«Гісторыя ХХ-га стагоддзя ва ўспамінах гарадзенцаў», «Постаці»

09.06.2011

Два выданні, прысвечаныя вуснай гісторыі

Даслала Лана Руднік (ГА «Цэнтр «Трэці сектар»), на конкурс «Адукацыя для свабоды. Ноўтбук актыўнаму настаўніку»

Матэрыялы дыска і кнігі могуць выкарыстоўвацца ў пазакласнай выхаваўчай працы ў школе, а таксама ў сферы нефармальнай і грамадзянскай адукацыі (у час летнікаў, заняткаў, семінараў, прэзентацый, экскурсій, прысвечаных беларускай гісторыі і культуры, удзелу грамадзян у абароне і папулярызацыі нацыянальнай культурнай і гістарычнай спадчыны).

Гісторыя, якая з пакалення ў пакаленне перадаецца ў сем’ях, часта вельмі адрозніваецца ад афіцыйнага погляду на падзеі мінулага.

Зберагчы і захаваць сведчанні людзей, на вачах у якіх разгортваліся драматычныя падзеі 20–30-х гг. у Заходняй Беларусі, Другой сусветнай вайны, калектывізацыі і камуністычных рэпрэсій, жыцця беларускіх гарадоў і мястэчак у 60–70 гг, нацыянальнага адраджэння 80–90-х гг. – менавіта такую мэту мелі два праекты, рэалізаваныя сябрамі ГА «Цэнтр «Трэці сектар» у другой палове 2010 г.

Дыск «Постаці» змяшчае відэаінтэрв’ю з выдатнымі асобамі Гарадзеншчыны і Берасцейшчыны, які зрабілі вялікі ўнёсак у захаванне і папулярызацыю беларускай культуры. Героямі інтэрв’ю сталі мастакі Зміцер Іваноўскі і Мікола Маеўскі, кіраўнічка хора “Бацькаўшчына” Вера Кунцэвіч, кампазітар Яўген Петрашэвіч, кіраўнік ГА “Паходня” Мікола Таранда, майстар па саломапляценню Яўген Блудаў, заснавальнік Гудзевіцкага літаратурна-краязнаўчага музея Алесь Белакоз, заснавальніца музея Цёткі Галіна Пугач, абаронца палаца Друцкіх-Любецкіх у Шчучыне Уладзімір Глаз, пісьменнік Аляксей Філатаў, грамадскі актывіст і краязнаўца Ігар Бараноўскі і інш.

Кніга «Гісторыя ХХ-га ст. ва ўспамінах гарадзенцаў» была ўпершыню прэзентаваная ў Гродне 24 лютага 2011 г. 
Праца над ёй заняла каля шасці месяцаў. У кнігу ўвайшлі ўспаміны 13 гарадзенцаў ва ўзросце ад 30 да 85 год, якія ахапілі перыяд ад 20-х да канца 90-х гг. ХХ стагоддзя.

Як гарадзенцы перажылі апошнюю вайну, як руйнавалі Фару Вітаўта, як ствараліся і чым займаліся першыя грамадскія арганізацыі ў горадзе – гэтыя і іншыя падзеі для многіх гарадзенцаў, якія паспелі ўжо пазнаёміцца з выданнем, сталі сапраўдным адкрыццём.


Неўзабаве матэрыялы кнігі «Гісторыя ХХ-га ст. ва ўспамінах гарадзенцаў» з’явяцца на сайце ГА «Цэнтр «Трэці сектар». 

Матэрыялы дыска «Постаці» можна знайсці ў відэагалерэі «Твайго стылю».