Зачынена адзіная беларускамоўная газета для дзяцей

12.10.2011

Газеты «Раніца» з кастрычніка больш няма

«Раніца», — гэта тыднёвая газета для падлеткаў, адзінае беларускамоўнае выданне такога кшталту.



Дачка Вінцука Вячоркі выпісвала газету два гады, расказвае ён у сваім блогу. Падпісаўшыся на «Раніцу», мы заадно куплялі індульгенцыю ад абавязковае падпіскі на расейскамоўнага «Юного спасателя», да якой змушаюць у школах.

«І вось я падаю ў паштовае акенца паперку з нумарам паштовага індэксу «Раніцы», — расказвае ён. — Паштарка рыецца ў камп’ютары і кажа: такога індэксу няма. Паказваю іхны ж каталог: а ёсць. Яна да начальніцы. У выніку доўгага высвятлення заяўляюць мне, што з кастрычніка газэта закрытая.

Званок калегаў з Таварыства беларускай школы ў рэдакцыю «Настаўніцкай газеты», выдаўца «Раніцы», быў надзвычай выніковы. Там патлумачылі, што апошнюю закрываюць з прычыны… эканамічнага крызісу!

Што праўда, нейкія матэрыялы былой «Раніцы» нібыта будуць уключацца ў расейскамоўную газэту «Переходный возраст». Якую, нягледзячы на крызіс, і надалей можна будзе асобна выпісваць. З каталога на 2-е паўгоддзе 2011 года, што вісіць на сайце «Белпошты», вынікае, што «Раніца» цяпер будзе шкадобы вартым дадаткам да «Настаўніцкай газеты» (укладкаю?), выпісаць яе можна толькі так — у складзе «Настаўніцкай», гэта ў пяць разоў даражэй.

«Узнікае заканамернае пытанне, чаму з прычыны крызісу не закрываюць той самы «Переходный возраст», «Юного спасателя» або, страшна сказаць, саму «Советскую Белоруссию» ці там «Рэспубліку», а сама лепш — БТ?
Павінна ж атрымацца значна большая эканомія, чым ад спынення «Раніцы» з яе невялікім накладам», — рытарычна пытаецца Вячорка.

«Раніца» выходзіла пачынаючы з 1929 году. 82 гады, не зважаючы на войны, крызісы, змены ўлады. Раней яна называлася «Піянер Беларусі», але заўжды была беларускамоўнай.
Натуральна, у часы развіцця інтэрнэту газета магла б набываць новыя формы, развіваць сваю інтэрнэт-старонку, асвойваць відэа- і аўдыяфарматы. Аднак не зачыняць жа выданне.

Увогуле, у краіне створаны ўсе ўмовы для таго, каб новае пакаленне дзяцей ўвогуле нідзе не бачыла і не чула беларускай мовы, акрамя дома і ўрокаў па прадмеце: мультыкі на беларускую мову не агучваюцца, найлепшыя белмоўныя спевакі пад забаронай.

«А як выказваць салідарнасць рэдакцыі «Раніцы» з ейным пакорлівым маўчаннем ягнятаў, дык і не ведаю», — з горыччу дадае Вячорка.

Апошнія матэрыялы на сайце «Раніцы» датуюцца 22 верасня. R.I.P.

Мікола Бугай, Наша Ніва, інф. Viacorka.livejournal.com