Аўтар: Сяменчык Настасся Мікалаеўна, г. Мінск,
2011 г.
(DOC-варыянт можна спампаваць тут )
1.1. Агульная характарыстыка
У гэтым плане разгледжаны адзін з варыянтаў правядзення ўрока-экскурсіі, які ўзбагачае класна-ўрочную сістэму арганізацыі навучальнага працэса практычнай перспектывай.
Школьны курс гісторыі дазваляе настаўніку выкарыстаць мноства магчымасцяў, каб дапоўніць традыцыйныя формы правядзення ўрокаў іншымі, больш крэатыўнымі тыпамі ўрокаў. Адным з такіх тыпаў урокаў з’яўляецца экскурсія – суправаджальная форма арганізацыі навучання, якая дапаўняе рэальную педагагічную практыку; гэта спецыфічны навучальна-выхаваўчы занятак, перанесены ў адпаведнасці з пэўнай адукацыйнай ці выхаваўчай мэтай у месца натуральнага наваколля аб’екта, што вывучаецца.
Дадзеная экскурсія з’яўляецца навучальнай, звязанай з вывучэннем праграмнага матэрыяла, і таму мусіць быць праведзеная ў межах класна-ўрочнай сістэмы, не ў час гуртковых альбо пазакласных заняткаў. Настаўнік мусіць выдзеліць на правядзенне гэтай экскурсіі адзін урок з праграмы.
Паколькі часавай працягласці ўрока ў 45 хвілін відавочна будзе недастаткова, настаўніку неабходна прыкласці арганізацыйныя намаганні і адшукаць для класа магчымасць правесці на экскурсіі 2,5 гадзіны без урону для іншых заняткаў.
Запланаваны ўрок з’яўляецца арганічнай часткай праграмы па курсе гісторыі Беларусі ў 9-м класе. Паколькі ў гэтым класе навучаюцца школьнікі старэйшага школьнага ўзросту, значная часавая працягласць знаходжання на экскурсіі не з’яўляецца для іх супрацьпаказаннем.
Паводле характару аб’екта, што наведваецца, дадзеная экскурсія адносіцца да віда “Экскурсія да гістарычных і памятных месцаў”.
Тэматыка ўрока-экскурсіі: назва, якая нададзеная экскурсіі – “Шлях да Курапатаў ”. Курапаты – гэта ўрочышча на паўночным усходзе Мінска, якое да нядаўняга часу знаходзілася па-за межамі горада, але зараз фактычна горад дабраўся да яго новабудоўлямі, шашою, гандлёвымі цэнтрамі. Сумная слава гэтага месца звязаная з масавымі расстрэламі людзей, што праводзіліся сіламі НКУС БССР у перыяд з 1937 г. па 1941 г. Курапаты маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці першай катэгорыі, што паводле Закону Рэспублікі Беларусь «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» адпавядае катэгорыі «найбольш унікальных каштоўнасцяў, духоўныя, эстэтычныя і дакументальныя вартасці якіх уяўляюць міжнародную цікавасць». Паводле класіфікацыі відаў краязнаўчых аб’ектаў Загарульскага, дадзены аб’ект можна аднесці да помнікаў і памятных месцаў гераічнага мінулага1.
Экскурсія мае адбыцца ў другім паўгоддзі і мусіць быць прымеркаваная да вывучэння дзевяцікласнікамі тэмы №17 “Грамадска-палітычнае жыццё ў БССР у канцы 1920-х – 1930-я гг.”, адным з пунктаў якой з’яўляецца пункт “Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі”. У працэсе экскурсіі навучэнцы, што працягваюць вывучаць матэрыял тэмы, атрымліваюць новыя веды з наступнай іх сістэматызацыяй і замацаваннем на ўроку. Адпаведна, такая экскурсія будзе адносіцца да суправаджальнай (бягучай) тэмы, што вывучаецца, і вырашаць навучальную задачу.
