Пастанова Асамблеі ТБШ і Нацыянальнай канферэнцыі «Пострэформавы стан беларускай адукацыі»

05.10.2011

У Мінску 24 верасня адбылася VІІІ справаздачна-выбарная асамблея Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай школы» і нацыянальная канферэнцыя «Пострэформавы стан беларускай адукацыі». У іх прынялі ўдзел педагогі і бацькі дзяцей з розных адукацыйных устаноў Беларусі. Асноўны даклад зрабіў старшыня РГА «ТБШ» Алесь Лозка. Трывожныя ноткі ў стане адукацыі гучалі ў выступленнях Віталя Гарановіч з Глыбокага, Аляксея Пяткевіча і Таццяны Канопкінай з Гародні, Лявона Анацькі з Ліды, Зміцера Салаўёва з Магілёва, Вінцука Вячоркі, Тамары Мацкевіч, Аляксея Рагулі, Пятра Садоўскага, Алеся Сядзякі з Мінска і інш.

Кіраўнікамі аб’яднання былі абраны Алесь Лозка (старшыня), Тамара Мацкевіч і Алесь Сядзяка (намеснікі), а таксама канцылярыя, метадычная і рэвізійная камісіі. У раду ТБШ увайшлі Яўген Адамовіч, Лявон Баршчэўскі, Уладзімір Дзіско, Аляксандр Казулін, Аляксей Рагуля, Арсень Ліс (Мінск); Рэгіна Сімакова (Брэст), Таццяна Канопкіна і Аляксей Пяткевіч (Гародня), Анатоль Крупа і Галіна Альшэўская (Лідчына), Зміцер Салаўёў (Магілёў).

ПАСТАНОВА
Асамблеі ТБШ і Нацыянальнай канферэнцыі
«Пострэформавы стан беларускай адукацыі»

Прааналізаваўшы стан навучання і выхавання ў перыяд так званай школьнай рэформы, Асамблея Таварыства беларускай школы і ўдзельнікі Нацыянальнай канферэнцыі канстатуюць глыбокі крызіс, які вядзе беларускую адукацыю да немінучай катастрофы.

Перадумовы крызісу наступныя:

• Рэформа адукацыі праводзіцца паспешліва, у якасці асноўнага абраны памылковы прынцып “выроўнівання” коштам профільнасці, паглыбленасці, варыятыўнасці вучэбных праграмаў, павышэння ролі замежных моваў, развіцця эстэтычнага і гуманістычнага кірункаў.

• Нестабільнасць нарматыўнага забеспячэння вучэбнага працэсу, частая змена асноўных дакументаў вядзе да зрыву рытму навучання, бюракратызуе працу і выклікае псіхалагічную перагрузку педагогаў.

• Ігнараванне праблем школьніц-тва, скарачэнне бюджэтных сродкаў на адукацыю, стаўленне да педагога як да ідэалагічнага прыдатку дзяржавы, аднясенне ў разрад нізкааплатных прыводзіць да страты аўтарытэту настаўніка ў грамадстве, падрывае прэстыж прафесіі.

• Раўнанне на савецкую школу, занядбанне еўрапейскіх і нацыянальных адукацыйных ідэалаў, традыцыяў і набыткаў, штучнае стрымліванне развіцця сеткі школаў з беларускай мовай навучання і грамадзянскага выхавання на аснове нацыянальна-патрыятычнага складніка не дае школе мачгымасці адпавядаць выклікам часу праз узгадаванне адказных, кампетэнтных, сучасна адукаваных і патрыятычна настроеных грамадзянаў. Гэта непазбежна вядзе да напружання ў грамадстве, да палітычнай і эканамічнай нестабільнасці, да масавай эміграцыі моладзі.

• Недалучэнне да Балонскага працэсу і непрыняцце еўрапейскіх стандартаў у адукацыі спараджае недавер да айчыннага навучання, псуе імідж краіны за мяжою.

Крызісны стан беларускай адукацыі характарызуецца наступнымі чыннікамі:

• крытычна нізкі ўзровень агульнай падрыхтаванасці выпускнікоў (ва ўніверсітэты, у тым ліку педагагічнага цыклу, прымаюцца абітурыенты з нездавальняльнымі паказчыкамі элементарнай арфаграфічнай і матэматычнай адукаванасці, што асабліва недапушчальна для будучага настаўніка-спецыяліста);

• у апошнія гады ў ВНУ застаецца шмат незапоўненых месцаў як на платныя, так і на бюджэтныя месцы, асабліва па спецыяльнасцях педагагічнага кірунку; пераважная большасць выпускнікоў педагагічных універсітэтаў не жадае працаваць па размеркаванні; школу пакідаюць найлепшыя спецыялісты, мужчыны-педагогі;

• працоўная дзейнасць у адукацыйных установах несправядліва аднесеная да нізкааплатных катэгорыяў; няма сістэмнасці ў вызначэнні акладаў, даплатаў і прэміяў; дыскрымінацыйнае стаўленне да педагагічнай працы выяўляецца ў налічэнні пенсіі (так, дзяржаўным чыноўнікам і службоўцам сілавых структураў пенсія налічваецца ў памеры 70 – 75% ад сярэдняга заробку, астатнім – 45%, а педагогу – 30%);

