Што можа “вінцік”?
Ён можа перакрыць паветра тым, каму яно неабходна.
Што “вінцік” ахвотна і робіць, калі хоча замацавацца ў сістэме. Сённяшняй сістэме патрэбны такія “вінцікі”?
Чытайце гісторыю аднаго ліставання і думайце.
14.02.2011 г.
Начальніку аддзела адукацыі
Магілёўскага гарвыканкама
Хаця я маю ўжо пенсійны ўзрост, але маё настаўніцкае майстэрства і мой досвед маюць попыт. Да мяне прыходзяць вучні, каб я дапамог ім падрыхтавацца да цэнтралізаванага тэставання па матэматыцы. Мая дапамога каштуе грошай, якія не кожная сям’я можа знайсці. Хацелася б дапамагчы бедным сем’ям, бо даволі часта там знаходзяцца таленавітыя дзеці, якія, не атрымаўшы своечасовай дапамогі, губляюцца ў жыцці. Я прапаноўваў некалькім дырэктарам школ весці свае пазаўрочныя заняткі матэматыкі для невялікіх груп (да 6 чалавек)
бясплатна. Дырэктары сустракалі маю прапанову прыхільна, але кожны з іх казаў, што сам не можа вырашыць гэтае пытанне, патрабуецца дазвол упраўлення адукацыі.
Таму я звяртаюся да Вас: прашу даць дазвол на мае бясплатныя заняткі матэматыкай у падначаленых Вам школах з невялікімі групамі старшакласнікаў, якія рыхтуюцца да здачы тэстаў па матэматыцы. У выпадку станоўчага адказу ўсе астатнія пытанні, звязаныя з такімі заняткамі, я буду вырашаць з кіраўнікамі школ.
Булавацкі М.П.,
настаўнік вышэйшай катэгорыі,індывідуальны прадпрымальнік у галіне матэматычнай адукацыі.
23.02.2011
Булавацкаму М.П.
Паважаны Міхаіл Пятровіч!
Аддзел адукацыі Магілёўскага гарвыканкама, разгледзеўшы Ваш зварот, інфармуе наступнае.
У кожнай агульнаадукацыйнай установе горада арганізаваны, па запытах бацькоў, на бясплатнай аснове факультатыўныя заняткі для падрыхтоўкі вучняў да цэнтралізаванага тэсціравання па матэматыцы. Факультатыўныя заняткі праводзяцца з невялікімі групамі вучняў у пазаўрочны час. Праводзіць заняткі па падрыхтоўцы вучняў да цэнтралізаванага тэсціравання па матэматыцы ў агульнаадукацыйных установах города па запыту бацькоў могуць толькі настаўнікі ўстаноў адукацыі. У выпадку нязгоды з дадзеным адказам Вы маеце права звярнуцца ва ўпраўленне адукацыіМагілёўскага аблвыканкама (г.Магілёў, вул. Першамайская, д.71).
Начальнік аддзела адукацыі Магілёўскага гарвыканкама
Я. I. Дуплеўскі
15.03.2011
Начальніку аддзела адукацыі
Магілёўскага гарвыканкама
Я.Дуплеўскаму
Паважаны Яўген Іванавіч!
Правучыўшыся на ўроках і на факультатыўных занятках у настаўнікаў школ, гімназій, вучні ідуць да мяне за матэматычнымі ведамі і плоцяць за гэта немалыя для іх сямейнага бюджэта грошы. Па вельмі простай прычыне: я магу зрабіць тое ж значна лепш, чым гэта робяць мае былыя студэнты, якія працуюць у навучальных установах горада (выбачайце за нясціпласць).
Вы пішаце: “Праводзіць заняткі па падрыхтоўцы вучняў да цэнтралізаванага тэсціравання па матэматыцы ў агульнаадукацыйных установах города па запыту бацькоў могуць толькі настаўнікі ўстаноў адукацыі.” Гэтая фраза мяне здзівіла. Я шмат разоў, будучы выкладчыкам універсітэта, праводзіў розныя заняткі ў школах горада і тады гэта лічылася нармальным. Няўжо тут нешта змянілася? Калі працытаваная фраза адпавядае нейкай пастанове міністэрства ці іншага адукацыйнага органа, тады назавіце мне тую пастанову з яе нумарам і датай, каб я мог перайсці на размову з гэтым органам. У іншым выпадку гэта становіцца асабіста Вашым рашэннем, на мой погляд, зусім неразумным. І калі Вы станеце ўпарціцца ў такім рашэнні, я буду змушаны перанесці размову на старонкі прэсы і звярнуцца да бацькоў тых вучняў, якія з маёй дапамогай маглі б атрымаць лепшую матэматычную адукацыю, але “дзякуючы Вам” не атрымаюць. Думаю, што не варта Вам так рызыкаваць сваёй рэпутацыяй, ставіць пад сумненне свой аўтарытэт як кіраўніка органа АДУКАЦЫІ. Як я разумею, кіраўнік у сістэме адукацыі павінен выкарыстоўваць любыя магчымасці для таго, каб дзеці падначаленага яму рэгіёна атрымалі самую высокую адукацыю. Хіба Вы сваю ролю бачыце іншай?
