Кіраўнік харугвы беларускіх скаўтаў: Школа ад нас адсечаная

23.03.2012

Былы старшыня беларускіх скаўтаў Андрэй Аляхновіч расказвае пра забарону руху Мін’юстам і дае парады пачаткоўцам.

Фота: www.skarbieclemkowszczyzny.neostrada.pl

Фота: www.skarbieclemkowszczyzny.neostrada.pl

Еўрарадыё: Роўна 20 год таму было заснаванае Аб'яднанне беларускіх скаўтаў. Чаму Міністэрства юстыцыі закрыла скаўцкую арганізацыю ў 2005 годзе?

Андрэй Аляхновіч: Тады, калі вы памятаеце, была такая хваля. Шмат арганізацый зачыняліся, і ў першую чаргу быў уціск на тыя, што працавалі з моладдзю і з дзецьмі, ды на тыя, што тым ці іншым чынам засвяціліся ў перадвыбарчай кампаніі 2001 года, што праяўлялі сваю грамадзянскую пазіцыю.

Еўрарадыё: Скаўты насілі ўлёткі падчас агітацыйных кампаній?..

Андрэй Аляхновіч: Вядома. Гэта абсалютна дазвалялася і дазваляецца па нашых законах. Не толькі ўлёткі. Скаўты дапамагалі старэйшым распаўсюджваць інфармацыю: тыя ж самыя налепкі. Але законы на паперы напісаныя, а ў жыцці – усё наадварот. Мы працягваем скаўцкае жыццё неафіцыйна.

Еўрарадыё: А ці складана гэта, калі няма рэгістрацыі?

Андрэй Аляхновіч: Вядома ж, складана. Нельга ў школу трапіць, школа ад нас адсечаная. У мяне ў адной школе, дзе я працаваў, было 290 скаўтаў. Была пераемнасць пастаянная. З пятага класу пачынаючы, дзеці прыходзілі, паступалі на першую ступень Ваўчка і ішлі да адзінаццатага класа, да Скаўта “Пагоні” – усё было натуральна, гэта была лесвіца па скаўцкіх прыступках. Гэта было навучанне. Гэта было актыўнае жыццё, навучанне лідарскае, навучанне актыўнаму жыццю. Але гэта ўсё ўжо ў мінулым. Тыя скаўты, якія былі школьнікамі-дзецьмі, не захацелі мірыцца з несправядлівым рашэннем Міністэрства Юстыцыі 2005 года і на ўзроўні асабістых ініцыятыў збіраюцца “элітнікі”, праводзяцца мерапрыемствы, дарослыя ужо скаўты працягваюць жыць у скаўцкім духу. Скаўцкі дух жывы, для іх тое, што было ў дзяцінстве, было блізкае. Таму Аб’яднання беларускіх скаўтаў няма па паперах – так. Але ў душы і ў працы, у ініцыятывах, якія людзі паўтараюць штогод – яны ёсць.

Еўрарадыё: Чаму пасля абвяшчэння Беларуссю незалежнасці скаўтынг не ўвайшоў у школы масава? У суседняй Польшчы гэтая з’ява настолькі масавая, амаль як піянеры ў Савецкім саюзе.

Андрэй Аляхновіч: У Польшчы нават за савецкім часам скаўты-харцэры існавалі. Таму зразумела, што ў Польшчы хуценька адрадзіўся цэлы спектр скаўцкіх рухаў. Там адрадзіўся і каталіцкі скаўтынг, мы ведаем. Пра Польшчу можна шмат казаць. Але ў нас жа не было скаўтынгу з 20-ых гадоў, калі ў Заходняй Беларусі ён быў і польскім харцэрскім, і беларускім. Беларуская харугва была створаная ў Клецку. А потым – зразумела, 70–80 год савецкай улады былі піянеры. Чаму скаўтынг не прыйшоў у школу масава? Ён пачаў свой натуральны працэс прыходу ў школу. Не толькі ў маёй школе такое было: і ў Вілейцы было, і ў Гародні было, і ў Мінску, і ў Рагачове, і ў Бабруйску – цэлыя шэрагі імёнаў людзей можна назваць, якія з гэтым працавалі. Каб гэта адразу было масава – трэба было дзяржаўную праграму пачаць. Але на гэта не хапіла ні часу, ні сродкаў, ні – па вялікім рахунку – людзей таксама. Калі б сітуацыя не змянілася, то працэс ішоў бы і далей. Усё больш і больш маладых настаўнікаў уваходзілі б у скаўтынг: настаўнікаў гісторыі, геаграфіі… Гэты працэс ішоў. Мы ж па школах ездзілі, агітавалі, запрашалі ў летнікі, з’яўляліся новыя пункты – гэты працэс натуральна ішоў. Таму, за год, за два не прыйшоў бы скаўтынг, але праз дваццаць год… Калі б мы з вамі сёння жылі ў той самай краіне, то мы б гаварылі ўжо пра дзесяткі тысяч, як цяпер кажуць, пра піянераў. У той час, калі было можна, мы працавалі абсалютна на канкурэнтнай аснове з піянерамі, і ў нас людзей ад году ў год большала. Пытанне не ў выхаваўчым моманце, а ў змене сітуацыі ў краіне.

Еўрарадыё: Якія парады вы можаце даць пачаткоўцам?

Андрэй Аляхновіч: З чаго пачынаюць ваўчкі – адзінаццацігадовыя дзеці? Яны пачынаюць з трох важных рэчаў: распаліць вогнішча з адной запалкі, навучыцца на вогнішчы зварыць кашу, і трэба – і хлопцам, і дзяўчынкам – навучыца плаваць. Я прывёў вам тры першыя ступенькі. З гэтага мы пачыналі, калі пачыналі працаваць у школе. А яшчэ трэба сказаць, што цяпер праз інтэрнэт можна знайсці інфармацыю пра розныя летнікі, што адбываюцца нягледзячы ні на што. І на летніках ужо ўвачавідкі ўбачыць, паўдзельнічаць у скаўцкім жыцці і адчуць і асалоду, і радасць. Трэба пашукаць сяброў, аднадумцаў праз інтэрнэт. Гэта моцныя, вялікія пачуцці, пра якія кажа прымаўка: “Скаўт аднойчы – скаўт назаўсёды”.

Вольга Міцкевіч, больш гутаркі слухайце ў поўным варыянце на Еўрарадыё