Сяргей Маскевіч: Cёння настаўнікі задаволены сваім заробкам

27.03.2012

За апошнія пяць гадоў у Беларусі было рэструктурызавана або закрыта каля тысячы ўстаноў адукацыі. Ці спыніцца ў бліжэйшы час скарачэнне сеткі навучальных устаноў у сельскай мясцовасці? Якое рашэнне прыняло Міністэрства адукацыі адносна фінансавання ў агульнаадукацыйных школах факультатываў музычна-эстэтычнай накіраванасці? Ці будуць удзельнічаць беларускія школьнікі ў міжнародным тэсціраванні РІSА? Пра ўсё гэта мы гутарым з міністрам адукацыі краіны Сяргеем МАСКЕВІЧАМ:

— Сяргей Аляксандравіч, закрыццё ў вёсках малакамплектных школ заўсёды праходзіць надзвычай хваравіта, прычым як для саміх дзяцей і іх бацькоў, так і для школьных педагогаў. Усё ж такі сельская школа застаецца адукацыйным і культурным цэнтрам жыцця вяскоўцаў. І сам факт яе закрыцця ставіць пад пытанне перспектывы далейшага існавання населенага пункта...

— Працэс рэструктурызацыі сеткі навучальных устаноў заўсёды вымагае прадуманых і ўзважаных рашэнняў і праходзіць пад неаслабнай увагай і кантролем з боку органаў улады. І калі такое рашэнне прымаецца, то яно павінна грунтавацца на вельмі істотных, неабвержных падставах, якія сведчаць пра немэтазгоднасць далейшага існавання малакамплектнай школы. Прычым усе павінны разумець, што школы зачыняюцца не з мэтай эканоміі сродкаў, паколькі ў гэтым выпадку даводзіцца вырашаць адначасова і шэраг іншых праблем: з падвозам дзяцей, з працаўладкаваннем настаўнікаў; вырашаць жыллёвыя праблемы педагогаў, звязаныя з пераездам у іншы населены пункт; закупляць школьныя аўтобусы. Адным словам, эканомія тут даволі сумнеўная... У першую чаргу мы імкнёмся да дасягнення той якасці адукацыі, якую можна атрымаць у добра абсталяванай, сучаснай і мабільнай школе, і дзейнічаем перш за ўсё ў інтарэсах вучняў.

Сёння ў краіне функцыянуе 667 сельскіх школ, агульная колькасць навучэнцаў у якіх складае менш як 50 чалавек. Выходзіць, што ў сярэднім у класе навучаюцца па 3–5 вучняў. І мы будзем імкнуцца да таго, каб ужо ў наступным навучальным годзе перавесці ўсіх старшакласнікаў са школ, дзе ў 10—11-х класах навучаюцца 5 і менш дзяцей, у іншыя, больш буйныя навучальныя ўстановы. Для таго, каб выхаванцы сельскіх школ былі канкурэнтаздольнымі, навучальны працэс ва ўстановах адукацыі павінен быць арганізаваны максімальна эфектыўна. Унутры школьнага калектыву павінны прысутнічаць адначасова і канкурэнцыя, і ўзаемадзеянне. «На вышыні" павінен быць і педагагічны калектыў. Галоўнае, каб умовы для навучання і развіцця дзяцей былі значна лепшыя, чым у закрытай школе.

А ўвогуле ў нас каля 1,5 тысячы школ сёння налічваюць менш як 100 вучняў. І калі ўважліва паглядзець на дэмаграфічную сітуацыю ў сельскай мясцовасці, то няцяжка прыйсці да высновы, што на працягу пяці—дзесяці бліжэйшых гадоў і па гэтых школах нам таксама давядзецца прымаць нейкія рашэнні.

— А як вы ставіцеся да фінансавання адукацыі з разліку на кожнага вучня? Магчыма, ёсць сэнс прыгледзецца да эксперымента, які праходзіць у Расіі?

