Выхоўваць дзяцей па-беларуску — абавязак педагога, а не звышзадача

18.03.2011

Пачатак гісторыі

У чэрвені 2009 года ў нашай газеце быў апублікаваны артыкул “Дашкольная адукацыя на беларускай мове. Цалкам магчыма, але...” (№ 78 ад 23 чэрвеня 2009 г.). Яго аўтар, Дар’я Каткоўская, расказвала пра складанасці, з якімі сутыкнулася яе сям’я пры ўладкаванні сына Алеся ў беларускамоўную групу ў адным са сталічных дзіцячых садоў. Нагадаем: бацькі хацелі, каб іх дзіця набывала дашкольную адукацыю на беларускай мове. Аднак нечакана для маладых людзей працэс афармлення сына ў дзіцячы сад зацягнуўся на некалькі месяцаў. Спачатку Дар’і і яе мужу Ігару давялося шукаць дзіцячы сад, у якім бы пагадзіліся стварыць беларускамоўную групу; потым яны шукалі бацькоў, якія б жадалі, каб іх дзеці таксама выхоўваліся ў беларускамоўным асяроддзі: развешвалі аб’явы, складалі спісы, прад’яўлялі іх у раённае ўпраўленне адукацыі і нават звярталіся за дапамогай у камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама.

У выніку беларускамоўная група ў дзіцячым садзе № 570, што знаходзіцца ў сталічным мікрараёне Сухарава, усё-такі з’явілася. Малы Алесік, сын Ігара і Дар’і, а таксама іншыя малыя штодзень чуюць беларускую мову і размаўляюць на ёй, як і хацелі бацькі. Адзначу, што са з’яўленнем беларускамоўнай групы ў жыццядзейнасці сада не адбылося нейкіх кардынальных змен. Можна было б сказаць, што сітуацыя вырашылася станоўча, калі б сёлета гісторыя не атрымала працяг.

Працяг


Разам з Алесем беларускамоўную групу згаданай дашкольнай установы наведвае і Уладзік Сярко, малодшы брат якога, Сева, неўзабаве таксама стане выхаванцам сада. Адказ на пытанне “Ці хочуць яны, каб і малодшы сын выхоўваўся ў беларускамоўным асяроддзі?” для бацькоў хлопчыкаў быў відавочны. Аднак, калі ў пачатку гэтага года Ганна Сярко, маці хлопчыкаў, запыталася ў загадчыцы сада А.А.Загуцінай аб тым, ці будзе створана яшчэ адна такая група ў садку, то пачула дзіўны адказ.

Кіраўнік установы, паводле слоў Ганны, прапанавала залічыць Севу ў групу да старэйшага брата (розніца ва ўзросце паміж хлопчыкамі складае 2 гады). Немагчымасць стварэння яшчэ адной беларускамоўнай групы ва ўстанове А.А.Загуціна патлумачыла адсутнасцю жадаючых выхоўваць сваіх дзяцей на беларускай мове. (На якой падставе была зроблена такая выснова, невядома, бо заявы ў сад бацькі яшчэ не падавалі. Сход, на якім вырашыцца пытанне фарміравання групы, адбудзецца толькі на гэтым тыдні. — Заўв. аўт.) Больш за тое, загадчык дзіцячага сада прывяла яшчэ адзін “довад” не на карысць стварэння беларускамоўнай групы — няздольнасць персаналу ладзіць зносіны з дзецьмі па-беларуску на працягу ўсяго працоўнага дня. Маўляў, правесці заняткі на роднай мове некалькі разоў у тыдзень яны могуць, а вось размаўляць па-беларуску кожны дзень на працягу 6 гадзін (а то і 12-ці) выхавальнікам ужо складана. (Дарэчы, падчас нашай тэлефоннай размовы А.А.Загуціна таксама прыводзіла такія аргументы.)

