Эпізоднік дзіцячага каляднага канцэрта

13.12.2011

Алёна Беланожка

Калядныя матывы,
альбо гісторыя аб тым, як музыка свята выратавала 

Дзеючыя асобы:

Шчодрык (носьбіт святочных жартаў і весялосці, увасабленне Шчодрага вечара);
Каза (нацыянальны сімвал урадлівасці і дабрабыту);
Музыка (музыкант, увасабленне ачышчальнае сілы музыкі);
Канямура (адмоўна-камічны персанаж);
Анчутка (адмоўна-камічны персанаж);
Ян Сякерка (кіраўнік вячорак);
Пан Фіндэперс (распарадчык балю);
Дзед Мароз.

Ключавы сімвал мерапрыемства – Калядная зорка. 





Спампаваць адным файлам (doc 180 Kb) 

1.Пралог

На экране – аніміраваны (маляваны) расповед аб Калядах і калядным гурце, які ходзіць па дварах, прыносячы ў дом шчасце, спакой і дабрабыт на цэлы год. (1 – 1,5 хв)
- Нумар (“Прывітальная” альбо “Калядная”, масавы нумар, каб праз іх вывесці на сцэну калядны гурт).
(На экране задзейнічаныя сімвалы Казы, песні, Каляднай Зоркі і Калядаў)*

2. На сцэне з’яўляецца калядны гурт – Каза, Шчодрык з Каляднай зоркай у руках і Музыка з гармонікам. Яны вітаюць прысутных, віншуюць іх з Калядамі і гавораць аб абрадзе калядавання і аб тым, што сёння Каза прынясе ўсім удачу і шчасце. Пачынаецца каляднае свята.
(На экране задзейнічаныя сімвалы Казы, песні, Каляднай Зоркі і Калядаў.)*

3. На экране – аніміраваны (маляваны) расповед аб тым, хто такія Канямура і Анчутка, адкуль з’явіліся. (1 хв)
- Нумар (альбо харэаграфічная замалёўка, альбо музычная, але каб па настроі адпавядала духу адмоўна-камічных персанажаў).

4. На сцэне з’яўляюцца Канямура і Анчутка, яны дамаўляюцца паміж сабой аб тым, што ім трэба тэрмінова скрасці Казу, каб хадзіць з ёй па ўсіх дамах і накалядаваць розных прысмакаў і дабра.
Тым часам, каляднае гулянне працягваецца.

5. Канямура і Анчутка падманьваюць Казу “хлебнай скарынкай ды сакавітай лазінкай”, накідваюць на яе мех і зносяць, а каб Шчодрык і Музыка іх не знайшлі, пераблытваюць сцежкі-дарожкі.

6. Шчодрык і Музыка пачынаюць шукаць Козачку. Каб разблытаць дарожкі, яны вырашаюць выкарыстаць наймацнейшы магічны сродак – музыку.
Дарожкі разблытваюцца, Шчодрык і Музыка бягуць па слядах нячысцікаў.
(На экране задзейнічаны сімвал песні.)*

7. Аніміраваны (маляваны) расповед аб вясковых вячорках (30–40 секунд)
Вячоркі праводзіць Ян Сякерка.
- Інсцэніроўка ВАРОЖБАЎ (харэаграфічная, з выкарыстаннем розных прыладаў для варожбаў – чаравіка, рэшата з жытам і г.д.
(На экране задзейнічаныя сімвалы хаты, куцці, варажбы.)*

8. Канямура і Анчутка прыводзяць на вячоркі Казу і прыкідваюцца калядным гуртам. У час гульні Каза падае і не ўстае. Усе прысутныя выкрываюць злодзеяў (зорачкі няма, музыкі няма, Козачка не ўстае). Тыя чуюць лейтматыўную музыку (набліжаюцца Шчодрык і Музыка) і хуценька знікаюць, прыхапіўшы Казу з сабою, а каб іх не знайшлі па слядах, выклікаюць завіруху, каб замесці дарожкі снегам. Усе гоняцца за імі.
(На экране калейдаскоп са сняжынак.)*

9. Шчодрык і Музыка патрапляюць на вячоркі, дазнаюцца, што Анчутка і Канямура павалаклі Козачку далей, і з дапамогай музыкі вырашаюць спыніць завіруху.
Завіруха спыняецца, неба становіцца чыстым, але сляды ўжо нельга знайсці, і таму героі вырашаюць шукаць дарогу па зорачках.
(На экране – калейдаскоп з зорачак*, яны выбудоўваюцца ў Чумацкі шлях, у дарогу, якая павядзе герояў далей.)

10. Аніміраваны (маляваны) расповед аб шляхецкім балі (30–40 секунд)
Распарадчык балю – Пан Фіндэперс.
ідзе класічны блок:
- нумар,
- нумар,
- нумар.
(На экране – сімвалы дабра і Каляд.)*

11. Канямура і Анчутка прыходзяць на шляхецкі баль з самаробнай, дужа непрыгожай зоркай на мятле і вялікім барабанам. Козачка ізноў падае і не ўстае. Злодзеяў выкрываюць (у зоркі сем прамянёў, а ад грукацення ў барабан у прысутных вянуць вушы). Злодзеі ізноў хапаюць Казу і знікаюць, а каб іх не знайлі па зорках, яны хаваюць зоркі ў мех. Усе гоняцца за імі.

12. З’яўляюцца Шчодрык і Музыка, але даведваюцца, што яны ізноў спазніліся і злодзеі збеглі, прыхапіўшы ўсе зорачкі. Аднак самая галоўная зорка – Калядная – у іх засталася, і яна можа дапамагчы адшукаць дарогу, калі яе магічную сілу абудзіць пры дапамозе музыкі.
(На экране – сімвал каляднай зоркі.)*

13. Аніміраваны (маляваны) аповед аб гулянні на плошчы ля Каляднай елкі. (30–40 сек)
(На экране – выява каляднай елкі, сімвалы каляднай зоркі і Мароза.)*

14. Урачыста з’яўляецца Дзед Мароз і пытаецца, дзе калядоўшчыкі з козачкай, бо без іх свята не адбудзецца. З’яўляюцца Канямура і Анчутка, яны вядуць Казу. Выбягаюць Шчодрык і Музыка. Пачынаецца разбіральніцтва, хто сапраўдныя калядоўшчыкі і чыя гэта козачка. Козачка страчвае прытомнасць, і толькі тыя, хто запаліць елачку і паставіць козачку на ногі, будуць лічыцца сапраўднымі калядоўшчыкамі. У Канямуры і Анчуткі гэта не атрымліваецца, а Шчодрык і Музыка чаруюць пры дапамозе музыкі.

15. Козачка паднімаецца, зорачкі вылятаюць з меха злодзеяў і ляцяць на елачку, елачка запальваецца агеньчыкамі. Злодзеі прызнаюць сваю віну і каюцца. Ім даруюць віну і дазваляюць прыняць удзел у свяце.
- Фінал.
(На экране ўсе калядныя сімвалы і сімвал радзімы.)*

*Сімвалы можна знайсці ў кнізе М.Кацара «Беларускі арнамент»

Паводле a-belanozhka.livejournal.com