«Народная журналістыка»: Конкурс на найлепшую тэкставую публікацыю

11.08.2011

Апошні тэрмін падачы тэкстаў – 18.00 12 верасня

«Народныя журналісты» пішуць тэксты, каб узняць і вырашыць істотную сацыяльную, эканамічную, палітычную праблему, важную для мясцовых людзей. Найлепшыя працы будуць апублікаваныя ў мясцовых ці нацыянальных газетах альбо ў выглядзе брашураў, аднаразовых публікацыяў. Пераможцы будуць адзначаныя ноўтбукамі і атрымаюць магчымасць стажавання ў Польшчы.

Мэта

Кожнага чалавека турбуюць ягоныя ўласныя жыццёвыя праблемы, звязаныя з заробкам і цэнамі, жытлом і працай, адукацыяй і культурай, транспартам і медыцынай, камунальнымі службамі й правапарадкам. Кожнага нервуе, калі яны не вырашаюцца.

Але многія людзі ў Беларусі не вераць, што могуць паўплываць на сітуацыю – і ў сваёй мясцовасці, і ў краіне ў цэлым. Часта гэтая нявера вынікае з недахопу інфармацыі.

Мэта конкурсу – заахвоціць здольных напісаць пра мясцовую праблему так яскрава і пераканаўча, што дзеля яе вырашэння людзі аб'яднаюцца. Разважаць пра глабальныя і агульнанацыянальныя праблемы часам лягчэй, чым гаварыць пра будзённыя клопаты ды іх прычыны. Звычайны чалавек жыве штодзённасцю. Вось жа конкурс дасць голас гэтай штодзённасці.

Мясцовая праблема

– звязаная з пэўным паселішчам, раёнам, мікрараёнам (у вялікіх гарадах), прадпрыемствам, установай, лакальнай прафесійнай ці іншай групай.

Але праблема мусіць быць грамадска значная, г. зн. не абмяжоўвацца дробнымі недапрацоўкамі камунальных службаў (накшталт няўкручанай лямпачкі або калюжыны на дарозе), а быць праяваю шырэйшай праблемы. Гэта, напрыклад, адсутнасць грамадскага кантролю за мясцовымі ўладамі й бюджэтамі; канкрэтныя праявы няўвагі й непавагі да мясцовых людзей ды іхных патрэбаў; ідэалагічны, культурны, моўны дыктат. Найважнейшая тэма – сацыяльна-эканамічнае становішча на канкрэтным прадпрыемстве, а менавіта заробкі, беспрацоўе, непразрыстыя планы змены формы ўласнасці й рэакцыя на ўсё гэта працаўнікоў. Таксама цэны, мясцовы рынак, сітуацыя дробных прадпрымальнікаў. Карупцыя. Сацыяльныя кантрасты (катэджы ля вазёраў). Палітычны пераслед і палітычныя вязні. Але ўсюды павінны быць мясцовыя факты.

Хто ўдзельнічае

Удзельнікі мусяць быць грамадзянамі Беларусі, стала жыць у Беларусі, хацець зрабіць Беларусь лепшаю.

Ува ўсім астатнім кола ўдзельнікаў неабмежаванае. Аўтары могуць быць любога ўзросту, месца жыхарства, арганізацыйнай прыналежнасці, партыйнасці і палітычных поглядаў, суджаныя або не, прафесійныя журналісты або аматары.

Крытэрыі адбору

Матэрыял не павінен быў раней публікавацца ў зарэгістраваных перыядычных выданнях.

Матэрыял мае быць на тэму, звязаную з канкрэтнай мясцовай праблемай. Калі праблема (эканамічная, сацыяльная, экалагічная, маральная) мае агульнанацыянальны характар, то матэрыял павінен яе раскрываць на мясцовым матэрыяле, з выкарыстаннем мясцовых фактаў, падзеяў, праяваў грамадскай думкі.

Жанр матэрыялу можа быць розны: нататка, інтэрв'ю, рэпартаж, хроніка падзеяў, нарыс, спокліч, серыя інфармацыйных матэрыялаў і г. д. Інтэгральнай (але не адзінай) часткай матэрыялу могуць быць выявы (фатаграфіі, графікі, схемы, табліцы, лагатыпы, карыкатуры, плакаты і г. д.).

Аўтар павінен зазначыць, для якога тыпу тэкставых медыяў напісаны матэрыял: разавая публікацыя; нацыянальная ці мясцовая газета, незалежнае мясцовае перыядычнае выданне, выданне малога накладу; мясцовы інтэрнэт-рэсурс ды інш.