Тады бацькі Уладзіка і Севы звярнуліся ў дзіцячы сад № 561, які знаходзіцца непадалёк іх дома. Аднак загадчык названай установы адказала, што яна наогул нічога не вырашае, і прапанавала звярнуцца ва ўпраўленне адукацыі Фрунзенскага райвыканкама. У трэцяй дашкольнай установе — яслях-садзе № 562 з паглыбленым гуманітарна-эстэтычным напрамкам — Ганне і Уладзіміру не адмовілі, але ж паставілі наступныя ўмовы: сабраць групу жадаючых у колькасці 20 чалавек і знайсці беларускамоўны персанал, які (увага!) дасць гарантыю, што адпрацуе ў садку 3 гады.
І бацькі, памятаючы папярэдні вопыт, сталі “збіраць” групу жадаючых. Складзены спіс занеслі ў раённае ўпраўленне адукацыі, а 9 сакавіка атрымалі адказ: толькі 9 дзяцей са спіса могуць патрапіць у жаданую групу.

Спецыяліст упраўлення адукацыі адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска Тамара Міхайлаўна Аляшкевіч патлумачыла нам, што дзеці з гэтага спіса нарадзіліся ў розныя гады (2007, 2008 і 2009), а ствараць рознаўзроставыя групы ў раёнах-новабудоўлях, як вядома, няма магчымасці, бо яны прадугледжваюць малую напаўняльнасць (да 15 чалавек). Акрамя таго, некаторыя дзеці, па словах спецыяліста, не знаходзяцца на ўліку ў выканкаме, а ў такім выпадку перавага пры залічэнні ў сад аддаецца тым, хто быў пастаўлены на ўлік.

“Атрымліваецца, што дзеці, якіх бацькі не паставілі на ўлік, наогул не трапяць у сад?” — пытаецца Ганна Сярко.

І ўсё ж такі ва ўпраўленні адукацыі пастараліся супакоіць бацькоў-“пакутнікаў”: маўляў, не трэба загадзя перажываць. На бацькоўскім сходзе, які вось-вось адбудзецца, пытанне можа вырашыцца і на іх карысць пры ўмове, што бацькі 20 дзяцей пажадаюць, каб іх малыя атрымлівалі дашкольную адукацыю на беларускай мове. Калі жадаючых назбіраецца дастатковая колькасць, то група будзе створана без пярэчанняў.

Між тым, Уладзімір і Ганна Сярко знайшлі яшчэ чатырох чалавек, якія, паводле іх слоў, “адпавядаюць усім неабходным параметрам”, але пра тое, калі адбудзецца бацькоўскі сход, на якім “вырашыцца лёс” Севы, яны не ведаюць. “Калі надышоў час старэйшаму сыну ісці ў дзіцячы сад, нам патэлефанавалі з упраўлення адукацыі і назвалі нумар сада, дзе нам могуць прадаставіць месца, — распавядае Ганна. — А наконт Севы яшчэ ніхто не тэлефанаваў, ды і ў садзе я не бачыла аб’яву пра бацькоўскі сход”.

Такія сходы, па словах Т.М.Аляшкевіч, пройдуць у кожнай дашкольнай установе Фрунзенскага раёна Мінска, і я на свае вочы бачыла план іх правядзення ў дзіцячых садах мікрараёна Сухарава. Вось толькі не зусім зразумела, якім чынам інфармацыя пра сход будзе даведзена да бацькоў.

Бацькі ўсё ж такі не страчваюць надзеі знайсці адказы на свае пытанні, таму і звярнуліся да нас за дапамогай. А мы, у сваю чаргу, папрасілі пракаменціраваць сітуацыю начальніка ўпраўлення дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Галіну Рыгораўну МАКАРАНКАВУ.

— Галіна Рыгораўна, ці правамерна тое, што бацькі, якія жадаюць, каб іх дзеці атрымлівалі дашкольную адукацыю на беларускай мове, праходзяць праз такія “пакуты”? У артыкуле Д.Каткоўскай таксама змяшчалася пытанне, адказ на якое аўтар так і не атрымала. Цытую: “... хоць па прафесіі я юрыст і восем месяцаў займаюся праблемай, але так і не змагла да канца высветліць дакладную працэдуру стварэння такіх груп у дашкольных установах. Хто на практыцы прымае загад аб стварэнні і якім чынам могуць стварацца групы па жаданні бацькоў на падставе вызначаных у заканадаўстве правоў?”.

