Найстарэйшая школа Менску: папраўка на 200 гадоў

06.09.2011

Менская сярэдняя школа №4 пры дырэктарцы Л.К. Дарафеевай напачатку 1980-х запомнілася Vašamu Suziralniku даволі драконаўскай дысцыплінай. Раней Vaš Suziralnik меркаваў, што гэта былі толькі якіясь перажыткі сталінізму. Чамусьці „вобраз“ школы пачатку 80-х асацыяваўся ў Vašaha Suziralnika, — акрамя славутай „мармуровай лесьвіцы“, — з 2-м сталінскім выданьнем „Большой Советской энциклопедии“, што займала ганаровае месца ў школьнай бібліятэцы і да якой заахвочвалі зьвяртацца па даведку, як да апошняй інстанцыі. Усё-ж школа насіла імя Кірава яшчэ з 1934 году, ды займае свой будынак на Чырвонаармейскай, 11, з 1936.

Аднак аказалася, што, магчыма, гісторыя справы сягае нават шмат глыбей. Як распавядаецца на сайце школы, сярэдняя школа №4 паўстала зь сямігадовай школы №4, што паміж 1936 і 1925 знаходзілася па вуліцы Савецкай, 95. Сямігадовай школаю яна стала на моцы пастановы Наркамасьветы БССР ў 1921 годзе, рэарганізаваная з ранейшай школы №4 другой ступені. А тая менская школа другой ступені №4 была ні чым іншым, як нацыяналізаванай у 1918 менскай прыватнай гімназіяй Зубакіна і Фальковіча (у інш. крын. Фалковіча).

Менская „Частная, с правами правительственной, мужская гимназия С.П.Зубакина и К.О.Фальковича“ (або, Фалковича) адчынілася ў 1906 годзе ва ўласным будынку на рагу Скобелеўскай і Магазіннай, што знаходзіўся на месцы цяперашняга гістарычнага факультэта Белдзяржунівэрсытэту — па другі бок вуліцы ад сучаснага будынку 4-й школы. Мела ў 1913 481 гімназіста, гадавая плата складала 120–150 рублёў. Падчас І Сусьветнай вайны ў будынку разьмясьціўся расейскі ваенны шпіталь, а заняткі былі пераведзены ў будынак жаночай урадавай гімназіі(2).
Будынак школы №4 ня быў разбураны ў 1941, аднак на стан лета 1944 быў у руінахНа гэтых падставах, у 2006 годзе 4-я сярэдняя школа адзначыла сваё 100-годзьдзе, як найстарэйшая школа ў Менску. Што сёньня найстарэйшая — то слушна. Аднак на конт 100-годзьдзя — патрабуе важнага ўдакладненьня, якому і прысьвечаны гэты допіс. Рэч у тым, што сучасная школа №4 сталася спадкаемцам ня толькі даваеннай школы №4. Бо ў 1974 годзе пад назваю сярэдняй школы №4 адбылося аб’яднаньне ранейшае 4-й сярэдняй школы і 2-й средняй школы г. Менску, якая знаходзілася на суседняй вул. Энгельса. Гэтак у склад „узбуйнёнай“ школы №4 былі ўлучаны вучні, матэрыяльна-тэхнічная частка з вул. Энгельса — а настаўнікі з ранейнай школы №2 (нп. Гаўрусейка, Масалаў) у значнай ступені вызначалі пэдагагічнае аблічча 4-й школы зь сярэдзіны 1970-х па пачатак 1990-х. Як будзе паказана ніжэй, з гэтага гледзішча школа мусіла бы адзначыць не 100-годзьдзе, а хутчэй 300-годзьдзе агульнай сваёй пераемнасьці як навучальная ўстанова. 