Ваш недазвол на мае бясплатныя заняткі, натуральна, аблегчыць мне жыццё. Але ўскладніць жыццё нашай краіны, для якой несумненна лепш, калі яе грамадзяне атрымаюць больш грунтоўную адукацыю. Наўрад ці разумна Вам пачынаць сваю дзейнасць на такой высокай пасадзе з падобных непаразуменняў. Таму я прашу ўдумліва аднесціся да маёй прапановы і вырашыць пытанне на карысць вучням і нашай краіны.
З добрымі пажаданнямі,
Міхась (такое імя ў маім пашпарце) Булавацкі,
настаўнік вышэйшай катэгорыі, аўтар вучэбных дапаможнікаў “Матэматыка – 5бг”, “Цалкам зразумелая трыганаметрыя” і чатырох дзясяткаў навукова-метадычных публікацый па праблемах выкладання матэматыкі, навуковы кіраўнік эксперымента па засваенні настаўнікамі г.Мінска наватарскіх тэхналогій навучання (1987–1992) ды інш.
P.S. Хачу звярнуць Вашу ўвагу на адну праблему, аб якой пачуў ад вучняў, што прыходзяць на мае заняткі. Вельмі часта ў выпадку хваробы настаўніка яго ўрокі ніхто не замяняе, урокі прападаюць. Што не на карысць якасці атрыманай вучнямі адукацыі. Упарадкуйце гэта, калі ласка. У Магілёве шмат беспрацоўных настаўнікаў, сярод якіх нават лепшыя з былых студэнтаў фізмата. Чаму б іх не скарыстоўваць для такіх часовых падмен?
28.03.2011
Булавацкаму М.П.
Паважаны Міхась Пятровіч!
У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 5 ліпеня 2006г. №141–3 “Аб агульнай сярэдняй адукацыі” да ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу ва агульнаадукацыйных установах адносяцца: педагагічныя работнікі, вучні і іх законныя прадстаўнікі (гл.6, арт.43). Да педагагічных работнікаў агульнаадукацыйных устаноў адносяцца спецыялісты, якія ажыццяўляюць навучанне і выхаванне вучняў у гэтых установах адукацыі (гл.6, арт.46). Выкладчыкі вышэйшых навучальных ўстаноў маюць права ажыццяўляць педагагічную дзейнасць (пры наяўнасці вакантных гадзін) ва агульнаадукацыйных установах на ўмовах тэрміновага працоўнага дагавору па сумяшчальніцтву. У час хваробы настаўніка заняткі ў абавязковым парадку праводзяцца другім педагогам дадзенай установы адукацыі. 3 мэтай выключэння такіх выпадкаў у далейшым просім назваць установу адукацыі, дзе мела месца апісаная ў Вашым звароце праблема. У выпадку нязгоды з дадзеным адказам Вы маеце права звярнуцца ва ўпраўленне адукацыіМагілёўскага аблвыканкама (г.Магілёў, вул. Першамайская, д.71).
Начальнік аддзела адукацыі Магілёўскага гарвыканкама
Я.І.Дуплеўскі
Настаўнік вышэйшай катэгорыі, бакалаўр педагагічных навук, пераможца абласнога конкурса “Настаўнік -2004”, пераможца абласнога конкурса “Лепшы педагог дадатковай адукацыі – 2006”, аўтар праграмы “Краіназнаўства англійскамоўных краін” ды інш.
30.03.2011 г.
Начальніку аддзела адукацыі
Магілёўскага гарвыканкама
Дуплеўскаму Я.І.
Паважаны Яўген Іванавіч!
Агледзеўшы тытулы, якімі Вы падпісалі свой ліст, магу сказаць наступнае: калі б я быў начальнікам аддзела адукацыі, то дазволіў бы Вам весці любыя заняткі ў любой школе, а калі без аплаты, то й з радасцю. Ніякіх перашкод такой ініцыятыве з майго боку не было б.