1.2. Мэты і задачы экскурсіі
Паколькі аб’ектам экскурсіі з’яўляецца даступны да ўспрыняцця прадмет, што сведчыць аб гісторыі развіцця грамадства, а мэтай – фарміраванне ў навучэнцаў пэўных уяўленняў і пачуццяў2, то аб’ектам у нашай экскурсіі з’яўляецца мемарыяльнае ўрочышча Курапаты, асноўнай жа мэтай запланаванай экскурсіі становіцца спрыянне ўзбагачэнню пачуццёвага досведу навучэнцаў праз накапленне візуальных уяўленняў і жыццёвых фактаў, дапамога вучням у звязванні тэорыі з практыкай, навучання – з жыццём. У дадзеным выпадку экскурсія створана для ярчэйшага ўспрымання вучнямі злачынстваў таталітарызму. Яе асноўнымі выхаваўчымі задачамі з’яўляецца ўсведамленне вучнямі жахлівых наступстваў гвалтоўных, дэспатычных рэжымаў, іх незаконнасці і антыгуманнасці. Падчас сузірання настаўнік, выкарыстоўваючы маторны метад, мусіць заклікаць вучняў улавіць метафарычнасць вобразу ляснога ўскрайку з дрэвамі-маўклівымі сведкамі забойстваў непавінных людзей і запалоханага грамадства мінуўшчыны, у якім нічога нельга было гаварыць пра забойствы, што здзяйсняліся зусім недалёка ад сталіцы. Праз метад аповеду аб страшных падзеях у гэтым лесе неабходна навесці вучняў на думку аб немагчымасці гвалту, беззаконнасці, атмасферы страху ў грамадстве. Разам з тым, важнай выхаваўчай задачай гэтай экскурсіі з’яўляецца апеляцыя да патрыятычных пачуццяў навучэнцаў, усведамлення подзвігу людзей, якія пад страхам смерці дзеля будучыні Беларусі не выракліся сваёй ідэнтычнасці. Згодна з гэтым, нашу экскурсію ў класіфікацыі паводле адукацыйна-выхаваўчых мэтаў можна аднесці да тэматычных экскурсій.
На экскурсіі ў адным шэрагу з назіраннямі навучэнцаў выкарыстоўваюцца метады аповеду, размовы, маторны і іншыя метады. У якасці матэрыялаў для падрыхтоўкі экскурсіі выкарыстаныя выданні, рэкамендаваныя Нацыянальным інстытутам адукацыі для настаўнікаў агульнаадукацыйных установаў. Таксама пры падрыхтоўцы экскурсіі выкарыстаная іншая літаратура, матэрыялы ў Інтэрнэце, відэаматэрыялы.
1.3 План арганізацыі вучэбнай экскурсіі
План рэалізацыі экскурсіі складаецца з трох асноўных этапаў.
1.3.1. Падрыхтоўчы этап
Настаўнік займаецца арганізацыйнай падрыхтоўкай экскурсіі: абірае дзень і час мерапрыемства, паведамляе аб гэтым вучням, просіць перадаць інфармацыю бацькам, каб тыя на час паездкі забяспечылі дзіця неабходнымі грашовымі сродкамі, ежай, вадой, прасачылі за апрананнем цёплай вопраткі і г.д. Настаўнік прапануе прыхапіць свечкі, знічы альбо кветкі да ўскладання на мемарыяле.
Таксама настаўнік загадзя прапануе заданні ў мікрагрупах па 5–7 чалавек. Кожная група павінна будзе прэзентаваць свае ўражанні ад наведвання аб’екта, арыентуючыся на наступныя пункты:
- што вас найбольш уразіла ва ўрочышчы/ аповедзе пра месца;
- ці заўважылі вы пазначанымі на таблічках знаёмыя вам мясціны, адкуль паходзіў той ці іншы чалавек, што загінуў у Курапатах;
- ці змянілі б вы штосьці ў арганізацыі месца памяці?
Адзін чалавек з групы можа рабіць фотаздымкі відаў і дэталяў на месцы, каб пасля паказаць іх класу падчас вуснай прэзентацыі. Заданні да самастойнага выканання павінны будуць паспрыяць лепшаму засваенню новай інфамацыі.
Тым часам настаўнік прадумвае найлепшы маршрут да месца экскурсіі: урочышча Курапаты знаходзіцца на ўскрайку горада, таму неабходна мець у запасе дастаткова часу, каб дабрацца туды, правесці экскурсію і не надта позна вярнуцца.
Такім чынам, настаўнік забяспечвае арганізацыйныя ўмовы паездкі: усталёўвае дату, час, рыхтуе ход урока-экскурсіі, абірае неабходныя наглядныя матэрыялы, якія трэба будзе ўзяць з сабой.
