Гэты ананімны верш перадалі ў рэдакцыю «Нашай Нівы» настаўнікі адной са школ. «Запавету настаўніка», выкананаму ў добрых традыцыях ананімнага беларускага твора, ужо гадоў з 30, як не больш – чытачы ўдакладняюць, што яшчэ ў далёкія 80-я яго прывозілі з настаўніцкіх курсаў і дэкламавалі ў сяброўскіх кампаніях.
Як памру, то пахавайце
Мяне каля школы.
На педсавеце не карайце
Больш мяне ніколі.
На вянок мне не марнуйце
Ні грошай, ні часу,
Бо я знаю, што настаўнік
Не мае запасу.
На магілцы пасадзіце
Якіх-небудзь кветак,
Ў дамавіну пакладзіце
План самаасветы.
Каб усё было са мною:
канспекты, праграмы.
Не забудзьце ў рукі даць мне
Рабочыя планы.
Перад тым, як забіваці
Дамавіны крышку,
Пакладзіце пад падушку
Цікавую кніжку.
Бо калі абрыдне ўрэшце
Проста так ляжаці,
Можа там хоць, на свабодзе,
Змагу прачытаці.
Плача завуч над труною:
«Ой, чаю мой, чаю!
Кім жа я твае ўрокі
Замяніці маю?»
А дырэктар нахіліўся,
Шэпча: «От, марока!
Што памёр ты — чорт з табою,
Калі б не ўрокі».
А яшчэ прашу, сябры, вас,
Як будзе зарплата,
Вы кульніце на ўсе грошы —
Памяніце брата.
А прафкаму перадайце:
На той свет сабраўся,
А пуцёўкі ў санаторый
І не дачакаўся.
І начальству перадайце
Вы шчырае «дзякуй!».
Хай цяпер мяне цалуе
У самую…
З пошты рэдакцыі «Нашай Нівы»
Запавет настаўніка
13.10.2011