Нарыс аб гісторыі ранейшай сярэдняй школы №2 (ня блытаць са шк. №2, што ў Серабранцы) апублікаваны ў кнізе ўспамінаў яе выпускнікоў (1). Адтуль дазнаемся, што сумеснае навучаньне хлопчыкаў і дзяўчынак было адноўлена ў 2-й школе ў 1954 годзе, а ў 1944–1954 яна была жаночай сярэдняй школай. У свой будынак па вул. Энгельса, насупраць „Тэатру юнага гредача“, яна была пераведзена ў 1937 г., як поўная сярэдняя школа, з 1938 г. называлася школай №2 ім. Сталіна. Як зазначаецца, яшчэ ў даваенны час там „в дверях стоял внушительный швейцар в ливрее с галунами“. 2-я школа была сямігадовай сярэдняй у 1922–1926. У сямігадовую менскую №2 яна была рэарганізаваная на падставе прынятага Калегіяй Наркамасьветы БССР „Положения о реформе школ 2-й ступени“ ад 5 жніўня 1921 г., будучы перад тым менскай Савецкай працоўнай школай другой ступені, якой яна сталася пасьля Дэкрэта Савета Народных Камісараў ССР Літвы і Беларусі „Аб рэарганізацыі школьнай справы“ ад 24 сакавіка 1919 г.: які тычыўся рэарганізацыі дарэвалюцыйных гімназіяў і ўводзіў м.ін. сумеснае навучаньне хлопчыкаў і дзяўчынак. Бо раней школа, якая з 21 студзеня 1919 (Менск заняты Чырвонай Арміяй) працягвала сваю працу ва ўласным будынку па па вул. Губэрнатарскай, 21, была менскай дзяржаўнай мужчынскай гімназіяй. Аднавіла ж яна сваю працу ў Менску відавочна калісьці ў 1918 годзе, бо ў 1915, як дзяржаўная установа, была на нейкі час эвакуяваная ў Маскву з прычыны набліжэньня фронту І Сусьветнай вайны.
Гімназія Фальковіча (ці Фалковіча), пачатак ХХ ст.
Тая менская дзяржаўная мужчынская гімназія была найстарэйшай сярэдняй навучальнай установаю дарэвалюцыйнага Менску Губэрнскага, яшчэ ў 1903 годзе адзначала 100-годзьдзе свайго статусу дзяржаўнай гімназіі. Як паведамлялася ў 1904 г.,

«Торжество началось богослужением в гимназической церкви. Вечером состоялось чтение об Александре І. Во второй день торжества, 12-го декабря, в присутствии попечителя виленского учебного округа Попова состоялась с участием оркестра и хора гимназистов торжественный акт, на котором было прочтено краткое извлечение из исторической записки о гимназии, составленной директором гимназии Адо. В начале акта попечитель округа обратился к присутствовавшим на торжестве с небольшой речью, в которой высказал тот взгляд, что только при общей дружной работе учащих и учащихся, при взаимном доверии и возможно достигнуть в деле воспитания благотворных результатов. Закончилось торжество чтением приветственных адресов и телеграмм от всех почти средне-учебных заведений края, многих правительственных и общественных учреждений и от бывших питомцев. Кроме того гимназию приветствовали наше городское общественное самоуправление в лице городского главы Райкевича, редакция местной газеты („Северо-запад. Край“) и местное общество любителей изящных искусств“ Вестник „Русская школа“ №2, 1904 г., Столетие Минской гимназии.
Будынак был. гімназіі быў сур’ёзна пашкоджаны напачатку вайны. Выгляд у 1949 г.
Гэтак, у 1865–1918 гэта была дзяржаўная „Минская классическая гимназия с двумя древними языками“. На стан канца XIX ст. вядома, што ў гімназіі працавалі 35 настаўнікаў і 7 дапаможных настаўнікаў, якія былі выпускнікамі розных унівэрсытэтаў Расейска Імпэрыі. У 1887 было таксама 27 служачых, 15 зь якіх таксама мелі вышэйшую адукацыю. Выкладчыкі былі аўтарамі шматлікіх навуковых працаў і вучэбнай літаратуры ў розных галінах навукі, а таксама перакладчыкамі навуковай літаратуры таго часу. Відаць, што не была занядбана і справа палітычнай лёяльнасьці: м.ін. 6 асобаў мелі мэдаль „В память усмирения польского мятежа 1863–64 гг“, а катэхетам быў прызначаны сам кс. Ф. Сенчыкоўскі.  Гімназія ўключала ўласную царкву, бібліятэку, сьпэцыялізаваныя габінэты (фізычны, прыродазнаўчых навук, мінэралёгіі).

Было дадатковае выкладаньне маляваньня і музыкі, існавалі 2 хоры і 2 аркэстры. Колькасьць вучняў вагалася каля 500. Навучаньне было платным (75 руб. у 1913), аднак дзеці бедных вызваляліся ад платы (сярод вучняў 10%), некаторым прызначаліся нават стыпэндыі (59 асобаў у 1898 г.)(2). У 1892 ва ўсіх клясах была ўсталявана вэнтыляцыя (адсюль). Сярод знакамітых выпускнікоў гімназіі таго часу быў нп. славуты мастак Фэрдынанд Рушчыц (вып. 1890 г.), Ян Неслухоўскі (Янка Лучына), Антон Лявіцкі (Ядвігін Ш), Іван Луцкевіч (вып. 1902 г.), Антон Луцкевіч, Яфім Бялевіч (міністр юстыцыі і фінансаў у першым урадзе БНР), Уладзімір Самойла (адзін з заснавальнікаў першага беларускага кніжнага таварыства „Мінчук“, у Менску ў 1906 г.) і інш.