— Адразу скажу: такая праблема не павінна ўзнікаць увогуле, і вельмі сумна, што яна мае месца. Ніхто не адмяняў Закон “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” (дзейнічае з 26 студзеня 1990 года. — Заўв. аўт.), у артыкуле 21 якога гаворыцца наступнае: “Рэспубліка Беларусь гарантуе кожнаму жыхару неад’емнае права на выхаванне і атрыманне адукацыі на беларускай або рускай мове. Гэтае права забяспечваецца сістэмай дашкольных устаноў, агульнаадукацыйных школ, прафесійна-тэхнічных вучылішчаў, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў”. А згодна з артыкулам 22 названага прававога акта, “у дашкольных установах, а таксама ў дзіцячых дамах у Рэспубліцы Беларусь выхаванне вядзецца на беларускай і (або) рускай мовах”. Кіраўнікі і іншыя супрацоўнікі сістэмы адукацыі павінны валодаць беларускай і рускай мовамі, што таксама прапісана ў законе.

Выхавальнік дзіцячай дашкольнай установы, у адпаведнасці са сваімі службовымі абавязкамі, павінен забяспечыць навучанне канкрэтнага дзіцяці на беларускай мове нават у рускамоўнай групе. Інакш будуць парушаны правы дзіцяці на навучанне на той ці іншай дзяржаўнай мове. Канечне, у дзіцячым садку аптымальным варыянтам стварэння моўнага асяроддзя для дзіцяці будзе група. Аднак група, калі размова ідзе пра дашкольны ўзрост, можа быць створана толькі пры наяўнасці 20 жадаючых. У выпадку з малымі ясельнага ўзросту патрабуецца наяўнасць 15 чалавек. Напаўняльнасць групы для дзяцей ва ўзросце 1,5—2 гады складае не больш чым 10 чалавек.

На дадзены момант у нашай краіне налічваецца каля 4000 груп, у якіх дзеці атрымліваюць дашкольную адукацыю на беларускай мове. І гэтае права павінна быць рэалізавана ў кожнай дашкольнай установе.

— Калі я вас правільна зразумела, для таго, каб дзіця выхоўвалася ў дзіцячым садку на беларускай мове, неабавязкова ствараць асобную групу? Выхавальнікі могуць ажыццяўляць адукацыйны працэс на абедзвюх мовах, калі ў групе ёсць некалькі дзяцей, бацькі якіх выбралі мовай выхавання для іх беларускую?

— Так, калі няма дастатковай колькасці дзяцей для стварэння цэлай беларускамоўнай групы, то выхавальнік у рускамоўнай групе абавязаны стасавацца па-беларуску з тымі малышамі, бацькі якіх выказалі такое жаданне. У працэсе гульні педагог можа звяртацца да дзяцей на абедзвюх мовах: напрыклад, назваць імя лялькі па-руску і тут жа паўтарыць яго па-беларуску. Малыя ў гэтым узросце вельмі цікаўныя і засвойваюць адну ці некалькі моў натуральным чынам. У дзяцей фарміруецца пасіўны (на ўзроўні разумення) і актыўны (на ўзроўні гаварэння) слоўнікавы запас, і веданне таго, як гучаць словы на адной і другой мове, пойдзе ім толькі на карысць. Больш за тое, ім нават не давядзецца перакладаць з адной мовы на іншую, бо кожная з моўных сістэм у малым узросце засвойваецца адразу з уласцівымі ёй законамі. Тут справа, хутчэй, у тым, ці зацікаўлены сам выхавальнік. Безумоўна, педагогу давядзецца рыхтавацца дадаткова, але ж ён і павінен гэта рабіць па сваіх функцыянальных службовых абавязках.

Бацькі з’яўляюцца першымі педагогамі для свайго дзіцяці, таму, калі яны хочуць, каб іх дачка ці сын з маленства валодалі дзвюма мовамі, з першых дзён пачынаюць ствараць такое асяроддзе. Дзіцячы сад становіцца працягам, дапамогай у гэтай справе. Пры афармленні дзіцяці ў сад бацькам неабходна толькі пазначыць у заяве мову, на якой бы яны хацелі, каб выхоўвалася іх дзіця.