1.3.2. Змястоўны этап. Ход экскурсіі
Арганізацыйны момант. У запланаваны дзень і час экскурсіі настаўнік сустракаецца з класам у сценах школы. Вітае ўсіх і нагадвае пра аб’ект і тэму мерапрыемства, удакладняе, ці слушна дзеці памятаюць сутнасць задання, якое ім трэба будзе выканаць падчас экскурсіі. Настаўнік узгадняе з вучнямі правілы паводзінаў і бяспекі падчас перамяшчэння да аб’екта. Для дасягнення месца экскурсіі выкарыстоўваецца грамадскі транспарт.
Перамяшчэнне на грамадскім транспарце праз горад да ўрочышча Курапаты. Яно знаходзіцца непасрэдна за мінскай кальцавой дарогай на поўнач ад цэнтра горада (52-гі км МКАД). Адміністрацыйна Курапаты належаць да тэрыторыі Бараўлянскага сельсавету Мінскага раёна. З Мінску ў Курапаты можна патрапіць ад ДС «Зялёны Луг» (прыпынак аўтобусаў 13, 13д, 24, 87, 109а; тралейбусаў 1, 46, 53), перайшоўшы праз пераход пад МКАД, размешчаны за 500 м на паўночны захад ад дыспетчарскай станцыі; ад выстаўнога цэнтру «Экспабел», які знаходзіцца за 700 м на паўднёвы ўсход ад урочышча; альбо на аўтобусах 109, 109а, 109в (прыпынак «Курапаты») з ДС «Карбышава». Курапаты знаходзяцца прыблізна за 1,2 км на паўночны ўсход ад Цнянскага вадасховішча. Патрапіць ва ўрочышча можна праз адзін з некалькіх падземных пераходаў пад Мінскай кальцавой дарогай.
План экскурсіі
Ажыццяўленне самой вуснай экскурсіі, паводле задумы, разлічана на 1 гадзіну. Дадатковы час патрэбны на выкананне задання і абмеркаванні (каля 30 хв.).Падыходзім з класам да дарожнага знаку, які паказвае з’езд да Курапатаў. (Гл. Дадатак 1)
Дадатак 1. Дарожны знак з’езду да Курапатаў
Настаўнік звяртаецца да вучняў: “Як падказвае гэты дарожны знак, мы з вамі падыходзім да Курапатаў, куды мы скіравалі свой шлях – месца пакутнай смерці бязвінных людзей, якія сталіся ахвярамі палітычных рэпрэсій у 1937–1941 гг. На ўроках мы ўжо закраналі тэму ўсталявання таталітарнай улады Іосіфа Сталіна ў Савецкім Саюзе і на Беларусі ў прыватнасці. Эпоха сталінізму ў СССР, што ахапіла перыяд 30-х – першую палову 50-х гг., мела супярэчлівы характар. Вялікі працоўны энтузіязм народа і яго вера ў Сталіна спалучаліся з умацаваннем таталітарнай сістэмы, зніжэннем вартасці чалавечага жыцця, грубымі парушэннямі правоў чалавека, укараненнем у грамадскім жыцці думкі аб бездакорнасці і беспамылковасці прадстаўнікоў вышэйшай партыйнай і дзяржаўнай эліты. Скажыце, каго імкнуўся знішчыць гэты рэжым і навошта?”
Дзеля разнастайвання дзейнасці вучняў на экскурсіі настаўнік імкнецца не толькі весці аповед, але і стымуляваць вучняў адказваць на пытанні, выказваць свае версіі, разважаць.