Тая Менская клясычная мужчынская гімназія паўстала ў 1865 г. ў выніку рэформы ранейшай Менскай мужчынскай губэрнскай сямікляснай гімназіі, што працавала ў пэрыяд 1804–1865 гг. З 1846 (паводле інш. зьв. — 1844) году губэрнская сяміклясная гімназія знаходзілася ў згаданым вышэй будынку (пазьней 2-й СШ) па вул. Губэрнатарскай, 21 (цяпер вул. Леніна, на пляцоўцы — дамы 7,9,11), сьпецыяльна для яе збудаваным.

Перад тым, з 1835 яна была вымушана займаць арэндаваныя памяшканьні: прычынай чаго сталася тое, што ў яе ранейшым будынку на Саборнай плошчы (сёньня пл. Свабоды) ў 1835 адбыўся пажар, а пасьля перабудовы там разьмясьціліся расейскія адміністрацыйныя ўстановы („здание Присутственных мест“). Яшчэ да 1839 году ў гімназіі працягвалася выкладаньне польскай мовы — традыцыя з папярэдняй эпохі (каротка ўзноўлена ў 1857–1863). У 1819–1822 гг. выкладчыкам арытмэтыкі і гэаграфіі тут працаваў Ян Чачот. Падчас падзеяў 1863 г.,


„Актыўны ўдзел у паўстанні прынялі гімназісты Менскай і Слуцкай гімназій. У студзені 1863 года іх патаемныя намеры былі раскрытыя, зброя, якую яны старанна збіралі, была канфіскавана, увесь люты ішло следства, аднак гэта не спыніла агорнутую патрыятычным парывам моладзь. У ноч з 19-а на 20-е красавіка 1863 года навучэнцы Менскай гімназіі выступілі з Менску. Да іх далучылася разначынная моладзь. У дванаццатай гадзіне дня мяцежнікі падышлі да паштовай станцыі Юхноўка. Забраўшы паштовых коней і павозкі, рушылі па Смалявіцкай паштовай дарозе ў бок Смалявіч. Ад’ехаўшы каля сямі вёрст, кінулі павозкі на краі дарогі, а самі адправіліся далей у бок Ігуменскага павета. Як данасіў Смалявіцкі валасны старшыня Адам Мурашка, мяцежнікаў было ад 70 да 100 чалавек, і яны былі ўзброены агнястрэльнай і халоднай зброяй.“ (Адсюль).

Гімназісты 6-га клясу з настаўнікам гісторыі П. Аляксандравым, 1898 г.
Сярод знакамітых выпускнікоў таго пэрыяду былі нп. Станіслаў Манюшка, Тамаш Зан (1805–1812), Аляксандар Ельскі (вып. 1852), граф Яўстах Тышкевіч, Тадэвуш Корзан (вып. 1855, са срэбн. мядалем) і інш. І дасёньня на былым будынку гімназіі на пл. Свабоды вісіць мэмарыяльная шыльда зь імёнамі некаторых знакамітасьцяў зь ліку яе выпускнікоў (хоць шмат хто з там пералічаных насамрэч вучыліся ўжо ў новым будынку).

У сваю чаргу, Менская губэрнская сяміклясная гімназія была створана ў 1804 г. зь Менскай губэрнскай шасьцікляснай гімназіі. Менская ж губэрнская шасьціклясная гімназія ўтварылася ў 1803 г. ў выніку наданьня гімназійнага статусу (100-годзьдзе якога, як згадана вышэй, адзначалася ў 1903 г.) ранейшай 6-кляснай „Минской губернской школе“; у „Минскую губернскую школу“ ў 1799 годзе была пераназвана ранейшае менскае „Главное губернское училище“: а гэткая назва за паўгады перад тым была нададзена ранейшай менскай „поиезуитской школе“ — як яна называлася пасьля ўключэньня Менскага ваяводзтва ў склад Расейскай Імпэрыі ў выніку ІІ падзелу Рэчы Паспалітай. Праз усе гэтыя перайменаваньні школа знаходзілася ў згаданым вышэй будынку на Саборнай (цяпер Свабоды) плошчы, які атрымала ад менскага „Приказа общественного призрения“ яшчэ ў 1798 годзе — на месцы скасаванага ў 1793 годзе мужчынскага базыліянскага кляштару. А ў той будынак школа мусіла перабрацца ў 1798 з прычыны пажару, які спустошыў яе ранейшы будынак: бо ў 1797 пажар адбыўся ў касьцёле і будынках былога езуіцкага калегіюму (дзе, пасьля рэканструкцыі 1799 г., разьмясьціліся расейскія дзяржаўныя ўстановы). Таму, калі сучасная мэмарыяльная шыльда кажа „тут у 1803 годзе была адкрыта Мінская гімназія“, то гэта ня надта дакладнае азначэньне таго, як тая гімназія там насамрэч зьявілася. 