— Усё, аказваецца, так проста?! Аднак бацькам, паводле іх слоў, ніхто не сказаў пра гэта ні два гады назад, ні цяпер.

— А гэта ўжо недапрацоўкі на месцах: бацькоў павінны былі праінфармаваць, і ў першую чаргу — кіраўнік дашкольнай установы. Рэалізоўваць закон аб мовах уваходзіць у яго абавязкі.

— У нашым выпадку кіраўнік дашкольнай установы толькі сказала, што выхавальнікам цяжка размаўляць па-беларуску на працягу працоўнага дня. Такі адказ можа служыць аргументам пры адмаўленні стварыць беларускамоўную групу?

— Нельга забываць, што ў нас асобасна арыентаваная педагогіка ў арганізацыі адукацыйнага працэсу. Канечне, выхавальнік можа крыху хвалявацца, што ў яго не атрымаецца гаварыць па-беларуску, асабліва ў тым выпадку, калі ў быце ён карыстаецца рускай мовай. Аднак вырашэннем гэтай праблемы ні ў якім выпадку не павінны займацца бацькі — гэта таксама абавязак кіраўніка дашкольнай установы.

Калі гаварыць пра сітуацыю, што склалася ў Сухараве, то загадчык дзіцячага сада не ажыццявіла ніякіх дзеянняў для таго, каб задаволіць запыт бацькоў. Яна магла адказаць так: “Сёння ў мяне няма такіх рэсурсных умоў (дапусцім, ёсць выхавальнікі, якія не навучаліся ў беларускіх ВНУ, а прыехалі здалёк). Але ж мы паспрабуем вырашыць гэтае пытанне”.

Кіраўнік дашкольнай установы павінен арганізаваць для сваіх работнікаў метадычнае суправаджэнне з мэтай удасканалення іх ведаў, у тым ліку і па беларускай мове. Калі ён не ведае, як гэта зрабіць, то можа звярнуцца за кансультацыяй і ў раённае ўпраўленне адукацыі, і ў камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама, ды і ў міністэрства можна патэлефанаваць, нарэшце. У нашай краіне створана ўнікальная сістэма павышэння кваліфікацыі: метадычныя аб’яднанні, інстытуты развіцця, апорныя дзіцячыя сады. А кожны педагог і сам павінен ведаць, што ўдасканаленне прафесійнага майстэрства ўваходзіць у яго абавязкі.

Акрамя выхавальнікаў, як вядома, у вучэбным працэсе ў дзіцячых садах задзейнічаны і іншыя спецыялісты — музычны работнік, псіхолаг. Кожны з іх таксама павінен рыхтавацца да зносін з дзіцем на беларускай мове, калі ўзнікае такая неабходнасць. Арганізацыя рэсурсных умоў для работы педагогаў з’яўляецца задачай намесніка загадчыка дашкольнай установы па асноўнай дзейнасці.

— Такім чынам, умовы для арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу ў дашкольных установах на беларускай мове ў нас можна стварыць без асаблівых цяжкасцей?

— Безумоўна. У краіне распрацавана комплексная праграма навучання дзяцей дашкольнага ўзросту на беларускай мове, якая ахоплівае ўсе лініі развіцця дзіцяці ў гэтым узросце, пачынаючы з ясляў. Ёсць вучэбна-метадычныя дапаможнікі для педагогаў на беларускай мове, шмат матэрыялаў на беларускай мове публікуе часопіс “Пралеска”; дзейнічаюць метадычныя аб’яднанні, праз якія, як я ўжо гаварыла, выхавальнікі могуць удасканальваць сваё прафесійнае майстэрства. У вучэбныя планы інстытутаў развіцця адукацыі таксама ўключана работа з дзецьмі на беларускай мове.

Праўда, забяспечыць выхавальнікаў метадычнай літаратурай па ўсіх відах дзіцячай дзейнасці на 100 працэнтаў сёння немагчыма, аднак сказаць, што літаратуры няма зусім, нельга. Самае галоўнае ў рабоце выхавальніка — змест работы, а ўжо як яго рэалізаваць, педагог павінен прадумаць сам. Ён жа спецыяліст і павінен ведаць дашкольную методыку, тэхналогіі!

