Спецназаўцы замест настаўнікаў

16.02.2011

Неяк амаль незаўважанай прамільгнула заява міністра фінансаў Андрэя Харкаўца пра магчымыя скарачэнні ў бюджэце на гэты год. Між тым, паводле папярэдніх ацэнак, “лішнімі” могуць аказацца 10—15% бюджэтнікаў.

ЗАТОЕ БОЛЬШ МІЛІЦЫЯНТАЎ

Хто падпадзе пад скарачэнне? Настаўнікі, лекары, магчыма, прадстаўнікі і іншых прафесій. І дакладна вядома, каго будзе больш, — міліцыянтаў. Пра намер стварыць чарговае падраздзяленне спецназа (у Мінскай вобласці) было заяўлена яшчэ ў студзені.

Я вось думаў, што ў нас медыкаў не хапае. Прынамсі, наша раённая паліклініка ўкамплектавана тэрапеўтамі менш чым на дзве траціны ад неабходнага. Дык не: высвятляецца, што краіне не хапае спецназаўцаў.

Чым займаюцца гэтыя людзі, мы бачылі 19 снежня. Але выбары ў нас адбываюцца раз у пяць гадоў. Хай сабе ёсць 25 сакавіка і, магчыма, яшчэ некалькі больш-менш масавых акцый, якія праводзіць апазіцыя. У любым разе гэта некалькі дзён на год. А вучыцца і лячыцца нам трэба штодня. Дык мо акцэнты неяк па-іншаму расставіць?

Дарэчы, а чым займаецца спецназ акрамя тых нячастых момантаў, калі “ахоўвае парадак”? Відавочна, што празмерна работай па спецыяльнасці байцы не абцяжараны. Даводзіцца толькі час ад часу выконваць розныя спецыяльныя даручэнні кшталту расчысткі ад снегу стадыёна “Дынама” перад матчам паміж барысаўскім БАТЭ і парыжскім “Пары Сен-Жэрмэн”.

АТРЫМАЙЦЕ І РАСПІШЫЦЕСЯ!

Але вернемся да тых, каму пагражае скарачэнне. Цікава, што першымі на чарзе — настаўнікі.

Гэта, відаць, ім своеасаблівая “падзяка” за выбары. Менавіта настаўнікі складалі значную частку ініцыятыўнай групы па вылучэнні Аляксандра Лукашэнкі. Менавіта настаўнікі ўваходзілі ва ўчастковыя выбарчыя камісіі, дзе паслухмяна малявалі лічбы “неверагоднай падтрымкі” дзеючага кіраўніка. Цяпер атрымайце і распішыцеся — вас занадта шмат.

Вучні і студэнты таксама не засталіся без “прэзентаў”. Напярэдадні выбараў яны атрымалі льготы на праезд у грамадскім транспарце, але пасля таго, як галасаванне адбылося, улады вырашылі забраць гэты падарунак. “Пробны шар” быў запушчаны ў Пінску, потым у Віцебску. Ціхае бурчанне электарату чыноўнікаў не спалохала. Хутчэй за ўсё, у агляднай будучыні працэс адмены наваўведзенай ільготы распаўсюдзіцца на ўсю краіну.

Але гэта дробязь у параўнанні з іншым сюрпрызам для студэнтаў: у студзені было абвешчана, што з лістапада 2010-га, заднім чыслом, павышаецца плата за навучанне ў ВНУ — у сярэднім на 30%.

І, нарэшце, пра “падарунак”, які штодзень атрымліваюць усе жыхары Беларусі: імкліва растуць цэны амаль на ўсё, перадусім на прадукты. Бульба ўжо ў многіх крамах каштуе больш за 3000 рублёў. Цана на кілаграм грэчкі сягае вышэй за 16 тысяч. Нават паводле афіцыйных звестак толькі за першы тыдзень лютага капуста падаражэла на 6,5%. Пры тым, што ўсё гэта не заморскія прысмакі, а прадукты, якімі павінен забяспечыць насельніцтва па мінімальных коштах аграпрамысловы комплекс краіны. Аднак у Міністэрстве сельскай гаспадаркі нават не ведаюць пра гэтыя праблемы. Прынамсі, намесніца міністра Надзея Каткавец не ўтойвала здзіўлення, калі пачула на прэсавай канферэнцыі пра дарагія бульбу і грэчку...

Валянцін Сыч, ТУТ І ЦЯПЕР