А будынак былога езуіцкага калегіюму школа займала яшчэ зь перад-расейскіх часоў. Як і пазьней, да 1793 яна складалася з 6 клясаў, якія завяршалі тагачасную сярэднюю адукацыю: тыповы вучань пачынаў 1-ы зь яе клясаў у 10-гадовым узросьце і, адпаведна, у 16-гадовым веку сканчаў 6-ы. Цікавую крыніцу зьвестак пра пэрыяд жыцьця менскае школы ў да-расейскі час знаходзім у штогадовых справаздачах гэнэральных інспэктараў Камісіі народнай адукацыі Вялікага Княства Літоўскага за 1782–1792 гг.(3).

Стуль дазнаемся, што нп. у 1792 г. кіраўніком тае менскае школы быў ксёндз Тадэвуш Абранпальскі (Obrapalski), пасада якога называлася „прарэктар“. Пад яго загадам было 6 штатных выкладчыкаў прадметаў, якія таксама былі кляснымі настаўнікамі яе 6 клясаў: кіраўніком 6 кл. быў Ян Будзілловіч, 5 кл. — Бонавэнтура Яворскі, выкладчык фізыкі, 4 кл. — кс. Язэп Лаўрыновіч, 3 кл. — Тадэвуш Іваноўскі, 2 кл. — кс. Францішак Пшэтоцкі, 1 кл. — Станіслаў Алендзкі (Olędzki). Акрамя таго, быў намесьнік настаўніка Ян Сухецкі і выкладчык нямецкай мовы Ян Фэдэр (Цэдовіч ?); штатным казнадзеям быў францішканін кс. Караль Гэнрыкоўскі. Штодзённа а 7 гадзіне раніцы служылася імша для вучняў. Асобна згадана, што „па Дню Задушным [Дзяды], набажэнства адпраўляецца ў памяць памерлых дабрадзеяў адукацыі“. Пра вучэбнае абсталяваньне зазначана, што „электрычная машына і іншыя фізычныя прылады атрыманы коштам ягамосьці пана Яворскага, выкладчыка фізыкі, і служаць дзеля карысьці вучняў“. Для харчаваньня пэдагагічнака калектыву арганізоўваўся супольны стол, за які быў адказны сам прарэктар. Вучняў было 277, навучаньне вялося па падручніках. Былі штомесячныя іспыты, адзнакі запісваюцца ў рэгістрацыйную кнігу. Па выніках году вучням выдаваліся ўзнагароды — мядалі „Diligentiæ“ (стараннасьці): 1 залаты і 2 срэбных.

Падобнае становішча бачым у справаздачы і за 1789 год, але тады амаль усе выкладчыкі былі каталіцкімі сьвятарамі, акрамя настаўніка нямецкай мовы: выкладчык права і настаўнік 6 кл. кс. Ігнат Высоцкі, выкладчык фізыкі і настаўнік 5 кл. кс. Тамаш Лемпкі, выкладчык матыматыкі і настаўнік 4 кл. Станіслаў Алендзкі, выкладчык рэторыкі і настаўнік 3 кл. кс. Мікалай Бжазоўскі, настаўнік 2-й клясы кс. Францішак Пшэтоцкі, настаўнік 1-й клясы кс. Язэп Лаўрыновіч. Навучалася 282 вучняў. Ян Фэдэр Цэдовіч выкладаў нямецкую для 48 асобаў. За год перад тым, у 1788, інспэктар адзначыў што Былы будынак школы (зьлева ад касьцёла) і калегіюма (зправа ад касьцёла).„Ягамосьць кс. Высоцкі, выкладчык права, ... пільнасьцю і працавітасьцю так дасканала навучыў сваіх вучняў юрыдычнаму працэсу, што па сканчэньні школы яны могуць без дадатковай адукацыі практыкаваць права ва ўсіх публічых судах“. Зазначана, што кс. Лаўрыновіч, настаўнік 1-га клясу, быў адказны за падтрыманьне ў парадку бібліятэкі. У папярэдняй справаздачы, 1787 г., згадваецца неабходнасьць рамонту даху і паркану, пашкоджаных бурай. Інспэктар пахваліў настаўнікаў і вучняў. Адзначыў праблему, што „ў школьнай залі адбываюцца паседжаньні земскага і гродзкага судоў, не запытваючы прарэктара аб дазволе. Здаецца, што гэты звычай зь цягам часу ператварыўся ў права“.

