродкаў. Арганізацыя па эканамічным супрацоўніцтве і развіцці (АЭСР) рэкамендуе аддаваць 1% ВУП на гэтую галіну, а мы інвестуем менш за палову. Выхавацелі мала зарабляюць... На жаль, у грамадстве дагэтуль адсутнічае ўсведамленне важнасці ранняга выхавання

FOCUS 17.01.10
З нямецкай пераклала Іна Валіцкая