Што ж тычыцца канкрэтна майго запыту, то я нешта не зразумеў. Ці Вы не лічыце мяне педагагічным работнікам Але ж спецыяльнасць “настаўнік” пазначана ў маім дыпломе. І я не прэтэндую на наяўнасць “вакантных гадзін” для працы па сумяшчальніцтве. Я не шукаю заробку. Я прапаную сваю працу без аплаты з тымі вучнямі, якія прыйшлі б да мяне дадому і плацілі б грошы за маю працу, калі б тыя грошы ў іх былі. Ну не могуць яны плаціць, бо бацькі небагатыя. І я ведаю, што менавіта ў такіх сем’ях бываюць найбольш таленавітыя дзеці. Дайце ж ім магчымасць навучыцца матэматыцы з маёй дапамогай. Яны гэтага хочуць і бацькі іх гэтага хочуць, і дырэктары школ прыязна ставяцца да гэтага. Ні ад школы, ні ад гарвыканкама не спатрэбіцца нават капейкі за дадатковую прыстойную матэматычную адукацыю для асобных вучняў. Ад Вас патрабуецца адно толькі слова: згодзен. Акрамя матэматыкі, яны яшчэ і мову нашу родную засвояць, бо я выкладаю матэматыку ў беларускай мове. Яны хоць пачуюць, як яна, жывая, гучыць, якая яна прыгожая, і навучацца самі размаўляць гэтай мовай. І я ўвогуле здзіўлены, што слова “згодзен” Вам так не хочацца вымавіць. Што ж перашкаджае?..
М.Булавацкі
08.04.2011
Булавацкаму М.П.
Паважаны Міхась Пятровіч!
Аддзел адукацыі Магілёўскага гарвыканкама, разгледзеўшы Ваш зварот наконт дазволу правядзення бясплатных заняткаў па матэматыцы з вучнямі агульнаадукацыйных устаноў, інфармуе наступнае. Па гэтаму пытанні Вам былі дадзены вычарпальныя тлумачэнні ў пісьмовай форме. У выпадку нязгоды з дадзенымі адказамі Вы мелі права звярнуцца ва ўпраўленне адукацыі Магілёўскага аблвыканкама (у кожным адказе ўказаны канкрэтны адрас). На жаль, Вашы довады разыходзяцца з дзеючым Заканадаўствам у сістэме адукацыі. У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 6 чэрвеня 1996г.№407- XIII “Аб зваротах грамадзян” перапіска з Вамі па дадзенаму пытанні спыняецца. Дзеянні аддзела адукацыі Магілёўскага гарвыканкама Вы маеце права абскардзіць ва ўстаноўленым парадку, у тым ліку ў судовых інстанцыях.
Начальнік аддзела адукацыі
Магілёўскага гарвыканкама
Я. I. Дуплеўскі
15.04.2011 г.
Начальніку аддзела адукацыі
Магілёўскага гарвыканкама
Дуплеўскаму Я.І.
Яўген Іванавіч!
Вы не любіце дзяцей. І ўсе тыя тытулы, якімі Вы падпісалі адзін з сваіх лістоў, заробленыя Вамі не для таго, каб дапамагчы дзецям у іх развіцці, а для ўласнай кар’еры. Зараз, калі Вы ступілі на прыступку кар’ернай лесвіцы, Вы баіцеся. У Вас паталагічны страх зваліцца з гэтай лесвіцы, бо Вы не любіце дзяцей і Вам вельмі не хочацца вяртацца ў іх бурлівае асяроддзе. Гэты страх і прымушае Вас паводзіць сябе вельмі асцярожна, каб не прагневаць тую “адвёртку”, якая верціць Вамі, “вінцікам” гэтай бюракратычнай машыны. Вам хочацца залезці яшчэ вышэй, бо Вам здаецца, што гонар чалавека – у важкасці той пасады, якую ён займае. Гонар чалавека Вы ацэньваеце велічынёй матэрыяльнага дабрабыту, які дае пасада. Звычайная памылка маладога і няправільна выхаванага чалавека. Гэтая чалавечая паталогія робіць Вас нецікавым для мяне, таму і я спыняю кантакты з Вамі.
Такія тыпы людзей добра апісаны ў літаратуры. І калі Вы перачытаеце Гогаля ці Салтыкова-Шчадрына, то сярод іх герояў Вы пазнаеце сябе.
Зычу Вам поспехаў у кар’ерным прасоўванні, бо чым вышэй Вы на гэтай лесвіцы, тым далей ад дзяцей, а гэта для іх лепш.
Служыце!..
М.Булавацкі