Мне здавалася, што пісьменнікам, якіх вывучаюць у школе, у нейкім сэнсе не пашчасціла, хоць сам факт, безумоўна, сведчыць пра значнасць іх творчасці. Але разам з тым ёсць небяспека, што чалавек можа прачытаць гэты твор аднойчы ў школе і больш да яго не звяртацца. А як можна абмежавацца чытаннем «Палескай хронікі" Мележа выключна ў школьныя гады, калі яшчэ няспелая свядомасць і жыццёвага вопыту нестае, каб цалкам зразумець глыбіню роздумаў пісьменніка? Хіба ж толькі пра доўгае і пакутнае каханне Ганны і Васіля ён пісаў? Да ўспрымання і ўсведамлення думак Мележа насамрэч трэба дарасці, каб адчуць, што чытаць раман «Людзі на балоце» — гэта ўсё адно што паглядзець у люстэрка. Люстэрка, у якім адбіваецца беларускае жыццё і самі беларусы.
І не толькі тыя, што жылі ў 20-я гады. Бо нам, нашчадкам тых, у спадчыну дасталіся іх ненадуманыя думкі, іх недаробленыя справы, іх рысы і жаданні. Мы можам сябе пераконваць: рэчаіснасць іншая, варыянтаў шчасця больш. Зямля калісьці была сімвалам дабрабыту для герояў Мележа. Цяпер сімвалаў дабрабыту больш. Але справа ж не ў сімвалах, а ў тым, як думка пра дабрабыт уплывае на людзей — нашых, сучасных. І калі прыгледзецца да іх, то... Ці так ужо моцна змяніліся мы? Галоўны герой «Палескай хронікі" Васіль шукае багацця праз працу. Дзеля сваёй мэты ён нават гатовы адмовіцца ад каханай Ганны. Ён задавальняецца тым, што прыдбаў: зямлёю, яна хоць і балота, але ж сваё...
Мележ апісаў насамрэч не толькі беларусаў, але і Беларусь.
І хоць як самастойнай краіны яе ў яго час не было, ён сфармуляваў парадыгму беларускага жыцця. Ухапіў самую сутнасць беларускага светапогляду, самае зерне беларускай будучыні, якое прарастае толькі пры ўпартай і мэтанакіраванай працы. Яно можа ўзыходзіць не тое што гадамі — дзесяцігоддзямі, ці нават эпохамі. І я нібыта з другой эпохі цяпер задаю пытанне: ці змянілася Беларусь Мележа? Спрабую знайсці адказ не ў дэталях, а ў сутнасці. І разумею, што насамрэч мы сёння самі сваім жыццём пішам працяг яго незавершанай «Палескай хронікі". Дарэчы, ён як пісьменнік заўсёды ішоў ад жыцця, лічыў, што яно і ёсць вялікі раманіст. Але ёсць адчуванне, што сёння вельмі не хапае Мележа. Пісьменніка такога ж узроўню, які б не на камерным узроўні, а на ўсенародным, калі хочаце, здолеў пранікнуць у сутнасць падзей, якія сёння ўплываюць на лёс усяго народа. У «людзей на балоце» мяняюцца вонкавыя падзеі, але ці мяняюцца (і як) самі людзі? Чаго ім не стае, каб канчаткова зразумець, дзеля чаго ім патрэбна іх зямля, і што з ёй рабіць?
Мележу сёлета споўнілася б 90 гадоў. Шмат вады ўцякло з таго часу, калі стваралася яго эпапея пра Беларусь. Яна не была створана канчаткова. Магчыма гэта і дало мне падставу зазірнуць у магчымы працяг — аж да сённяшніх дзён. Працяг планаваў сам аўтар.
Каб зразумець, якая насамрэч спадчына Івана Мележа, як ён даражыў сваім словам і часам, я накіравалася ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. Дырэктар Ганна Запартыка паказвае вопіс усіх дакументаў, сярод якіх шмат з паметкай «асабліва каштоўныя» і тлумачыць:
— Ён пражыў усяго 55 гадоў. Быў пісьменнікам і актыўным грамадскім дзеячам. Але для яго творчасць была асноўным заняткам у жыцці. Спасцігнуць яго творчую лабараторыю — абавязак будучыні. Гэта справа не аднаго даследчыка, не адзін год ці нават дзесяцігоддзе спатрэбіцца, каб наблізіцца да поўнага разумення вынікаў яго тытанічнай працы.