— Сапраўды, у Расіі праводзяць эксперымент, і грошы ў выглядзе ваўчара прывязваюцца да канкрэтнага дзіцяці. Фінансаванне такім чынам ідзе следам за вучнем, прымушаючы педагогаў змагацца за кожнае дзіця. З іншага боку, узрастае і роля педагога, паколькі дзіця ідзе ў школу, дзіцячы садок ці гурток не проста так, а за канкрэтным педагогам. Прыйшоў вучань займацца ў гурток — ёсць грошы, не прыйшоў — грошай ва ўстановы не будзе. Таксама і са школамі.

А ў нас у цэнтрах дадатковай адукацыі ў гурток ці секцыю могуць прыходзіць нярэдка ўсяго некалькі вучняў. Ці ж гэта правільна? Сёння бюджэтныя рэсурсы на адукацыйную дзейнасць выдзяляюцца пад канкрэтную ўстанову, якая арганізуе працу гурткоў і студый. Вынікі працы педагогаў, задаволенасць вучняў пры гэтым слаба ўплываюць на заробак і педагогаў, і дырэктара.

Напэўна, і нам трэба думаць, як аптымізаваць сістэму фінансавага менеджменту, каб была здаровая канкурэнцыя, каб педагогі, якія таго заслугоўваюць, атрымлівалі больш высокія заробкі. Але гэтую сістэму трэба ўкараняць з вялікай асцярожнасцю, бо разважаць лягчэй, чым дзейнічаць на практыцы. Натуральна, што ў вялікім горадзе ў вучняў заўсёды было больш магчымасцяў для задавальнення ўласных адукацыйных патрэб, для выбару навучальнай установы і педагога. А як быць з укараненнем такога механізму ў сельскай мясцовасці? Але мы ўсё ж такі плануем эксперымент па фінансаванні з разліку на кожнага вучня ў Мінску. Дамоўленасць у нас ужо ёсць.

— Закрыццё школ у сельскай мясцовасці, як вы самі заўважылі, цягне за сабой неабходнасць арганізацыі падвозу дзяцей. Абавязак па суправаджэнні школьнікаў пры гэтым ускладаецца на дзяжурнага настаўніка, які нясе адказнасць за бяспеку жыцця і здароўе дзяцей па дарозе з дома ў школу. У той жа час пытанні нарміравання і аплаты працы педагагічных работнікаў, якія адказваюць за падвоз дзяцей, па сённяшні дзень не ўрэгуляваныя...

— Я абсалютна ўпэўнены, што суправаджэннем дзяцей павінен займацца асобны педагог, які будзе раніцай збіраць усіх дзяцей, а затым развозіць іх па дамах, а не проста дзяжурны настаўнік. У гэтага педагога павінны быць канкрэтныя абавязкі, прапісаныя ў адпаведным дакуменце, і яго работа павінна аплачвацца. І мы не зможам абысці гэтае пытанне, асабліва з улікам далейшай рэструктурызацыі і скарачэння сеткі навучальных устаноў. Насамрэч гэта не адзіная праблема з арганізацыяй падвозу дзяцей. Сёння школьныя аўтобусы знаходзяцца ў падпарадкаванні кіраўнікоў школ, і тыя вымушаны займацца зусім неўласцівымі для педагогаў функцыямі: адсочваць тэхнічную спраўнасць транспартных сродкаў, клапаціцца пра тое, як забяспечыць перадрэйсавы медагляд кіроўцы. Улічваючы адсутнасць у арганізацыях сістэмы адукацыі неабходных для забеспячэння падвозу навучэнцаў умоў, уласцівых спецыялізаваным аўтамабільным прадпрыемствам, трэба распрацоўваць нарматыўны прававы акт, які б урэгуляваў гэтыя пытанні.

— А як вы ставіцеся да прапановы стварыць адзіны дакумент, які будзе рэгламентаваць дзейнасць класных кіраўнікоў? Сёння пералік іх абавязкаў нічым не абмежаваны, а аплата працы — выключна сімвалічная. Работа класных кіраўнікоў павінна годна ацэньвацца, а не разглядацца проста як «даважак» да гадзін, якія вядзе настаўнік...