• педагог адукацыйнай установы (ад дашкольнай да вышэйшай) загружаны папяровай працай, ад яго патрабуюць дадатковай прымусовай працы ў выбарчых кампаніях, гаспадарчых ды іншых работах, далёкіх ад ягоных прафесійных абавязкаў, а часта і перакананняў;

• да педагогаў прымаюцца грубыя меры ідэалагічнага прымусу ў форме маральных і адміністрацыйных уздзеянняў і пакаранняў; нават лепшых студэнтаў, настаўнікаў і выкладчыкаў звальняюць за грамадскую і палітычную дзейнасьць, якая ажыццяўляецца ў непрацоўны і невучэбны час, пераследуюць судом, штрафамі, зняволеннем;

• штогод нямала творчых і навукова падрыхтаваных людзей пакідаюць Радзіму, шукаючы самарэалізацыі за мяжою; гвалтам зачыняюцца і выцясняюцца за мяжу цэлыя ўстановы з еўрапейскімі традыцыямі (Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт – у Вільню, Беларускі гуманітарны ліцэй – у Гданьск);

• пад скарачэнне патрапляюць найперш культура- і нацыятворчыя дысцыпліны гуманістычнага і эстэтычнага профілю (музыка, выяўленчае мастацтва, гісторыя Беларусі, этнафальклорны комплекс; “Беларусазнаўства”, “Айчынная і сусветная культура”), якія ў адукацыйнай сістэме іншых краінаў маюць ключавыя пазіцыі;

• ігнаруюцца метадычныя патрэбы беларускамоўных школаў, а менавіта не выпускаюцца ў тэрмін па-беларуску дапаможнікі, атласы, працоўныя сшыткі, матэрыялы для вывучэння замежных моваў і г.д., што вядзе да вымушанага парушэння адзінага моўна-арфаграфічнага рэжыму ў такіх школах і да пачуцця дыскрымінаванасці ў вучняў;

• дырэктыўныя органы адукацыі вярнуліся да дыскрымінацыйнай трактоўкі беларускай культуры і мовы як другасных, што праяўляецца ў масавай практыцы рыхтавання падручнікаў па-руску і наступнага няякаснага перакладу іх на беларускую мову, ва ўключэнні сусветнай літаратуры ў курс рускай літаратуры і г.д.;

• робіцца імітацыя развіцця ўстановаў з беларускай мовай навучання; планы мерапрыемстваў па пашырэнні сферы выкарыстання роднай мовы з году ў год не выконваюцца; замоўчваецца і засакрэчваецца інфармацыя пра закрыццё беларускамоўных установаў і зніжэнне колькасці навучэнцаў, што атрымліваюць адукацыю па-беларуску; не ствараюцца стымулы для вывучэння і выкарыстання дзяржаўнай мовы.

Зыходзячы з выкладзенага вышэй, Асамблея ТБШ і ўдзельнікі Нацыянальнай канферэнцыі:

І. Ухваляюць дзейнасць Таварыства беларускай школы, скіраваную на:

• падтрымку, інфармаванне, кансалідацыю, самаарганізацыю творчых і нацыянальна зарыентаваных педагогаў, бацькоў, навучэнцаў;

• забеспячэнне метадычных патрэбаў беларускіх школаў, якіх не здолела выканаць дзяржава.

ІІ. Патрабуюць ад дзяржаўных, у тым ліку адукацыйных, структураў:

• спыніць матэрыяльную дыскрымінацыю адукацыйнай галіны, забяспечыць ёй годнае фінансаванне, а педагогам – заробкі і пенсіі, вышэйшыя за сярэднія па краіне;

• спыніць паборы ад бацькоў і прымусовую працу настаўнікаў, вызваліць іх ад прымусовага выканання палітычных паслугаў;

• спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць педагогаў і навучэнцаў, адмяніць рэпрэсіўныя рашэнні, вярнуць на працу і вучобу звольненых і выключаных па палітычных матывах;

• публічна, з удзелам грамадскасці і незалежных экспертаў, прааналізаваць хаду і наступствы адукацыйнай рэформы;

• спыніць дэгуманізацыю і дэбеларусізацыю зместу школьнай адукацыі;

• вярнуць у школьныя праграмы прадметы гуманітарнага цыклу, выкрасленыя адтуль у выніку рэформы;

• забяспечыць рэальнае раўнапраўе школаў з беларускай і рускай мовамі навучання і бесперашкодную магчымасць школьнага навучання па-беларуску ў любым паселішчы і раёне;


• перайсці да практыкі першаснага напісання падручнікаў і дапаможнікаў па-беларуску, не дапускаць адсутнасці беларускамоўных дапаможнікаў пры наяўнасці рускамоўных;

• забяспечыць пераемнасць адукацыйнага працэсу для беларускамоўных школаў праз стварэнне беларускамоўных плыняў на ўсіх універсітэцкіх спецыяльнасцях краіны;

• вярнуць краіну ў агульнаеў-рапейскую адукацыйную прастору праз далучэнне да Балонскага працэсу і забеспячэнне акадэмічных свабодаў.

ІІІ. Даручаюць Таварыству беларускай школы:

• пачаць стварэнне механізму юрыдычнай дапамогі педагогам пры адстойванні іхніх прафесійных і працоўных правоў;

• стварыць Метадычную камісію (раду) ТБШ для грамадскага маніторынгу метадычнага забеспячэння школаў;

• склікаць Усебеларускі бацькоўскі сход.

24 верасня 2011 г. Мінск