Я лічу, што да Мележа вернуцца. Была эпоха, быў час, калі Мележа больш чыталі, чым цяпер, ведалі больш, ён быў жаданым госцем на многіх афіцыйных і неафіцыйных мерапрыемствах. Чытач, магчыма, у пэўнай ступені начытаўся Мележа: яго творы ўвайшлі ў школьныя і ўніверсітэцкія праграмы. Мележа зразумелі і ацанілі: ён пісаў, супадаючы з падзеямі і з часам. Але эпоха Мележа як пісьменніка не пройдзе, таму што ён пісаў пра народ у часе...
— Калі меркаваць па менталітэце беларусаў, напэўна, эпоха Мележа ніколі не пройдзе...
— Час прайшоў, а людзі будуць любіць Ганну і Васіля, вёску, мясціны, наша Палессе — зямлю з яе каларытам, з народнымі павер’ямі, сакавітай мовай. Ён — пісьменнік на вякі.
Архівісты імкнуліся да стварэння сістэмы вопісу, якая дала б магчымасць даследчыку зарыентавацца ў моры дакументаў. Калі гартаць вопіс, то ў агульным раздзеле «Рукапісы Мележа» першае месца займаюць яго раманы, у прыватнасці «Мінскі напрамак» у многіх варыянтах. Раман менш вядомы, чым яго «Палеская хроніка», аднак аўтар аддаў шмат творчых высілкаў дзеля таго, каб гэты раман выйшаў — яго архіў гэта адлюстроўвае. Захаваліся сведчанні таго, як перакладаўся гэты раман на рускую мову. Цэлы раздзел у вопісе, які называецца «Пераклады Мележа», але, па сутнасці, у гэтым раздзеле адзін раман у яго аўтарскім перакладзе, які пасля выйшаў у «Советском писателе» ў 73-м годзе.
А ёсць пераклады «Палескай хронікі", напрыклад, на літоўскую мову, на рускую мову, на ўзбекскую, на ўкраінскую, зробленыя вядомымі перакладчыкамі.
— Гэта ўсё-такі галоўны твор пісьменніка. Напэўна, найбольш важкі і ў архіве?
— 46 адзінак захоўвання вопісу толькі «Палескай хронікі". У сярэднім па 70 лістоў кожны. Цяжка ўявіць, не пабачыўшы... Вялікае месца ў раздзеле «Рукапісы» займаюць менавіта дакументы, якія тычацца «Палескай хронікі": «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Завеі, снежань». Многія раздзелы, чарнавыя аўтографы — усё гэта захавалася ў пісьменніцкім кабінеце, у яго сям’і, а пасля было перададзена ў архіў-музей удавой І. Мележа Лідзіяй Якаўлеўнай Пятровай. Цікава, што тут ёсць раздзелы «Хронікі", якія рыхтаваліся і выдаваліся пасля смерці пісьменніка. Дата 1976 г. стаіць на многіх рукапісах, у тым ліку на «Завеі, снежань», але апошняя частка выходзіла ўжо без яго... У архіўным вопісе можна ўбачыць, што гэтая частка мела некалькі варыянтаў назваў: «Жыццё на пераломе», «Клопаты ў снежні". Гэтыя варыянты паўтараюцца з загалоўка ў загаловак. Магчыма, сам Іван Паўлавіч так і не вызначыўся з назвай...
Ёсць асобныя главы гэтага рамана пад назвай «Вечары», «Пачатак дня», «Час спадзяванняў". Мажліва, пры падрыхтоўцы да выданняў у 78-м годзе, гэта было ўлічана. Але гэта асобная тэма для даследчыкаў. Была ў пісьменніка задума працягу «Палескай хронікі". Захаваліся рукапісы незавершанага рамана пад назвай «Час спадзяванняў" з гэтага цыкла.
— Ці ёсць сведчанне таго, што яго правілі (бо спісваў жа палітычныя падзеі)? Ці ён сам рабіў праўкі, разумеючы, што могуць быць праблемы ў выдавецтве?
— Сёння трэба больш уважліва кожны з варыянтаў твора аналізаваць. Чаму іх так многа? Ці гэта сведчыць толькі пра аўтарскае жаданне адшліфаваць твор, ці ёсць уздзеянне цэнзуры? Вядома, самыя першыя варыянты правак — гэта хутчэй за ўсё чыста аўтарскае, калі ён сам даводзіў твор да дасканаласці. Але трэба паглядзець машынапіс, расклейку, тыя варыянты, якія адпрацоўваліся ў выдавецтве, дзе знешнія сілы маглі ўплываць на канчатковы вынік. Магчыма, там могуць быць і купюры, і рэдактарскія праўкі, заўвагі. Але гэтая праца для даследчыкаў.
— Калі Мележ задумаў эпапею, то, напэўна, яшчэ некалькі тамоў планавалася?