Падобныя зьвесткі знаходзім і ў папярэднім рапарце 1787 г.: 236 вучні, патрэбны рамонт даху і паркану, суд без дазволу заняў залю. Выкладчыкаў і вучняў інспэктар хваліў за стараннасьць. Адзін з выкладчыкаў атрымаў асаблівую пахвалу за тое, што напрацягу 6 гадоў ніколі не спазьніўся ў школу. Зазначана, што загадана не дазваляць вучням старэйшых клясаў прапускаць „заняткі, якія ім менш падабаюцца“. Згадана, што школе належыў м.ін. бровар былых езуітаў. Годам раней, у 1785 знаходзім той самы настаўніцкі склад, але, апроч асобаў духоўнага стану, пэўны унтэр-афіцэр быў выкладчыкам французкае мовы. Набажэнства для вучняў праводзілася ў ксяндзоў-камуністаў, ды „выкладчыкі маюць супольны стол зь іхмосьцьмі ксяндзамі-камуністамі, бо ў 2 школьных дамох няма месца“. Адзначана, што ў бібліятэцы была нястача кніг клясычных аўтараў.

У справаздачы гэнэральнага інспэктара ў папярэднім, 1783 г., чытаем, што кожны з выкладчыкаў павінны быў мець акадэмічную доктарскую ступень. Праўда, усім, у каго яе яшчэ не было, Камісія народнай адукацыі ВКЛ яе тут жа надала. Пры школе тады жылі 2 выкладчыкі-пэньсіянэры, загадана прыцягваць і іх да розных абавязкаў. Вучняў было 212. Інспэктар яшчэ тады адзначыў патрэбу адрэмантаваць, маўляў, „parkan od ulicy murowany, znacznie do upadku nachylony, z niebiezpieczeństwem przechodzących“. — У бібліятэцы ён тады знайшоў „стосы кніг без парадку“, загадаў іх упарадкаваць і стварыць рэгістрацыйны каталёг. Занатавана, што старшыня мясцовага земскага суду, Уніхоўскі, ужо праводзіў паседжаньні ў адной з заляў калегіюму і дамагаўся набыць школьныя будынкі для судовых установаў. Падобна і ў самай першай справаздачы 1782 году, усе выкладчыкі былі каталіцкімі ксяндзамі, кіраўніком школы (занатаваны як „рэктар“) ужо тады быў кс. Тадэвуш Абранпальскі, быў таксама прэфэкт і 6 выкладчыкаў. Прэфэкт і адзін з настаўнікаў жылі ў будынку школы, бо ў калегіюме (дзе звычайна жылі настаўнікі), маўляў, бракавала месца. Да калегіюму належыў таксама „оgród, czyli sad“. Інспэктар ужо тады крытыкаваў стан школьнай бібліятэкі: „Biblioteka z samych braków złożona, ale i przedtem bie była wyborna“. Паведамляецца, што мясцовыя ўлады ўжо тады мелі жаданьне забраць будынкі школы, каб разьмясьціць судовыя ўстановы, і самачынна пачалі ўжываць залі для судовых паседжаньняў. Таксама ўздымалася пытаньне пэнсіі для былых выкладчыкаў-езуітаў.

З гэтага апісаньня 1782 году м.ін. вынікае, што калегіюм, дзе ўласна меліся жыць выкладчыкі, мясьціўся ў будынку па адзін бок ад касьцёла (сучаснай каталіцкай Катэдры), а школа знаходзілася ў будынку па другі яго бок: “Collegium, kościół i szkoły w cągłej na rynku linii podług symetrii są stawione...“

А згадка справы пэньсіяў для выкладчыкаў з былых езуітаў, як і назва „поиезуитская школа“ ў 1793–1799, урэшце скіроўвае нас да найранейшага этапу гісторыі школы. Бо тая 6-клясная школа апынулася ў падпарадкаваньні Камісіі народнай адукацыі Вялікага Княства Літоўскага ў выніку скасаваньня ордэну езуітаў папам рымскім Клімэнтам XIV 21 ліпеня 1773 г.: гэтак у ВКЛ усе навучальныя ўстановы, якія перад тым належылі езуітам, перайшлі да дзяржавы. Менавіта такім чынам ранейшы Менскі калегіюм езуітаў пераўтварыўся у менскую сьвецкую 6-клясавую школу, ды з гэтай прычыны аказалася, што, напрацягу першых гадоў у новым статусе, усе выкладчыкі і адміністрацыя, а таксама пэнсіянэры школы, былі ксяндзамі экс-езуітамі, а школа і жылыя памяшканьні выкладчыкаў разьмяшчаліся ў ранейшых езуіцкіх будынках.