“Сапраўды, любы таталітарны рэжым скіраваны на адпаведна татальную нейтралізацыю нязгодных, а таксама тых, хто можа прадстаўляць небяспеку для функцыянавання дзяржаўнай машыны. Рэпрэсіі на Беларусі мелі велізарны маштаб; калі ў 1920 г. насельніцтва Беларусі налічвала 12 мільёнаў чалавек, то ў 1940 г., яшчэ перад вайной, – 9,2 мільёнаў. Куды маглі падзецца 2,8 мільёны, калі папярэдняя тэрыторыя была да таго часу вернутая? Гісторыкі сцвярджаюць, што ад сталінізму пацярпеў кожны чацвёрты беларус. Гэта адбылося яшчэ да нападу нямецка-фашысцкіх войскаў!.. У некаторых выпадках ахвярамі станавіліся і тыя, хто нават тэарэтычна не мог уяўляць небяспекі для савецкай улады. Тым не менш, па нейкіх нечалавечых прычынах органамі НКВД забіваліся простыя людзі, сяляне, рабочыя. Дазвольце вам нагадаць, дарагія вучні, што мы з вамі падыходзім да месца супакою загінулых, таму прашу вас паводзіць сябе годна, прыцішыцца, як таго патрабуе знаходжанне на могілках”.
Апошнім сказам настаўнік рэалізуе ролю арганізатара. Клас рухаецца па падземным танэлі пад шашой. Ля выйсця настаўнік робіць прыпынак і задае пытанне: “Ці можа хто-небудзь выказаць здагадку, што азначае тапанімічнае найменне гэтага месца – “Курапаты”?” Вучні прапануюць варыянты. “Тутэйшыя жыхары распавядалі, што ўвесну ў гэтым лесе цвілі белыя кветачкі – кураслепкі, альбо курапаткі, як іх называюць мясцовым дыялектам. Хто ведаў, што месца з такой вясенняй, светлай назвай стане сімвалам гора цэлага народу... Зараз мы з вамі знаходзімся ля ўскрайку тэрыторыі пахаванняў, якая раней была абнесеная высокім плотам, да якога баяліся набліжацца жыхары суседніх паселішчаў. Сёння з гэтага пункту мы можам азіраць звычайныя жылыя шматпавярховікі, гандлёвы цэнтр, побач імчацца машыны па кальцавой дарозе. Паглядзіце на здымак гэтай мясцовасці са спадарожніка: паабапал дарогі гэты ўзлесак захаваўся, але па баках да яго набліжаюцца гарадскія пасяленні. (Гл. Дадатак 2)
Дадатак 2. Від на ўрочышча са спадарожніка
“Дык вось уявіце, што 60 гадоў таму гэта яшчэ не быў горад Мінск; тут паблізу знаходзіліся толькі вёскі Зялёны Луг, Цна-Ёдкава, Падбалоцце, Драздова. А тут знаходзіўся лясочак сярод палёў. Таму ён і называецца ўрочышчам. Ці ведае хто з курса геаграфіі, што азначае панятак “урочышча”?”
Гэтае пытанне скіравана на ўсталяванне міжпрадметных сувязяў; спрабуем прыйсці да слушнага адказу.
Выкарыстоўваючы маторны метад, настаўнік прыпыняе клас ля падножжа ўзгорку, дзе пачынаецца сцяжына з крыжамі паабапал; тут ствараецца асаблівае метафарычнае ўражанне крыжовага шляху загінулых у Курапатах. “Давайце развернемся цяпер углыб ляснога ўскрайку. Не можа не ўражваць велізарная колькасць крыжоў, што стаяць паабапал крутой сцежкі, што імкне да вяршыні ўзгорка. Гэтыя крыжы ўсталяваныя беларусамі і грамадзянамі іншых краін: простымі людзьмі, якія згубілі тут сваякоў або адчуваюць гэты супольны боль. Некаторыя неслі сюды гэтыя нялёгкія драўляныя крыжы на ўласных плячах падчас штогадовага жалобнага шэсця “Дзяды”. Пакуль тут няма пастаяннага, велічнага, канцэптуальнага мемарыялу, які нагадваў бы людзям пра страх таталітарызму, яго замяняе паўсталы народны мемарыял – мноства крыжоў, якіх становіцца штогод болей і болей”.
Зварот да вучняў: “Колькі крыжоў вы бачыце адсюль, з гэтай кропкі? (абмеркаванне) Але і іх колькасць не параўнаецца з колькасцю забітых тут”.