— Каб Бог даў яму доўгае жыццё, то «Палескую хроніку» мы бачылі б большай — на тое ж і «хроніка». Мажліва, яна б дайшла да 60–70-х гадоў мінулага стагоддзя. Задумы былі не на адзін раман. Дакументы сведчаць, што былі такія варыянты: «Праўда вясны», «Сакавіцкія ручаі", «Вясновае поле». Гэта раздзелы, варыянты назваў ужо наступнага рамана цыкла «Палеская хроніка».
Цікава, што перапіска Мележа прыадкрывае таямніцу, адкуль яго пісьменніцкая дакладнасць і праўда ў «Палескай хроніцы». Вельмі цікавыя ў гэтым плане лісты яго бацькі Паўла Фёдаравіча Мележа. Захавалася 7 лістоў на 15 старонках, напісаных з 44-га па 51-шы год. Па сутнасці, гэтыя лісты даюць падставу думаць, што многія эпізоды «Палескай хронікі" вельмі дэталёва кансультаваў бацька. Мележ маладым пайшоў вучыцца, потым вайна. Быў вялікі перапынак, жыццё ў адрыве ад вёскі і нават радзімы. А пасля вайны пачалося зусім іншае жыццё. Каб перадаць у раманах многія дэталі і нават сюжэты, што прыходзяць выключна праз жыццёвы вопыт, праз пражытае і перажытае ў той час і ў тых умовах, патрэбна была падказка таго, хто сам усё прайшоў і зведаў. Такім чалавекам быў бацька. Іван Паўлавіч у лістах задаваў пытанні, а бацька яму падрабязна ўсё расказваў: як называліся рэчы, як адбываліся сельскагаспадарчыя працы, тлумачыў тэхналогію і многае іншае. Гэта ўсё можна прачытаць у лістах. Можа, не ўсе яны захаваліся, але нават па гэтых 15 старонках становіцца зразумелым, што галоўным кансультантам Мележа быў яго бацька. Гэта вельмі цешыць, ад гэтага вее цеплынёй, жыццёвай праўдай. Як бачым, у пісьменніка быў вельмі адказны, шчыры і вопытны кансультант. Адчуваецца, што ён з вялікім захапленнем гэта рабіў для сына.
Вельмі цікавая перапіска Івана Мележа. Яму пісалі Алесь Адамовіч, Вячаслаў Адамчык, Янка Брыль, Вісарыён Горбук, які жыў у Пяцігорску, Еўдакія Лось, Ларыса Александроўская... Вельмі вялікая сямейная перапіска. Многа лістоў самога Мележа да жонкі Лідзіі Якаўлеўны — ад 45-га да 74-га года. Многа ў архіве сямейных здымкаў. А таксама фота з самых розных мерапрыемстваў, сустрэч, у тым ліку з вядомымі нашымі пісьменнікамі: Янкам Брылём, Іванам Шамякіным, Андрэем Макаёнкам, Міколам Аўрамчыкам, а таксама з Пятром Машэравым. Ёсць і сяброўскія шаржы на Мележа.
— Ён належыць да пакалення творцаў, на светаадчуванне якіх моцна паўплывала вайна. Ці не яна абудзіла Мележа-творцу?
— Напачатку ён спрабаваў сябе і як паэт. Самыя першыя яго вершы датуюцца з 38-га па 43-ці год: «Багдановіч», «Жураўлі", «Над ракою». Самы ранні асабісты дакумент І. Мележа, які захоўваецца ў архіве-музеі, — пасведчанне малодшага палітрука палітупраўлення дзеючай арміі, якое выдадзена 8 мая 1942 года. У войска быў прызваны ў 1939 г. з Інстытута гісторыі, філасофіі і літаратуры ў Маскве (пасля перавёўся ў БДУ). Ваяваў, быў паранены. У 1944 годзе апавяданні Івана Мележа «Сустрэча ў шпіталі" і «Апошняя аперацыя» былі надрукаваныя ў «Звяздзе». Газета спрычынілася да самых першых крокаў у творчасці пісьменніка. Апавяданне «У завіруху», якое пасля дало назву зборніку, напісана ў 1942–44 годзе, надрукавана ў часопісе «Беларусь» у 1945 годзе. Апавяданні Мележ пісаў актыўна. Апошняе з іх датавана 1972-м годам і апублікавана ў часопісе «Маладосць» у 1978 годзе.
У архіве захаваліся яго аповесці ад самых першых, але іх няшмат. Па сутнасці, вельмі хутка Іван Паўлавіч пачаў працаваць над ваенным раманам «Мінскі напрамак», і аповесці адышлі на другі план. Іван Паўлавіч актыўна займаўся драматургіяй, пісаў п’есы, і многія з іх ставіліся.