— Галіна Рыгораўна, ці сапраўды дзеці, якія не знаходзяцца на ўліку ў выканкаме, маюць менш шансаў трапіць у дзіцячы сад, чым тыя, хто быў пастаўлены на такі ўлік? Як вядома, многія бацькі лічаць, што пастаноўка дзіцяці на ўлік амаль што з першых дзён яго жыцця дае гарантыю атрымання месца ў дзіцячым садку ў той момант, калі ў гэтым узнікне неабходнасць. Больш за тое, часам яны ўпэўнены, што дзіця пойдзе менавіта ў той сад, які знаходзіцца блізка каля дома.

— У нас няма ні аднаго нарматыўнага дакумента, дзе б гаварылася, што месца дзіцяці прадастаўляецца ў дашкольнай установе, якая абавязкова размешчана непадалёк яго дома. Акрамя таго, сёння, згодна з заканадаўствам, бацькі маюць права жыць у адным раёне горада, а месца ў дзіцячым садку яны могуць атрымаць у другім раёне пры наяўнасці там свабодных месцаў.

Улік у выканкамах вядзецца для таго, каб прагназаваць сітуацыю на бліжэйшыя гады ў раёне. І гэта менавіта ўлік, а не чарга, якая сапраўды прадугледжвае нейкую перавагу адных людзей перад іншымі. Ён з’яўляецца падставай, гарантаваным заказам на будаўніцтва згодна з будаўнічымі нормамі. Таму тое, калі бацькі падалі звесткі пра дзіця ва ўпраўленне адукацыі, не мае значэння. У раёнах-новабудоўлях ніхто не дасць гарантыі таго, што, калі малому споўніцца 3 гады, ён абавязкова трапіць у дзіцячы сад, размешчаны ў двары яго дома.

Выканкамы прытрымліваюцца распараджэння Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб тым, што будаўніцтва дашкольных устаноў павінна весціся згодна з нарматывамі. А будаўнічыя нормы наступныя: на 1000 насельніцтва прадастаўляецца 180 месцаў у дашкольных установах; калі гэта кропкавыя забудовы (новы дом будуецца ў старым жылым мікрараёне), то на 1000 чалавек прыпадае 100 месцаў. Акрамя таго, існуюць сацыяльныя стандарты — забеспячэнне месцамі ў дашкольных установах павінна выконвацца на ўзроўні 85%.

Што тычыцца Мінска, то ў новых мікрараёнах сталіцы, такіх як Сухарава, напрыклад, па-ранейшаму існуе праблема з напаўняльнасцю груп у адпаведнасці з вызначанымі нарматывамі: побач “расце” Каменная Горка, і дамы там будуюцца хутчэй, чым узводзяцца дзіцячыя сады.

Упраўленне адукацыі павінна інфармаваць бацькоў аб тым, якія перспектывы яны маюць па ўладкаванні сваіх дзяцей у дзіцячыя сады. А сродкаў для інфармавання, на маю думку, сёння больш чым дастаткова.

— І апошняе. Бацькі прапаноўваюць пазначаць мову, на якой бы яны хацелі, каб іх дзеці атрымлівалі дашкольную адукацыю, пры пастаноўцы малых на ўлік ва ўпраўленні адукацыі. Па іх меркаванні, такім чынам можна будзе спрасціць працэс выяўлення жадаючых уладкаваць дзяцей у беларускамоўныя групы. Ці мэтазгодна гэта?

— Згодна з Законам “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”, кожная ўстанова адукацыі абавязана забяспечыць права дзіцяці навучацца і выхоўвацца на той ці іншай дзяржаўнай мове. І пачынаць рэалізацыю гэтага права з моманту станаўлення на ўлік няма неабходнасці. Яно павінна рэалізоўвацца на ўзроўні дашкольнай установы.

— Вялікі дзякуй за гутарку, Галіна Рыгораўна! Будзем спадзявацца, што на гэты раз патрэбную інфармацыю атрымаюць усе зацікаўленыя бакі, і “моўная” праблема ў дзіцячых садах страціць сваю актуальнасць.

Глафіра Ляткоўская, Настаўніцкая газета