Настаўнік падводзіць вучняў да крыжоў і памятных знакаў на пачатку сцяжыны, зачытвае надпісы на іх. “Першыя крыжы і памятныя знакі пачалі з’яўляцца тут толькі ў 1988 годзе. Да таго часу тут устройваліся пікнікі, мінчукі спявалі пад гэтымі соснамі песні, весяліліся, не здагадваючыся, што навокал знаходзяцца брацкія магілы. Пра жахлівую гісторыю гэтага месца нагадвалі толькі ўпадзіны, раскіданыя навокал – гэта праваленыя магілы памерам 2x3; 3x3; 4x4; 6x8 метраў і больш. Даведацца праўду дапамаглі старажылы з навакольных вёсак, якія і паведамілі даследчыкам, што з 1937 года тут фактычна штодня чуліся стрэлы і енкі людзей. Дзеці, калі распаўся Савецкі саюз?”
Вучні адказваюць. “Так, і гэта азначае, што ў канцы васьмідзесятых старэйшыя жыхары вёсак яшчэ вельмі баяліся сведчыць пра Курапаты, асцерагаючыся помсты з боку ўладаў. Тым не меней, удалося сабраць некаторыя вельмі каштоўныя звесткі, апытаўшы каля 200 відавочцаў. Паводле іх словаў сталася магчымым узнавіць карціну злачынстваў. Расстрэлы адбываліся тройчы ў дзень. Людзей прывозілі сюды ў некалькіх машынах па дарозе, якую называлі “дарогай смерці”. Глыбокія ямы выкопвалі загадзя, зранку. Партыю людзей ставілі ў шэраг на краі рову, затыкалі рот коркам і завязвалі рот анучай. Забойцы, як распавядаюць відавочцы, былі апранутыя ў форму НКУС. Часам яны стралялі збоку ў галаву крайняга, каб прашыць куляй двух адразу, бо шкадавалі патронаў. Забітыя падалі ў яміну, і калі там станавілася поўна целаў, гэты штабель прысыпалі пяском і падводзілі наступную партыю людзей. Так роў запаўнялі даверху, прысыпалі слоем пяску ў 20–25 сантыметраў, часам зверху саджалі сасну. Такіх ямаў-магілаў у Курапатах, тэрыторыя якіх складае каля 30 гектараў, знойдзена болей за 500. Паглядзіце на гэтую карту размяшчэння пахаванняў. Як бачыце, яны рассыпаны не толькі з гэтага боку, але і нават праз дарогу, такая значная тэрыторыя гэта была”.
Настаўнік паказвае дзецям карту, чым узбагачае разнастайнасць нагляднасцяў. (Гл. Дадатак 3)
Дадатак 3. Карта пахаванняў у Курапатах
“Ці можаце вы прыкладна падлічыць, колькі тут было расстраляна людзей, калі іх вазілі некалькімі машынамі 2–3 разы на дзень цягам пяці гадоў?” Вучні спрабуюць падлічыць, выказваюць версіі.
“Гэта няпростая задача, і навукоўцы дагэтуль спрэчацца адносна колькасці ахвяраў у Курапатах, паколькі яны не валодаюць пакуль дакументамі НКУС, што датычаць пакараных смерцю ў курапацкім лесе. Паводле версіяў экспертаў, колькасць забітых тут складае ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек. Удумайцеся ў гэтыя лічбы. Для параўнання: у горадзе Крычаве жыве каля 30 тысяч чалавек, таму гэта быццам забіць цэлы раённы цэнтр, альбо нават некалькі такіх гарадоў”.
“Давайце рушым ўверх па алеі крыжоў. Дарэчы, гэтая пасека, вольная дарога сярод дрэў, з’явілася раптоўна. Акурат у той час, калі планаваліся першыя археалагічныя раскопкі ў Курапатах, гарадскія ўлады пачалі пракладанне калектару менавіта праз гэтую мясціну. Цалкам магчыма, што частка парэшткаў целаў была эксгумаваная падчас пракладання газавай трубы. Таксама ёсць сведчанні, што адразу пасля вайны тут адбывалася мэтанакіраваная эксгумацыя парэшткаў. У 1957 годзе збоку ад Курапатаў правялі кальцавую дарогу, што, канешне, невыпадкова, паколькі падчас пракладання нейкую частку магілаў выкапалі і звезлі. Камуністычны рэжым спрабаваў замесці сляды велізарнага злачынства”.
“Скажыце, ці практыкавалі расстрэлы мірных жыхароў фашысцкія захопнікі падчас акупацыі Мінска? Так, безумоўна, такія зверствы адбываліся. Але чаму экспертызы не даказалі версіі пра тое, што расстрэлы ў Курапатах ажыццяўляліся немцамі?” Спрабуем разам наладзіць невялікую дыскусію.
