Пётр Лысенка – знаны археолаг, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі. Але на гэты раз яго выступ гучаў не ў акадэмічнай залі ці ўніверсітэцкай аўдыторыі. Прафесар выступіў з лекцыяй для звычайных старшакласнікаў Светлагорска.
Вядомы навуковец прыехаў у Светлагорскі раён на пару дзён, для абавязковага агляду пляцовак, якія выдзелены пад нафтавыя свідравіны. Лекцыя не была прадугледжана графікам паездкі. Аднак Пётр Фёдаравіч адгукнуўся на ініцыятыву мясцовай школы № 10 і падрыхтаваў відэапаказ. Дзеля гэтага сабралі вучняў, якія цікавяцца гісторыяй, з розных школ горада.
П.Ф. Лысенка падчас правядзення археалагічнага агляду ў Светлагорскім раёне. Фота: Беларускія рэгіянальныя навіны
Аб чым распавядаў вучоны старшакласнікам? Аб тым, як вынікі раскопак увасабляюць у музейныя экспазіцыі, каб зрабіць даступнымі для разумення ўсімі людзьмі. Мінск, Брэст, Пінск, Мазыр – гэтыя і іншыя гарады даследаваў П. Лысенка, які працуе ў археалогіі з 1961 г. Вынікам яго працы стала, ў прыватнасці, стварэнне «Бярэсця» – буйнейшага ў Еўропе музея-павільёна на месцы раскопак.
П. Лысенка кіруе і раскопкамі ў Тураве (Жыткавіцкі раён Гомельскай вобласці). У выніку там таксама створаны археалагічны музей. Навуковец лічыць, што Тураўскае княства Х – ХІІІ стагоддзяў (у якое ўваходзіла і тэрыторыя сучаснага Светлагорскага раёна) было не толькі ўдзелам Кіеўскай дзяржавы. Яно імкнулася да самастойнасці і, разам з Полацкім княствам, з’яўлялася пачаткам беларускай дзяржаўнасці.
Варта дадаць, што ў апошнія гады ў Светлагорскім і Жлобінскім раёнах Гомельскай вобласці таксама вядуцца розныя археалагічныя даследаванні, у якіх актыўна ўдзельнічаюць мясцовыя дабраавотнікі і навучэнцы.
Тэльман Маслюкоў, Беларускія рэгіянальныя навіны
Доктар навук выступіў для старшакласнікаў
23.12.2011