Памер матэрыялу не рэгламентуецца, гэта можа быць 5 радкоў з вострай фармулёўкай і моцным заклікам, а можа быць 2–3 старонкі абгрунтаванага тэксту. Выбар фармату залежыць ад жанру і функцыйнага прызначэння.

Крытэрыі вызначэння найлепшых матэрыялаў

1. Галоўны крытэрый – наколькі матэрыял патэнцыйна здольны актывізаваць і аб'яднаць мясцовую грамаду дзеля вырашэння праблемы або дзеля патрабавання яе вырашыць. Тут улічваецца і здольнасць да мабілізацыі, і колькасць патэнцыйных удзельнікаў.

2. Перавагу будуць мець матэрыялы як мага больш даступныя г. зв. «звычайнаму чалавеку» і мясцоваму насельніцтву наагул, з пазнавальнымі імёнамі, уражальнымі фактамі і лічбамі.

3. Перавагу будуць мець матэрыялы, якія ўтрымліваюць практычныя прапановы да самаарганізацыі мясцовай грамады, праўныя і тэхналагічныя парады.

4. Перавагу будуць мець матэрыялы з беларускай мовай у якасці асноўнай (напр., у выпадку інтэрв'ю журналіст гаворыць на літаратурнай беларускай, а ягоны суразмоўца – як можа).

5. Перавага будзе аддавацца тэмам, якія не прапусцяць у афіцыйнай прэсе ці на БТ.

6. Дадатковыя пазатэкставыя матэрыялы – выявы, табліцы – будуць станоўча ўплываць на ацэнку тады, калі яны сапраўды неабходныя.

Публічнасць. Пашырэнне матэрыялаў

Ацэньваць матэрыялы будзе міжнароднае журы, у складзе якога прафесійныя журналісты, дзеячы мясцовага самакіравання, літаратары. Усе матэрыялы, якія паступяць на конкурс, адкрытыя для публікі. Яны будуць змешчаныя на адмысловай сеціўнай старонцы конкурсу, калі іншае не засцярожана аўтарамі.

Падаючы матэрыял на конкурс, аўтар пагаджаецца з тым, што арганізатары конкурсу маюць права публікаваць гэты матэрыял (з пазначэннем аўтарства).

10 найбольш прыдатных тэкстаў (можа і больш) будуць апублікаваныя па-беларуску для вольнага распаўсюду.

Адзначэнне пераможцаў

1. Двое пераможцаў атрымаюць партатыўныя кампутары.

2. Пяцёра аўтараў найлепшых матэрыялаў паедуць у Польшчу на кароткі стаж у мас-медыях і мясцовых самакіраваннях Варшавы і Беластока. (Пры адборы будзе ўлічвацца практычная патрэба такога стажу для аўтараў.)

3. Дзесяць найлепшых матэрыялаў будуць надрукаваныя.

4. Сьпісы пераможцаў пп. 1–3 могуць часткова супадаць альбо не, залежна ад абгрунтаванасці.

Удзел

Для ўдзелу ў конкурсе неабходна паслаць матэрыял і анкету адным з наступных спосабаў:

– На электронны адрас narodny.zurnalist@gmail.com;

– На паштовы адрас;

– Праз інтэрнэт-старонку конкурсу;

– Праз skype.

Пра сябе ў анкетным фармаце трэба паведаміць наступнае:

– Імя і прозвішча або псеўданім;

– Меркаваны тып выдання, на якое матэрыял разлічаны;

Звесткі для кантакту з аўтарам (эл. адрас – пажадана на gmail; паштовы адрас паводле жадання й неабходнасці; мабільны й стацыянарны паводле жадання тэл., імя ў скайпе).

Калі неаддзельнаю (але не адзінаю) часткаю матэрыялу ёсць выявы (фатаграфіі, графікі, схемы, табліцы, лагатыпы, карыкатуры, плакаты і г. д.), іх трэба ўключыць у асноўны тэкставы файл, што дазволіць вызначыць іхнае месца ў матэрыяле, але таксама прадубляваць ў адным з графічных або таблічных рэдактараў.

Арганізатары вышлюць пацверджанне атрымання на пазначаны ў анкеце электронны адрас.

Тэрмін падання тэкстаў

Матэрыялы павінны быць адасланыя да 18.00 12 верасня.

ПІШЫЦЕ НАМ НА NARODNY.ZURNALIST@GMAIL.com

Паводле narodny.by