“Сапраўды, як вы ўжо заўважылі з аповеду, паводле сцверджанняў сведкаў, забойцы насілі форму супрацоўнікаў НКУС, а расстрэлы спыніліся ў 1941 годзе, акурат з пачаткам Вялікай айчыннай вайны, калі немцы яшчэ нават не паспелі заняць сталіцу Беларусі”.
Падыходзячы да вяршыні урочышча, працягнем пра сведчанні жыхароў. “Адзін са старажылаў вёскі Цна распавядаў, што ўсе тыя пяць гадоў няможна было спаць ад гуку стрэлаў. Жанчыны сталага веку, распавядаючы пра пачуццё жаху ў той час, часта не маглі стрымаць слёз. А з наступленнем вайны, калі ў Курапаты перасталі вазіць людзей, сяляне разабралі і расцягнулі высокі плот; тады ім адкрылася тэрыторыя забойстваў”.
“Як мы з вамі казалі ў пачатку экскурсіі, часта ахвярамі сталінізму станавіліся не толькі прадстаўнікі нацыянальнай эліты, партыйнай наменклатуры, але й простыя сяляне і рабочыя. З навакольных да Курапатаў вёсак таксама забіралі людзей, якіх забіраць у прынцыпе не было за што. Меркаванне, да якога схіляюцца гісторыкі, адносна прычыны такіх бязглуздых учынкаў – гэта жаданне выканаць і перавыканаць план па “выяўленні і вынішчэнні ворагаў народа”. Прыкладна такое, як жаданне перавыканаць эканамічны план па вытворчасці на пяцігодку...Скажыце, а для чаго савецкая ўлада выкарыстоўвала цэлую армію палітычных вязняў?”
Дзеці прапануюць свае версіі. “Так, як нам вядома, па ўсёй савецкай краіне былі раскіданыя сеткі працоўных лагероў, у якіх выкарыстоўвалася працоўная сіла ссыльных. З прагматычнага пункту погляду можа паўстаць пытанне: навошта было забіваць тысячамі і сотнямі тысяч працаздольных мужчын і жанчын, калі іх можна было прымусіць працаваць на развіццё інфраструктуры СССР? Справа ў тым, што ў 30-х гадах у Саюзе пачаўся сапраўдны непераадольны голад, а вялікую колькасць арыштаваных неабходна было карміць хаця б для падтрымання іх жыцця. Каб паменшыць колькасць “ротаў”, пачалі шырока прымяняць лагерную сістэму забойства людзей на этапах у дарозе, марэнне марозам і голадам. У знішчэнні народаў быў прыменены планавы «прагрэсіўны» метад. На кожны горад, раён і г.д. выдавалася «разнарядка». Рэпрэсіі адбываліся па графіку. Узнік «рух» за выкананне і перавыкананне плана рэпрэсій (выяўлення «ворагаў народа»). Колькасць індывідуальна выяўленых «ворагаў» паведамлялася ў справаздачах, выступленнях, газетах. Калі ж план не выконваўся, а быў канец планавага перыяду, бралі любога. Тады й гойсалі «чорныя вораны» па вёсках. Кіравалі карнымі органамі НКУС – АДПУ на тэрыторыі БССР і з’яўляліся галоўнымі арганізатарамі рэпрэсій супраць беларускага народа Берман, Цанава, Наседкін, Рапапорт”.
