Галоўны сродак «заахвочвання» настаўніка пакуль — страх пакарання?

18.08.2011

У нумары «Звязды» за 16 жніўня было змешчана інтэрв’ю журналісткі газеты Надзеі Нікалаевай з міністрам адукацыі нашай краіны Сяргеем Маскевічам, прысвечанае праблемам сучаснай школы («Імідж прафесіі педагога — тэма выключнай важнасці»). Чытачы «Звязды» зноў не засталіся абыякавымі. Даём ім слова.

@

Вельмі рады вяртанню настаўніцкай тэмы на старонкі «Звязды». Значыць, ёсць шанц праўдзіва абмеркаваць нялёгкае школьнае жыццё. Цяперашнім часам часта ўжываюць слова «матывацыя». Але чамусьці толькі ў адносінах да вучня. Тэма здаровай матывацыі педагога, здаецца, не існуе. Адміністрацыя школы ахвотней ухіляецца ад падобных спрэчак, чым падтрымлівае іх.

І што мы маем на выхадзе? Галоўны дырэктарскі сродак заахвочвання пакуль — страх пакарання. На ім школа пакуль што трымаецца, але праз яго і загіне, калі не змяніць сітуацыю. Ці я не маю рацыю?

Базыль.

@

Навучальны год яшчэ не пачаўся, а стос папер ужо прыйшоў! У школу страшна ісці! Міністр адукацыі кажа, што ў гэтым райвыканкамы вінаватыя, але настаўніку ад гэтага не лягчэй! Дашліце ім паперку таксама, якая забараняе з настаўнікаў рабіць рабоў! І такую ж самую ў школы!

А колькі конкурсаў, выстаў! Як толькі падумаеш аб конкурсе «Настаўнік года», то рукі і ногі трасуцца. У перыяд падрыхтоўкі і правядзення яго дзеці не вучацца, а настаўнікі п’юць валідол.

Святлана.

@

Учора сяброўку выкінулі са школы. Проста так! Дырэктар патэлефанавала дадому і паведаміла, каб шукала працу ў іншым месцы, бо гадзін для яе ў школе няма. І гэта нягледзячы на тое, колькі ўсяго малады і таленавіты выкладчык зрабіла для школы — прызавыя месцы на выставах, конкурсах, у тым ліку рэспубліканскіх (прэміі, вядома, ніхто не выплачвае). На жаль, дзяўчына не выкладае англійскую мову ці матэматыку. Яна ўсяго толькі настаўнік малявання і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Ну і што, што яна падабаецца дзецям? У сувязі з гэтым хочацца спытаць, чым абумоўлена рэзкае скарачэнне колькасці гадзін малявання і працоўнага навучання? Калі жорсткай эканоміяй, то як тады патлумачыць, што замест іх у школе ўводзяцца дапрызыўная і ваенная падрыхтоўка? На аўтамат грошы ёсць, а на мастацтва — няма? А наконт стаўлення да настаўніка, то яно шмат у чым залежыць ад кіраўнікоў на месцах. Інакш як растлумачыць той факт, што майму бацьку (а ён таксама настаўнік) грамату за першае месца ў абласным конкурсе «вярнулі" праз 12 гадоў? І не проста вярнулі, а літаральна падкінулі пад дзверы. У свой час уручыць кіраўніцтва забылася, а мо і знарок, вырашылі на прэміі зэканоміць?

Vоlgа.

@

На спецыяльнасць «Фізіка. Матэматыка» пры плане прыёму 50 чалавек было пададзена ўсяго 33 заявы, а на «Фізіку. Інфарматыку» пры плане 65 чалавек паступаў 61 абітурыент. На 20 месцаў спецыяльнасці «Фізіка. Тэхнічная творчасць» прэтэндавалі ўсяго 14 абітурыентаў. На незапоўненыя месцы фізфака было дазволена залічыць не прайшоўшых па конкурсе на матэматычны факультэт, але ўсё роўна пры плане набору на два факультэты 270 чалавек 14 бюджэтных месцаў засталіся незанятымі. Што ўжо толькі не рабіла Міністэрства адукацыі?! Інтэрнат давалі, стыпендыі павышалі... Павысьце лепш заработную плату гэтай катэгорыі работнікаў — і сцены ВНУ не вытрымаюць патоку ахвотных! Навошта ім, «двоечнікам», месца ў інтэрнаце і павышаную стыпендыю даваць? Іх да школы і блізка падпускаць нельга! За што такія выгоды? Каму? Усё роўна мала хто з іх пойдзе ў школы працаваць. Каму праз пяць гадоў мы даверым дзяцей? Яшчэ горш будзе, калі праз 5 гадоў дзяржава схамянецца і павысіць зарплату. Але зноў, для каго? Гэтыя невукі мала таго што дзяцей будуць калечыць, дык яшчэ і зарплату высокую за гэта атрымліваць? Ужо зараз большасць настаўнікаў матэматыкі, фізікі, хіміі сядзіць з «рашэбнікамі». На ўроках інфарматыкі дзеці заняты толькі камп’ютарнымі гульнямі, паколькі іх настаўнікі далёкія ад праграміравання і новых ПС. У школе за такую зарплату можна адсядзецца, пакуль новую працу не знойдзеш...

Анатоль Сафонаў.

Падрыхтавала Надзея Нікалаева, Звязда