Афіцыйнае зацьвярджэньне менскага езуіцкага калегіюму адбылося ў 1714 г., а будаўніцтва яго канчатковага мураванага гмаху (перад тым быў драўляны), па правы бок ад касьцёлу, зь вежай з гадзіньнікам, скончана ў 1750. Акрамя касьцёлу, пабудаванага ў 1700–1709, езуіцкі комплекс тады ўключаў калегіюм для выкладчыкаў, школу і бурсу для вучняў (і шэраг гаспадарчых пабудоваў, накшталт бровару)(4). Аб датыроўцы пачатку якога-колечы вучэбнага працэсу раней гэтага часу існуюць супярэчлівыя зьвесткі. Хоць статус калегіюму быў зацьверджаны ў 1714, зь некаторых крыніцаў вынікае аб існаваньні пасады рэктара калегіюму яшчэ перад 1693 годам. Паводле „Энцыкляпэдыі ВКЛ“, езуіцкая школа мела будынак яшчэ ў 1699, хоць гэта і прызнаецца няпэўным. „Nasze kścioły — djecezja Mińska“ (1913) паведамляе, што „W roku 1685 są oni w stanie zbudować wspaniały klasztor i założyć szkoły [вылучана мною, — V.S.], zwiększając liczbę kapłanów do 6-ciu“. Пачатковае матэрыяльнак заснаваньне, — у сэнсе атрыманьня фундушаў з намерам стварэньня пры менскай місіі езуітаў калегіюму, — вядомае ў 1682–3 г., калі былі атрыманыя ахвяраваньні Бжастоўскіх, Лукомскіх, Агінскіх і інш. Сама ж менская езуіцкая місія (што складалася пачаткова з касьцёлу і жылога будынку) была заснаваная ў 1654 (інш. крын. 1656) годзе біскупам Гіеранімам Сангушкам. Што праўда, згаданы вышэй артыкул „Столетие Минской гимназии“ (1904 г.) кажа пра школу „основанная иезуитами еще в 1641 г.“, аднак падставы меркаваць аб прысутнасьці ў Менску езуітаў раней 1656 зусім незразумелыя, ды існаваньне ў іх тут якой-колечы школы раней 1685 сапраўды не здаецца верагоднымі: бо нп. у „Nasze kścioły — djecezja Mińska“, — кажучы аб заснаванні менскай езуіцкай місіі ў 1656, — далей падаюцца падрабязнасьці, што неўзабаве, маўляў, „musieli księża Jezuici zredukować liczbę zakońników do dwóch“, ды заставаліся ў матэрыяльна цяжкім стане аж да атрыманьня згаданых шчодрых ахвяраваньняў у 1682–3 гг.

З гэткага агляду паходжаньня і інстытуцыйнае пераемнасьці пералічаных вышэй навучальных установаў вынікае, што школьны сайт сапраўды мае рацыю адносна „найстарэйшай школы Менску“: аднак, калі ўважліва прасачыць „радавод“ сучаснай школы №4, то неўзабаве можна адзначаць ажно 300 (прынамсі) годзьдзе. Ды адзначаць тым зручней, што той самы першы будынак школы XVIII ст. (як і другі, 1798–1835 г.) захаваўся (цяпер музычны каледж побач касьцёла).

Згаданая вышэй кніга аб 2-й школе пералічвае шмат выдатных фактаў пра яе настаўнікаў і выпускнікоў. Нямала гэткіх і ў 4-й школы, гісторыя якой працягваецца. Як паведамляе сайт школы, сярод былых вучняў менскай СШ №4 такія вядомыя асобы, як акадэмік А.Н.Рубінаў (з 2010 Старшыня Савету Рэспублікі НС РБ), савецкія акторы Алег Янкоўскі (1944–2009)  Аляксандар Владамірскі (1950–1997). Да гэтага аднак будзе цікава дадаць, што ў ёй вучыліся таксама Cяргей Дубавец, Вінцук Вячорка (лінгвіст, старшыня Партыі БНФ у 1999–2010 гг), Пётр Марцаў (колішні выдавец „Беларускай Дзелавой Газэты“, журналіст), Алесь Суша (культуроляг, журналіст, адзін з заснавальнікаў „Талакі“) і шмат іншых значных дзеячоў у розных галінах грамадзкага, культурнага і навуковага жыцьця Беларусі, а таксама пэўныя значныя фігуры бізнэсовых колаў.