“Пасля збору сведчанняў у жыхароў (нагадаю, гэта быў 1988 г.), энтузіясты расследавання забойстваў у Курапатах Зянон Пазняк і Яўген Шмыгалёў фактычна сваімі сіламі арганізавалі археалагічныя раскопкі, якія прынеслі Беларусі і свету неабвяргальныя доказы масавых рэпрэсій беларусаў і іншых грамадзян у Курапатах цягам 1937–1941 гг.: была здзейсненая выбарная эксгумацыя пахаванняў, у выніку якой былі выяўленыя чалавечыя парэшткі – 313 чэрапаў, косці шкілетаў. На 277 чарапах і іх фрагментах былі выяўленыя сляды ад агнястрэльных пашкоджанняў. Былі адшуканыя 177 гільзаў і 28 куль, што былі выпушчаныя, як выявілася ў выніку даследаванняў, са штатнай зброі супрацоўнікаў НКУС. Сярод знойдзеных прыватных рэчаў ахвяр былі грабянцы, зубныя шчоткі, мыльніцы, кашалькі, абутак, рэшткі вопраткі і іншае. Паглядзіце, калі ласка, на гэтыя здымкі: гэта фатаграфіі і стоп-кадры з фільма “Дарога на Курапаты”. Гэта кадр з раскопак – чалавечыя парэшткі, гэта знойдзеныя расстрэльныя гільзы, а на гэтых здымках вы бачыце гузікі, грабенчыкі, заручальныя пярсцёнкі спачылых у гэтых ямах. На пярсцёнку пазначаная дата – 2.1.1935, напэўна, гэта дзень шлюбу яго гаспадара”. (Гл. Дадатак 4)
2А
2 Б
2 В
2 Г
2 Д
Дадатак 4. Здымкі з раскопак: парэшткі людзей (А), страляныя гільзы (Б),
асабістыя рэчы (В, Г, Д)
“Адкуль у асуджаных на смерць асабістыя рэчы, навошта ім было браць з сабой кубачкі, манеты, шчоткі, харчовыя прыпасы, як вы думаеце?” Вучні прапануюць версіі. “Хутчэй за ўсё, людзей забіралі з дому раптоўна, а тыя не ведалі, што іх вязуць не ў турму, а на расстрэл. Забойствы адбываліся без суду і следства, а ці існуюць нейкія дакументы, у якіх зафіксаваныя імёны расстрэляных – невядома. Напэўна, што яны былі знішчаны, калі існавалі навогул”.
“Перад тым, як вы пачнеце выконваць заданне, я хачу распавесці пра мемарыяльныя знакі, якія вы бачыце навокал. Чаму ж тут няма велічнага знаку памяці пра злачынствы, помніка, што ўражваў бы кожнага наведвальніка і прымушаў задумацца аб жудасці сталінізму? Яшчэ ў 1989 г. Саветам Міністраў БССР на падставе заключаных урадавай камісіі высноваў аб фактах масавых расстрэлаў людзей ва ўрочышчы пад Мінскам была прынятая пастанова, якая прадугледжвала правядзенне адкрытага конкурсу на праектаванне помніка ахвярам масавых рэпрэсіяў у Курапатах і яго ўсталяванне. Выдавецтву «Беларуская савецкая энцыклапедыя» было рэкамэндавана падрыхтаваць адмысловае выданне, прысвечанае ахвярам сталінізму, а прэзідыуму Акадэміі навук БССР арганізаваць «усебаковае вывучэнне прычынаў і наступстваў масавых рэпрэсіяў». Аднак ніводнае з палажэнняў пастановы Савета Міністраў БССР па стане на 2010 год выкананае не было. У 1993 г. Курапаты былі занесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь як «месца знішчэння ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 30—40-х гадоў XX стагоддзя» і помнік гісторыі міжнароднага значэння. У 1994 г. урочышча наведаў прэзідэнт ЗША Біл Клінтан і падараваў мемарыяльны знак «Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці» — гранітную лаву, якая пазней атрымала назву «лава Клінтана». Помнік неаднакроць разбіваўся невядомымі вандаламі, але кожнага разу аднаўляўся наноў. Тут мы бачым яго і сёння. Таксама Курапаты наведаў прэзідэнт Польшчы Лех Валэнса. Афіцыйныя прадстаўнікі дзяржаўнай улады ў Беларусі, як ні парадаксальна, не наведваюць мемарыял, каб усталяваць новы сімвалічны крыж альбо прынамсі ўскласці кветкі. Вось тут вы бачыце каплічку, зробленую паводле эскіза Аляксея Марачкіна, з рэпрадуцыяй “Маці Божай Курапацкай усіх нявінна расстраляных”. Таксама тут знаходзіцца памятны знак ад беларускіх габрэяў ахвярам сталінізму. Гэты мемарыяльны знак выраблены з каменя, які калісьці быў часткай помніка Сталіну ў Мінску”.