— Мележа як драматурга зараз бадай што не ведаюць.
— Але варта было б. У яго былі спробы пісаць сцэнарыі да фільмаў. Яму такія заказы паступалі — у дакументах гэта адлюстравалася. І ўсё-такі «Пакуль вы маладыя» — п’еса вядомая. У асноўным, п’есы Мележа ставіліся ў тэатры Янкі Купалы. Быў і спектакль «Людзі на балоце» з Ліліяй Давідовіч і Генадзем Гарбукам у галоўных ролях. Сёння варта было б вярнуцца да яго драматургіі, пераасэнсаваць яе, у тым жа Гомельскім тэатры, магчыма, вяртанне Мележа-драматурга было б цікавым. П’есы яго цікавыя і таленавітыя: «Пакуль мы маладыя», «У новым доме», «Дні нараджэння», «Старэйшы брат». Добра ўсё захавалася, ёсць накіды, планы да некаторых п’ес.
Ёсць многа артыкулаў Мележа на самыя розныя тэмы: да юбілеяў многіх пісьменнікаў і проста пра беларускую літаратуру, а таксама прысвечаныя творчасці рускіх пісьменнікаў — Георгію Маркаву і Міхаілу Шолахаву. Ёсць успаміны пра пісьменнікаў — напрыклад, прысвечаныя Кузьме Чорнаму пад назвай «Чулае сэрца». Творчасць К. Чорнага натхніла Мележа напрыканцы 40-х гадоў на напісанне дысертацыі, ёсць нават некалькі варыянтаў яе. Ён даследаваў раманы К. Чорнага. Адзін з варыянтаў назвы гучыць так: «Праблемы стварэння рамана ў беларускай савецкай літаратуры». У яго быў патэнцыял даследчыка. Але творчасць паглынула Мележа.
Архіў Мележа — гэта, акрамя дакументаў, якія сведчаць пра стварэнне буйных твораў, яшчэ і мноства нататак, артыкулаў, якімі ён адгукаўся на падзеі ў культурным, літаратурным жыцці. Пісаў і рэцэнзіі — напрыклад, на творы Міколы Лупсякова, Івана Грамовіча, Вячаслава Адамчыка. Як чалавека вядомага, яго запрашалі на самыя розныя канферэнцыі, сустрэчы, сімпозіумы. Ён мусіў прысутнічаць і выступаць на афіцыйных мерапрыемствах, для якіх даклады пісаў сам. І іх многа. Можна ўявіць, колькі гэтыя справы забіралі ў пісьменніка такога дарагога часу. Успаміны, інтэрв’ю і дыялогі займаюць многа старонак у яго архіве. Ёсць дзённікі і запісныя кніжкі, блакноты з яго запісамі. Дакументы службовай, літаратурнай, грамадскай дзейнасці, яго дагаворы з кінастудыяй, з выдавецтвамі, у тым ліку з замежнымі, перапіска, дакументы дэпутацкай дзейнасці. Ён сумленна ставіўся да кожнага звароту, да кожнай заявы, каб выканаць патрабаванні сваіх выбаршчыкаў. Вялікі раздзел матэрыялаў аб святкаванні юбілеяў Мележа. Выразкі з газет, матэрыялы, паштоўкі ў сувязі з яго юбілеямі, узнагародамі — напрыклад, Дзяржаўнай і Ленінскай прэміямі. Шмат матэрыялаў пра яго.
Я думаю, што ў Івана Паўлавіча ў доме былі добрыя архівісты, якія кожны дакумент, што выходзіў з-пад яго рук або быў звязаны з яго жыццём, біяграфіяй, творчасцю, старанна захоўвалі. Трэба аддаць належнае яго сям’і — жонцы і дочкам. Архіў Мележа надзіва добра і поўна захаваўся. Для нас гэта з’ява ўнікальная. Архіўны фонд Івана Мележа — гэта з’ява культурная, з’ява нацыянальная. Гэтак, як і яго творчасць. Таму што тут мы можам спасцігаць усё: і біяграфію, і грамадскую дзейнасць, і творчую лабараторыю.
Спадзяюся, знойдуцца даследчыкі, якія захочуць пераасэнсаваць творчасць Мележа на сучасным этапе. Кожнаму новаму пакаленню трэба спасцігаць усе эпохі і літаратуру, якая іх адлюстроўвала. Кожнай новай эпосе за ўсе папярэднія трымаць адказ.
Ларыса Цімошык, Жырандоля
Людзі на балоце: пасля Мележа
08.02.2011