— Класны кіраўнік з’яўляецца ключавой фігурай у выхаваўчым працэсе. На ім ляжыць вядзенне разнастайнай школьнай дакументацыі, класны кіраўнік арганізуе экскурсіі, турпаходы, наведванні музеяў, тэатраў, фізкультурна-масавыя мерапрыемствы, праводзіць бацькоўскія сходы, робіць шмат іншай работы. Сёння ў беларускіх школах функцыі класных кіраўнікоў выконваюць 65 тысяч педагогаў. Але па прычыне вялікай нагрузкі, якая нічым да таго ж не рэгламентуецца, настаўнікі не імкнуцца быць класнымі кіраўнікамі. Мы рабілі захады па вырашэнні гэтага пытання яшчэ да пачатку навучальнага года. Ды і на жнівеньскай нарадзе з удзелам Прэзідэнта краіны таксама ішла размова пра гэта. Аднак пакуль што не знайшлі лагічнага рашэння. У красавіку павінен адбыцца сход педагагічнай грамадскасці. Спадзяёмся, што там, нарэшце, будуць агучаны канкрэтныя прапановы наконт гэтай праблемы і мы зможам прыйсці да нейкага лагічнага рашэння.

— Сяргей Аляксандравіч, падчас апошняй нашай сустрэчы вы казалі, што патрабуюцца новыя крытэрыі, паказчыкі, канкрэтныя вымяральнікі эфектыўнасці дзейнасці навучальных устаноў і работы кожнага канкрэтнага педагога. Ці існуюць ужо нейкія арыенціры, на якія трэба нацэльваць педагагічны калектыў?

— Спецыялісты Міністэрства адукацыі падрыхтавалі праект крытэрыяў для ўсіх узроўняў асноўнай, дадатковай і спецыяльнай адукацыі. Спадзяёмся, што гэтыя крытэрыі будуць не толькі адлюстроўваць сённяшнія патрабаванні грамадства да навучальных устаноў, але і стымуляваць развіццё ўстаноў адукацыі. Распрацаваныя крытэрыі ўключаюць як ацэнку дзейнасці ўстановы адукацыі спажыўцамі адукацыйных паслуг, так і звесткі статыстычнай справаздачнасці. Праект паказчыкаў ацэнкі дзейнасці ўстаноў адукацыі ўжо накіраваны ў рэгіёны для абмеркавання...

— Адным з самых аўтарытэтных даследаванняў якасці адукацыі ў свеце з’яўляецца тэсціраванне РІSА, скіраванае не на вызначэнне пэўнага ўзроўню засваення школьных праграм, а на ацэнку здольнасці навучэнцаў прымяняць атрыманыя ў школе веды і ўменні ў канкрэтных жыццёвых сітуацыях. У многіх краінах свету за вынікамі тэстаў РІSА сочаць з не меншым азартам, чым за вынікамі Алімпіяды. І калі краіна аказваецца вельмі далёка ад сусветных лідараў, гэта разглядаецца як сігнал, што ў сістэме адукацыі трэба тэрмінова штосьці змяняць: пераглядаць патрабаванні да адукацыйных стандартаў, уносіць карэктывы ў вучэбныя праграмы і планы, мяняць падыходы да выкладання вучэбных дысцыплін, укараняць сучасныя навучальныя тэхналогіі і гэтак далей. Мне здаецца, было б цікава і нашай краіне прыняць удзел у такіх міжнародных даследаваннях, каб убачыць, на якім свеце мы знаходзімся...

— Я асабіста лічу, што нам неабходна ўдзельнічаць у праграме РІSА, але далучэнне да міжнароднага тэсціравання звязана з сур’ёзнымі фінансавымі выдаткамі: гэта і немалы ўступны ўзнос, і неабходнасць стварэння асобнай структуры, якая будзе ажыццяўляць гэту дзейнасць са штатам нават большым, чым штат Дэпартамента кантролю ведаў. Будзем раіцца з нашымі расійскімі калегамі і планаваць далучэнне да міжнароднай праграмы. Аднак не выключана, што ў рамках сённяшніх інтэграцыйных працэсаў на еўразійскай прасторы мы створым уласную, больш прывабную для нас і нашых суседзяў сістэму, і прапануем яе іншым краінам.