“Аднак Курапаты – гэта не адзінае месца, дзе стралялі без суду і следства. Толькі ў ваколіцах Мінска выяўлена шэсць такіх месцаў, і даследаванні іх яшчэ не адбываліся ў поўнай меры”. (Гл. Дадатак 5)
Дадатак 5. Карта расстрэлаў у Мінску
“Расследаванне злачынстваў камунізму на Беларусі яшчэ чакае сваёй чаргі, і цяпер ужо на маладое пакаленне кладзецца адказнасць правесці іх, апраўдаць бязвінных, узнавіць справядлівасць”.
“Цяпер, шаноўныя вучні, калі вы даведаліся пра патаемную жахлівую гісторыю гэтага жывапіснага ўзлеску, я папрашу вас прыступіць да выканання заданняў, якія мы абмяркоўвалі раней. Як вы бачыце, вакол стаіць мноства крыжоў, частка з іх з імёнамі – некаторыя людзі ўсталёўвалі тут сімвалічныя помнікі сваякам. Калі ласка, прайдзіце моўчкі ўздоўж іх, пачытайце надпісы, разгледзьце дэталі, унурыцеся ў трагічную гісторыю. Зафіксуйце на фотакамеру тыя віды і рэчы, якія вам уявяцца важнымі”.
Настаўнік дае навучэнцам 15 хвілін на разгляд мемарыялу. Пасля гэтага адказвае на пытанні. На заканчэнне экскурсіі дзеці разам з настаўнікам запальваюць свечкі і знічы ў памяць ахвяраў таталітарызму.
Па выкананні плана экскурсіі ўсе збіраюцца і арганізавана адпраўляюцца назад да школы пад прыглядам настаўніка.
1.3.3. Заключны этап. Падвядзенне вынікаў экскурсіі і апрацоўка атрыманага матэрыялу
Пасля правядзення ўрока-экскурсіі настаўніку неабходна скласці дакументацыю, пазначыць мэты і вынікі экскурсіі ў журнале. Таксама неабходна адзначыць для сябе адпаведнасць пастаўленых задач атрыманым вынікам. Паводле задумы, праз ажыццяўленне прынцыпа нагляднасці навучання вучні павінны былі больш эфектыўна засвоіць навучальную тэму. Настаўнік намагаўся выкарыстоўваць не толькі аповед, але і вар’іраваць спосабы арганізацыі навучальнай дзейнасці: задаваць пытанні, дыскутаваць, дэманстраваць. Праз маторны метад настаўнік апераваў візуальнымі ўражаннямі вучняў; былі здзейсненыя ўсталяванні міжпрадметных сувязяў, зварот да ранейшых тэмаў і ведаў па курсе гісторыі, прынцып нагляднасці ўзбагачаўся дадатковымі выявамі і фотаздымкамі. Акрамя навучальных, былі выкананыя і выхаваўчыя задачы: настаўнік апеляваў да пачуццяў справядлівасці, сумлення, адказнасці, патрыятызму ў вучняў, яны мацней адчувалі сваю нацыянальную ідэнтычнасць, што з’яўляецца немалаважнай задачай для настаўніка айчыннай гісторыі. Дзеці былі ўзрушаныя рытуальным дзеяннем ускладання кветак і запальвання знічоў; з энтузіязмам узяліся за выкананне задання.
На наступным уроку гісторыі вучні мусяць прадставіць вынікі задання ў мікрагрупе падчас спецыяльна адведзенай для гэтага прэзентацыі. Для паказу лепшых фотаздымкаў спатрэбіцца медыя-забеспячэнне (кампутар, праектар). Вучні апавядаюць пра тое, што ім найбольш запомнілася падчас экскурсіі, а настаўнік прывязвае іх уражанні да агульнагістарычнага кантэксту, дапамагаючы вучням найбольш поўна ўспрыняць матэрыял па прадмеце. Выстаўляюцца адзнакі аўтарам лепшых выступленняў.
-----------------
[1] Историческое краеведение Белоруссии: Учеб. пособие для студентов ист. фак. высш. учеб. заведений респ. / ВАГАНОВА, А.Н., ЗАГОРУЛЬСКИЙ [ и др.] – Мн.: Изд-во БГУ им.В.И.Ленина, 1980. С. 53
[2] РОДИН, А. Ф. Экскурсионная работа по истории. (Пособие для учителей) – М.: Просвещение, 1974. С.10schemas-microsoft-com:office:office” />