З гэтай нагоды можна прыгадаць, як, паводле школьнай легенды, калі ў 80-х у школу прыйшлі КДБ-істы шукаць кампрамат на былога вучня, тады маладога беларускага дысыдэнта Вінцука Вячорку, дырэктарка ім сказала: асабіста нічога пра такога паведаміць не магу — запытайцеся ў настаўнікаў, якія яго вучылі, вось у выкладчыцы хіміі Надзеі Паўлаўны Гаўрусейкі напрыклад. А да Гаўрусейкі яна іх скіравала, маўляў, нездарма: бо Гаўрусейка была вядомая сваім ня менш крутым, чым у дырэктаркі, характарам, і няцяжка было прадказаць, як яна прывітае такіх гасьцёў. Дык маўляў, Гаўрусейка, выслухаўшы іх справу, заявіла ім прыкладна наступнае: „А я об ученике Валентине Вечерко ничего отрицательного сказать не могу. И никто другой в нашей школе ничего плохого о нём вам также не скажет!“ КДБ-істы ад размовы зь ёй, маўляў, зьбянтэжыліся ды так ні з чым і рэтыраваліся восвояси.

...Неўзабаве пасьля зьліцьця з СШ №2, у будынку школы №4 „імя Кірава“ абыўся грунтоўны рамонт і пашырэньне, і з 1979 яна запрацавала ў новай якасьці — агульнаадукацыйнай СШ №4 з музычным (інструмэнтальным) ухілам. З гэтага часу ў школе зьявіліся настаўнікі музыкі, некаторыя зь якіх працавалі ў менскай Філярмоніі ды іншых музычных калектывах і навучальных установах рэспубліканскага ўзроўню. Многія зь іх, як творчыя асобы, вылучаліся асабовай неардынарнасьцю і арыгінальнасьцю. Школа мела статус „узорнай“. Наведнікаў яна ўражвала ў 1980-х ня толькі аграмадным бронзавым барэльефам Кірава на ўсю сьцяну файе, а таксама ленінскім пакоем і кіраўскім музэям, але і тым, што ўжо ў пачатку 80-х яна мела ўласны тэлецэнтар і тэлевізары ў бадай што кожным клясе, якімі карысталіся для паказу навучальных фільмаў ды трансляцыі выступаў дырэктаркі. Або дзяржаўных пахаваньняў найвышэйшых кіраўнікоў СССР, якія акурат зачасьцілі на той сьвет у пачатку 80-х. У школу часьцяком прывозілі на экскурсію розныя дэлегацыі замежнікаў, што адведвалі Менск, ня толькі з соцлягэру, але і з „капстран“.

Характэрнай рысай тагачаснай 4-й школай было значнае „адсейваньне“ пасьля 8-га клясу. Заставацца ў 9–10 тых, хто меў мала шанцаў патрапіць у ВНУ, дакладна не заахвочвалі. Вучні некаторых гадоў, пачаўшы ў складзе 5 клясаў (А-Д), да 10-га трацілі каля паловы складу, застаючыся толькі „А“ і „Б“, а ў некаторых выпадках, падаецца, „адсейвалася“ 3/4 пачатковай лічбы. Ды прынамсі ў сярэдзіне 80-х — пачатку 90-х, рэдка хто з абітурыенаў з 4-й школы не паступаў у ВНУ зь першай спробы (платных тады не было). Нярэдка здаралася, што адзнакі на ўступных іспытах ВНУ аказваліся вышэйшымі, чым па тых самых прадмерах на выпускных іспытах у школе. Распавядаюць нават аб такіх дыялёгах на ўступных іспытах ВНУ: сябра прыёмнай экзамінацыйнай камісіі: „А Вы скончылі якую школу?“ Абітурыент: «4-ю... імя С.М. Кірава... з музычным ухілам...“ Сябра прыёмнай камісія: „Вядомая школа. Дык давайце паперы, адказы на нашы пытаньні вы канешне і так ведаеце!»