— Жыццё паказвае, што месца настаўніка сёння можа заняць амаль што кожны, але быць сапраўдным настаўнікам здольныя далёка не ўсе. Скажыце, чаму да гэтага часу ў Правілы прыёму ў ВНУ не дадалі пункт аб прафесійна-псіхалагічнай гутарцы з будучымі настаўнікамі? І наколькі правільна з маральнага пункту гледжання захоўваць на педагагічных спецыяльнасцях платную форму навучання?

— Безумоўна, нас хвалюе якасны адбор прэтэндэнтаў на навучанне на педагагічных спецыяльнасцях. Але я лічу, што галоўнае зараз — не ўвесці нейкі дадатковы бар’ер на ўваходзе ў педагагічныя ВНУ, а затрымаць настаўніка ў школе, бо ў гэтым выпадку нам не трэба будзе рыхтаваць і выпускаць кожны год столькі новых педагогаў. Магчыма, пры прыёме на педагагічныя спецыяльнасці трэба кіравацца прынцыпам «лепш менш, ды лепш». Не трэба запаўняць бюджэтныя месцы тымі, хто не здолеў прайсці па конкурсе ў іншыя ВНУ. Не ўпэўнены, што выплата павышанай стыпендыі і гарантаванае месца ў студэнцкім інтэрнаце прыцягнуць на педагагічныя спецыяльнасці сапраўды матываваных маладых людзей. Настаўнік — гэта не проста прадметнік, недастаткова проста дасканала ведаць свой прадмет. Без любові да дзяцей, без жадання знайсці падыход да кожнага дзіцяці ў школе ўвогуле няма чаго рабіць. Але нярэдка нават у тых, хто марыць аб настаўніцкай прафесіі, рамантыка знікае пры сутыкненні з рэчаіснасцю. Вось гэтага мы дапусціць не маем права. Наша задача — стварыць для настаўніка такія ўмовы, каб ён быў зацікаўлены працаваць якасна і каб за якасную працу ён быў заахвочаны матэрыяльна. Дарэчы, сёння настаўнікі задаволены сваім заробкам, таму мы ставім пытанне аб павышэнні выніковасці іх працы.

Мне здаецца, што калі мы выдаём накіраванне на працу, то за гэта накіраванне павінна быць канкурэнцыя паміж выпускнікамі, а загадчык аддзела адукацыі мог бы выбіраць для сябе лепшых. А пакуль што ў нас сітуацыя зусім іншая. Кагосьці трэба накіраваць, але ахвотных знайсці праблематычна. А той факт, што знаходзяцца маладыя людзі, гатовыя плаціць за атрыманне педагагічнай адукацыі, я лічу лепшай агітацыяй за настаўніцкую прафесію. Спадзяюся, што мы прыйдзем абавязкова да таго, што наймальнік зможа выбіраць паміж студэнтамі-»платнікамі" і «бюджэтнікамі". І калі выбар будзе зроблены на карысць выпускніка платнай формы навучання, яму будуць вернуты грошы, выдаткаваныя на навучанне. Але той будзе падпісваць кантракт і працаваць на свайго наймальніка пэўную колькасць гадоў...

— Сяргей Аляксандравіч, многіх бацькоў хвалюе пагроза знікнення ў новым навучальным годзе са школ музычна-эстэтычнага кірунку, паколькі платнае навучанне многім сем’ям будзе не па кішэні...

— Самае галоўнае, што нам зараз трэба зрабіць, — гэта ажыццявіць карэкціроўку СанПіН і вывесці гадзіны фізічнай культуры, музыкі з разраду нармаваных гадзін, якія ўваходзяць у агульную тыднёвую нагрузку на вучня, у разрад дадатковых, якія не ўплываюць на вучэбную нагрузку. Такім чынам заняткі па інтарэсах будуць выведзены за сетку. А пытанне фінансавання гэтых факультатыўных заняткаў і гурткоў амаль усюды вырашана за кошт абласнога і раённага фінансавання. Не трэба таксама адкідваць магчымасць устанаўлення частковай бацькоўскай аплаты за такія дадатковыя заняткі, гурткі і студыі. Тым больш што заняткі па інтарэсах носяць пераважна агульнаразвіццёвы характар, і далей працягвае навучацца па музычна-эстэтычным профілі вельмі нязначная колькасць школьнікаў.

Гутарку вяла
Надзея Нікалаева, Звязда