Дырэктарка Л.К. Дарафеева мела рэпутацыю кіраўнічкі аўтарытарнай, аж настолькі, што гэта відаць спрычынілася да страты ёю пасады. Аднак цікавая рэч: было вядома, што яна адмаўляецца прыймаць заявы бацькоў аб вызваленьні ад беларускай мовы. А ў школе было шмат дзяцей савецкіх гэнэралаў ды палкоўнікаў: бо ў яе „акругу“ патраплялі нейкія службовыя кватэры штабу Беларускай ваеннай акругі. Аднак пасьля кароткай размовы з Дарафеевай, савецкія ваеначальнікі свае заявы аб вызваленьні дзяцей ад беларускай мовы амаль заўсёды забіралі.

Першая рэч, якая зьмянілася пасьля адстаўкі Дарафеевай, была тая, што, як раней усе былі абавязаны пісаць чарнільнымі асадкамі, гэтак пры новай уладзе чарнільныя былі забаронены. Раптам усім загадалі пісаць толькі шарыкавымі. Настаўнікі на уроках пільнавалі, хто чым піша. Але, у духу падлеткавага непадпарадкаваньня, вучні навучыліся заладоўваць пустыя стрыжні шарыкавых асадак чарнілам. Як з-пад шарыкавай асадкі выходзіў, аднак, тэкст чарнілам — настаўнікі не адразу здагадаліся.

Многія настаўнікі былі вядомы як неардынарныя асобы. Напрыклад выкладчык фізыкі Масалаў, — вельмі патрабавальны настаўнік, — меў непаўторны стыль выкладаньня фізыкі з гумарам. Часам на яго занятках можна было пабачыць незвычайныя рэчы. Задэкляраваўшы перад клясам, што ён не падпарадкаваўся „абсурднаму“ загаду аб здачы, пасьля Чарнобыля, з габінэта фізыкі ўсіх крыніц радыёактыўнасьці, ён даставаў з кантэйнэра і дэманстраваў клясу рэальную капсулю з ізатопамі, ад набліжэньня якой дэтэктар Гайгэра аж заходзіўся ў паніцы. Праўда, падчас дэманстрацыі ён прытрымліваў крыніцу радыёактыўнасьці сваёй драўлянай рукой.

Пры новай дырэктарцы, В.А. Новікавай, вучням дазвалялася, у духу перабудовачнай „галоснасьці“, самім рабіць сьценгазэту, у т.л. з нататкамі пра настаўнікаў з гумарыстычным адценьнем. Гэтага было мала, і ў другой палове 80-х ў старэйшых клясах цыркулявалі самвыдатаўскія выданьні, на якія паляваў партыйны актыў, у асобах настаўніка гісторыі і ваенрука, аднак паляваў надта млява. Часы былі ўжо „ня тыя“. У калідоры першага паверху былі шкляныя газэтныя стэнды: дык пасьля першага „Чарнобыльскага шляху“ (26 красавіка 1989) на першай старонцы адной з выстаўленых там газэтаў („Чырвоная Зьмена“?) ўся школа магла бачыць сваіх вучняў у першым шэрагу калёны БНФ. Ды адміністрацыі даводзілася пільнаваць, каб у тыя газэтныя стэнды не закідваліся тагачасныя самвыдатаўскія выданьні і ўлёткі...

Канешне, любая школа пасьля некалькіх дзясяткаў гадоў пакрысе набывае рысы адметнага характару, стылю, „духу“, этасу і традыцыйнае ўгрунтаванасьці. Аднак 4-я школа Менску мае незвычайна даўгі радавод, уключна з прасочанай вышэй спадчынай 2-й школы, які, нават не здаючы сабе справы аб гістарычных фактах і яго дакладнай істоце, у школе заўсёды адчувае бадай што кожны. Падсумоўваючы, з агляду гістарычнае гэнэзы сярэдніх навучальных установаў Менску вынікае, што, як установа сярэдняй адукацыі, сучасная менская СШ №4 сталася пераемніцай ня толькі прыватнай гімназіі 1906 году, але, праз аб’яднаньне з 2-й школай у 1974, таксама і інстытуцыйным нашчадкам менскай гімназіі 1803 году ды яе папярэднікаў часоў Вялікага Княства Літоўскага.

1) Школа на улице Энгельса, 37. Книга воспоминаний. Мн. 2005
2) Шибеко З.В., Шибеко С.Ф. Минск: страницы жизни дореволюционного города. Мн 1990.
3) Raporty generalnych wizytatorow szkol Komisji Edukacji Narodowej w Wielkim Ksiestwie Litewskim (1782–1792). Wroclaw. Ossolineum. 1974.
4) Слюнькова И.И. Монастыри восточной и западной традиций. М., 2002.

suziralnik, minsk1067